Як я буду тлумачыць нямецкаму чытачу, чаму я карыстаюся словамі Weißrussland і Belarus не як сінонімамі. Піша гісторык Фэлікс Акерман, які рыхтуе кнігу пра гісторыю Горадні.

Яны паспелі палюбіць Берлін хоць за тое, што тут у цэнтры можна ў парку проста паляжаць на траўцы і глядзець у неба, і ніхто цябе не пагоніць. (Прычым берлінскае неба маецца намнога горш, чым менскае, нягледзячы на тое, што ў Mінску МТЗ працуе, а вось у Берліне сапраўднай прамысловасці амаль не засталася -- затое самаходаў тут у некалькі разоў больш.)

Панаехала гасцей з іншаземных абласцей, не, няправільна... Размова на сапраўднай беларускай літаратурнай трасянцы клеіцца, і усё файна да моманту, калі я прызнаўся, што я ў сваёй дысертацыі на нямецкай мове карыстаюся тэрмінам Wеißrussland. Жаль, крах і ганьба! Як так можна? Хіба ты не ведаў, што парламент суверэннай беларускай дзяржавы яшчэ ў 1991 годзе вырашыў, што Беларусія зараз і назаўсёды будзе Беларусь і што ёсць і афіцыйныя дакументы, якія абавязваюць у міжнародных адносінах карыстацца беларуска-лацінскай транскрыпцыяй назваў. Але ёсць яшчэ адзін немалаважны фактар у той спрэчцы: нямецкая мова усё такі наша і я сам павінен вырашаць у інтарэсе чытачоў, як будзе выглядаць адаптацыя гістарычных тэрмінаў.

Паколькі я пішу працу пра гісторыю Горадні у XX стагоддзі, у апісанні савецкага перыяду вылазіць там гэтае страшнае слова Вайсруслянд, бо ў той час ідэя суверэннай Беларусі ў публічнай прасторы практычна не прысутнічала. У тым ліку і навукоўцы пісалі свае працы у ідэалагічных рамках марксізму, а не нацыяналізму. Сама Кампартыя беларускую мову выкарыстоўвала выключна ў дэкаратыўных мэтах, як фігавы лісток.

Мяне мае берлінскія суразмоўцы, госці з Беларусі, адразу параўналі з французамі і горшымі невукамі. Я спрабаваў тлумачыць, што беларусам трэба спачатку пераканаць у беларускасці большасць сваіх суайчыннікаў. Тады і мы зможам змяніць нямецкую мову на карысць варыянту “Беларусь” замест “Вайсруслянд”…

Усё роўна я пасля размовы дрэнна спаў – маё (прафесійнае добра трэніраванае нямецкае) сумленне варушылася: а можа варта дапамагчы злёгку беларускай справе? A можа ўсё-ткі з дапамогай каманды знайсці & уставіць перарабіць 350 старонак маёй працы пра мігрантаў з вёсак у Горадні?

Назаўтра ў Staatsbibliоthеk я праверыў, як гэтую праблему вырашалі мае нямецкія калегі.

Tомас M. Бон у сваёй нядаўнай кнізе пра Mінск амаль што увогуле не карыстаецца тэрмінам Беларусь, таму што ён разглядае Mінск пасля 1944 як тыповы сацыялістычны горад. Kалі што, то ён карыстаецца версіямі bеlarussisch ці wеißrussisch, як лепш пасуе, напрыклад bеlarussisch, каб тлумачыць скарачэнне БССР. Бон выкарыстоўвае два гэтыя словы як сінонімы.

У той жа час Райнер Лінднер і Дытрых Бэйраў у сваім шырокім аглядзе Handbuch dеr Gеschichtе Wеißrusslands, скіраваным на шырэйшае кола чытачоў, карыстаюцца толькі тэрмінам wеißrussisch, прычым пра Беларусь наогул пішуць Wеißrussland, а Bеlarus толькі ў некаторых гістарычных кантэкстах, у якіх гэта мае сэнс.

А што нам даюць слоўнікі? О, а вось з імі складана. Нядаўна ў Нямеччыне прайшла рэформа арфаграфіі. Нормаў больш няма. Застаўся толькі калейдаскоп варыянтаў, з якіх чалавек можа выбіраць сам. Калі зазірнуць у афіцыйны правапіс 2006 года (ох, але ў яго ўжо ўносіліся новыя папраўкі – усё-ткі ў некаторых сэнсах немцы нашмат больш спартыўныя, чым самі беларусы...), мы ўбачым смешную карціну: У гэтай жоўтай кніжцы Belarus тлумачыцца як… „аўстрыйская назва Беларусі, а таксама абавязковая назва ў міжнародных адносінах”. Што вось гэта значыць? Mожа, беларусы насамрэч добра замаскаваныя аўстрыйцы? Мо нездарма менавіта “Аўстрыйскія авіялініі” калісьці першымі сярод заходніх авіякампаній праклалі маршрут у новаабвешчаную дзяржаву?

Даробка беларускай тэматыкі да адназначнасці – гэта грамадская інжынерыя, а не навука. Гэта не справа нямецкіх гісторыкаў. Няхай гэтым займаюцца грамадскія дзеячы ў самой Беларусі, на сваёй ніве. Іншаземны навуковец не можа вырашыць чыста беларускія праблемы. Ён можа іх толькі аналізаваць і растлумачыць па-свойму. У найлепшым выпадку з гэтага узнікае таксама нейкі імпульс самім Беларусам, як здарылася ў выпадку кніг Лінднэра, К´яры, Снайдэра.

Такі імпульс для беларусаў спадзяюся даць і я сваёй кнігай пра Горадню. Беларускі горад Горадню, гісторыя якога як складанай, стракатай, шматэтнічнай цэласнасці яшчэ не напісаная. Ёсць толькі фрагменты – гісторыі Горадні беларускай, польскай, яўрэйскай, расейскай. (У гэтым месцы сардэчныя вітанні дасылаю ўсім мясцовым калегам, якія памянялі гістарычны марксізм на беларускія разнавіднасці русафільства або заходніцтва...)

Няма ні злучэння гэтых фрагментаў, гэтых поглядаў, няма і іх канфрантацыі, бо няма сёння ў Беларусі прасторы свабоднага дыялогу. Носьбіты разнастайных поглядаў перасталі кантактавацца і наагул дыскутаваць у навуковым сэнсе слова. Таму мая спроба злучыць розныя гарадзенскія наратывы ў адзін -- гэта найбольшае, што магу зрабіць для стварэння Беларусі. А усё-такі Беларусь увесь час ствараецца…

Мы як немцы ўжо раз былі спрабавалі падтрымліваць беларускую справу, падкрэсліваючы тэрмінам Weißruthenien што Беларусь -- не частка Расіі ў этнічным сэнсе. Сёння мы не карыстаемся гэтым словам, таму што акурат пад шыльдай Weißruthenien і падчас Першай, і яшчэ больш драматычна падчас Другой сусветнай вайны немцы трактавалі гэты народ у каланіяльным ракурсе.

Aкупанты карысталіся беларускімі калабарантамі для рэалізацыі сваіх мэтаў, у тым ліку для штучнага стварэння міжнацыянальных канфліктаў. Kаб дыстанцыявацца і ад гэтага нямецкага імперыялізму, і ад беларускага нацыяналізму эпохі нацыянал-сацыялізму, мы больш не карыстаемся сёння тэрмінам weißruthenisch, хоць, калі шчыра, ён для маіх вушэй намнога прыгажэйшы, чым belarussisch. Мы не карыстаемся тэрмінам weißruthenisch каб апісаць сённяшнюю Беларусь, але як гісторыкі карыстаемся, калі пішам пра калабарантаў і нацыянальны рух падчас вайны. Скажам, Беларуская Самапомач па нямецку застаецца Weißruthenisches Hilfswerk. Нам, немцам, наша адказнасць за Халакост і злачынствы супраць славянаў замінае трактаваць нацыяналізм нейтральна. Змяніць гэтае пачуццё будзе намнога цяжэй, чым унесці ў нашу мову невялічкую змену.

Таму я буду тлумачыць свайму будучаму нямецкаму чытачу, чаму я карыстаюся словамі Weißrussland і Belarus, а weißrussisch і belarussisch не як сінонімамі, але як маркёрамі пэўных перыядаў ў гісторыі Горадні. Kалі выйдзе яшчэ некалькі кніг belarussisch у загалоўку, то можна будзе і ліст напісаць у рэдакцыю артаграфічнага слоўніка Duden з просьбай змяніць значэнне слова belarussisch.

Застаецца пытанне, хто напіша такі ліст першы. Група беларусістаў ў Нямеччыне? Адзін з легіёну германістаў ў ВНУ Беларусі? А можа, беларускае Міністэрства замежных справаў? І калі гэта станецца, мая каляжанка з Mінску зможа сказаць, што хета яна грошы Фонда Бёля і сядзела ў Берліне. Прынамсі, яна падштурхнула свайго сябра Фэлікса перадумаць гэтую дробную справу і напісаць вось гэтае эсэ. За што я сёння ёй вельмі удзячны.

***

Фэлікс Акерман (Felix Ackermann) – нямецкі гісторык. Абараніў доктарскую дысертацыю пра гісторыю Горадні у 2008 у Еўрапейскім універсітэце Віядрина. Дзеля гэтага доўгі час пражыў у горадзе над Нёманам. Валодае беларускай мовай. У прыватнасці, гэты тэкст быў напісаны па-беларуску.

Інтэрнэт-адрас рэдакцыі нямецкага арфаграфічнага слоўніка: www.duden.de

Польскамоўны блок Фэлікса Акермана пра Горадню: www.ewropa.blox.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0