Міністэрства юстыцыі праводзіць актыўную работу па спрашчэнню працэдур, звязаных з дзяржаўнай рэгістрацыяй грамадскіх аб’яднанняў.

Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Мінюсце.

З лютага 2009 года Міністэрства юстыцыі пры прыняцці рашэнняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі новых грамадскіх аб’яднанняў, іх саюзаў (асацыяцый) і фондаў адначасова ажыццяўляе пастаноўку іх на ўлік у падатковых органах, органах дзяржаўнай статыстыкі, Фонду сацыяльнай абароны Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама рэгістрацыю ў Беларускім рэспубліканскім унітарным страхавым прадпрыемстве «Белдзяржстрах».

Такім чынам прадстаўнікам міжнародных і рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў ужо няма неабходнасці пасля дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання самастойна звяртацца ў пералічаныя органы і арганізацыі. Дакументы, якія пацвярджаюць пастаноўку аб’яднання на ўлік у названых органах і арганізацыях, у максімальна кароткія тэрміны пасля дзяржаўнай рэгістрацыі выдаюцца непасрэдна ў Міністэрстве юстыцыі.

У адпаведнасці з названым парадкам такія працэдуры ўжо ажыццёўлены адносна зарэгістраваных Міністэрствам юстыцыі Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Ліга творчай моладзі», Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Асацыяцыя выпускнікоў Інстытута дзяржаўнай службы» і Сацыяльна‑экалагічнага грамадскага аб’яднання «Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў».

У бліжэйшы час аналагічная практыка будзе ўкаранёна і пры рэгістрацыі мясцовых грамадскіх аб’яднанняў галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0