За апошнія трое сутак на тэрыторыі Беларусі назіралася няўстойлівае надвор'е, паўсюдна прайшлі дажджы, ва ўсходніх і цэнтральных раёнах краіны — моцныя.

Як паведамляе Рэспубліканскі гідраметэацэнтр, найбольшая колькасць ападкаў за гэты час выпала:

у Чачэрску — 48 мм, або 48 літраў вады на квадратны метр тэрыторыі (58% ад месячнай нормы), Гомелі — 45 мм (57%), Васілевічах — 43 мм (54%), Мінску — 40 мм (49%).

На большай частцы тэрыторыі адзначаліся навальніцы, днём 12 чэрвеня і ў ноч на 13 чэрвеня пры навальніцах па ўсходзе краіны ў асобных раёнах парывы ветру дасягалі 15 м/с (Чачэрск — 30 м/с, Гомель, Орша — 25 м/с), дзе-нідзе выпадаў град (у Гомелі днём 12 чэрвеня адзначаўся ўмераны град з дыяметрам градзін 17 мм).

У ранішнія часы месцамі ўзнікаў туман. Максімальная тэмпература паветра была плюс 14—19°С, толькі 12 чэрвеня па ўсходняй палове краіны паветра прагравалася да плюс 20—28°С (плюс 27,5°С — у Касцюковічах).

Мінімальная тэмпература ўначы знаходзілася ў межах ад плюс 5°С да плюс 12°С, у ноч на 13 чэрвеня па ўсходзе краіны плюс 13—16°С.

Паводле звестак Рэспубліканскага гідраметэацэнтра, сярэднясутачная тэмпература паветра 14 чэрвеня аказалася на 3—5°С ніжэйшай за кліматычную норму.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?