Скупшчына (парламент Сербіі) прыняла рэзалюцыю, якая асуджае забойства мусульман баснійскімі сербамі ў горадзе Срэбраніца ў ліпені 1995 года падчас баснійскай вайны.

Праект вынесла на абмеркаванне фракцыя «За еўрапейскую Сербію». Дакумент змяшчае прабачэнні за тое, што Сербія не распачала дзеянняў, неабходных для прадухілення трагедыі. У ім жорстка асуджаецца злачынства ў Срэбраніцы, выказваецца шчырае спачуванне сваякам ахвяраў і ўтрымліваецца абяцанне знайсці і перадаць суду тых, хто нясе адказнасць за забойствы.

Па словах лідэра фракцыі Надзі Калунджы,

прыняцце рэзалюцыі «здыме з будучых пакаленняў сербаў цяжар, які ўсклалі на нас некаторыя асобы, прадэманструе гатоўнасць Сербіі да разрыву з мінулым і нармалізацыі стасункаў з суседзямі, аблегчыць ёй шлях у адзіную Еўропу».

Пасля захопу мусульманскага анклава на тэрыторыі самаабвешчанай Рэспублікі Сербскай атрадамі Радавана Караджыча і Раткі Младзіча, звыш сямі тысяч мужчын, у тым ліку падлеткаў, што не дасягнулі 18 гадоў, былі вывезены на грузавіках ў невядомым кірунку. Пасля высветлілася, што іх расстралялі, а целы таемна пахавалі ў безыменных брацкіх магілах.

Разня ў Срэбраніцы, якая стала самым буйным злачынствам супраць чалавечнасці ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны, выклікала вялікае абурэнне сусветнай супольнасці і прывяла да ўмяшанне НАТА і падпісання Дэйтанскіх пагадненняў.

Узброеныя атрады баснійскіх сербаў на чале з Радаванам Караджычам і Ратка Младзічам, наўпрост не падпарадкоўваліся тагачасным уладам Бялграда, але карысталіся іх падтрымкай. Караджыч у цяперашні час знаходзіцца пад следствам у Гаазе, а месцазнаходжанне Младзіча да гэтага часу невядомае.

Прыняццем рэзалюцыі засталася незадаволеная апазіцыя, у першую чаргу нацыяналістычныя партыі. На думку лідэра фракцыі «Дэмакратычнай партыі Сербіі» Мілаша Алігрудзіча,

«прыняць гэтую дэкларацыю – значыць вымазаць Сербію брудам». «Мы асуджаем злачынства ў Срэбраніцы, але злачынствы ў іншых частках былой Югаславіі былі ня меншымі» -- заявіў кіраўнік фракцыі партыі «Новая Сербія» Велімір Іліч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?