Докшыцы з вышыні птушынага палёту.

Докшыцы з вышыні птушынага палёту.

Першы дзень сьвята калі ў Докшыцах адчынілі новую аўтастанцыю ды канцэртную залю, а ў суседнім Парфенаве старшыня аблвыканкаму Андрэйчанка запаліў газ, трымалася дажджлівае надвор’е.

Да дня горада нарэшце адчынілі канцэртную залю, абсталяваную ў будынку былога кінатэатра «Іскра». Калісь на ім вісеў агромністы плякат «Слава КПСС», а зараз, пасьля звышмаруднай чатырохгадовай рэканструкцыі ён ператварыўся ў прыгожы будынак, фае якога аздабляе вялікі фотаздымак Докшыцаў з вышыні птушынага палёту.

Сёлета, апрача кінатэатра і аўтастанцыі, у Докшыцах дабудавалі новы жылы дом, адрамантавалі дарогі і тратуары на некаторых гарадзкіх вуліцах. Але, нягледзячы на вонкавыя зьмены, у сьвядомасьці людзей мала што зьмянілася: як жлукціла моладзь гарэлку і піва на дыскатэках, так і працягвае жлукціць. Вось і адкрыцьцё новай дыскатэчнай залі ў тым жа былым кінатэатры п’яная моладзь «адзначыла» бойкай, у якой, па чутках, удзельнічалі 16 чалавек. У ход ішлі нават палкі, і тое прымусіла ўмяшацца міліцыянтаў, якія затрымалі некалькі чалавек.

У гэтыя дні ў Докшыцах зьявілася некалькі надпісаў «Жыве Беларусь!», адзін зь якіх быў зроблены чорнай фарбай на дзьвярох школы. А падчас саміх сьвяткаваньняў на даху аднаго з прыватных дамоў горада залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг, безумоўна, прысутнічаў на прымеркаваных да Дня горада спартыўных спаборніцтвах, павешаны дагары нагамі юнымі бээрсээмаўцамі. Іх «традыцыю» прадоўжылі падчас парляманцкіх выбараў у суседнім аграгарадку Таргуны, дзе сьцяг таксама вісеў зялёнай паласой уверх.

Шкада, што для шараговых гараджанаў дзень горада — гэта не нагода прыпомніць багатую гісторыю горада і дзеі нашых продкаў, а проста нагода да «гулянкі», дзе гарэлка льецца ракой. Чаму ўлады не забаранілі прадаваць алькаголь у гэтыя дні? Калі сьвяткаваць дзень горада, дык трэба ня толькі весяліць народ, але й нагадаць яму сваю гісторыю. Але ў зваротах чыноўнікаў да гараджанаў гучала пераважна самахвальства посьпехамі «сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця раёна».

І ўсё ж, нягледзячы на ўсё гэта, асабіста ў мяне ўражаньне ад сьвята засталося добрае. Бо да кожнага сьвята горад становіцца ўсё прыгажэйшым, гэта зазначаюць усе прыежджыя. Бо, адзначыўшы летась 600-годзьдзе Докшыц, гэтую традыцыю не закінулі, а падтрымліваюць, нагадваючы людзям, што дадаўся яшчэ адзін год у слаўнай гісторыі нашага горада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?