За студзень—ліпень 2009 года паступленні даходаў у кансалідаваны бюджэт Мінскай вобласці скараціліся на 42,2%.

Прэс‑цэнтр інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінскай вобласці паведамляе, што ў згаданы перыяд у бюджэт і бюджэтныя фонды рэгіёна паступіў 1 трлн. 802,3 млрд. рублёў, ці 96,8% да планавых назначэнняў. Тэмп росту даходаў кансалідаванага бюджэту вобласці склаў 57,8% да ўзроўню студзеня—ліпеня 2008 года ў супастаўных цэнах.

Пры гэтым ад прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці ў бюджэт паступіла 872,1 млрд. рублёў, ці 48,4% у агульнай суме даходаў. За гэтай лічбай у асноўным стаяць буйныя прамысловыя прадпрыемствы вобласці. Сёлета паступленні ад арганізацый дзяржаўнай формы ўласнасці знізіліся ў 2,4 разу ў супастаўных цэнах. Плацельшчыкі недзяржаўнага сектара забяспечылі плацяжы ў суме 926,4 млрд. рублёў, ці 51,4% у даходах бюджэту. Ад фізічных асоб — плацельшчыкаў маёмасных падаткаў паступіла 3,7 млрд. рублёў.

Сёлета праглядаецца станоўчая дынаміка па напаўненні бюджэту плацяжамі ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва. За сем месяцаў гэтага года імі выплачана 386,2 млрд. рублёў падатковых плацяжоў, што на 8,7% больш, чым летась.

Па стане на 1 жніўня 2009 года плацельшчыкамі вобласці дапушчана запазычанасць па падатковых плацяжах у бюджэт у суме 10,8 млрд. рублёў.

Асноўнымі даўжнікамі бюджэту з’яўляюцца

РУП «Маладзечанскі радыёзавод «Спадарожнік» — 1.926,1 млн. рублёў, ААТ «Слуцкі піваварны завод» — 1.917,6 млн. рублёў, КВУП «Копыльскі ЗЖБВ» — 812,2 млн. рублёў, СААТ «Красненскі кансервавы завод» — 679,7 млн. рублёў, ААТ «Барысаўскае прадпрыемства музычных інструментаў» — 508,9 млн. рублёў.

Для забеспячэння своечасовага паступлення падатковых абавязацельстваў у бюджэт інспекцыі МПЗ вобласці прымяняюць меры прымусовага спагнання плацяжоў. Так, за студзень—ліпень 2009 года прад’яўлена да спагнання запазычанасць на агульную суму 231,4 млрд. рублёў, спагнана было 113,5 млрд. рублёў. Доля прымусовага спагнання ў агульнай суме паступленняў склала 6,3%.

Падатковымі органамі вобласці ў студзені—ліпені 2009 года праведзена 5.465 праверак суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці па пытаннях захавання заканадаўства. Паводле вынікаў праведзеных праверак дадаткова прад’яўлена да аплаты 17 млрд. рублёў падаткаў, пені і адміністратыўных штрафаў; спагнана 8,5 млрд. рублёў, што склала 0,5% у даходах бюджэту.

Праверкі абгрунтаванасці заліку (звароту) падатку на дададзены кошт прадухілілі незаконнае вяртанне з бюджэту 7 млрд. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?