У рамках праграм саюзнай дзяржавы навукоўцы развіваюць касмічныя тэхналогіі і нават дояць трансгенных мышэй.
У межах саюзнай дзяржавы развіваюцца сумесныя навуковыя праекты, засяроджаныя на вывучэнні космасу, нанатэхналогій ды мікрабіялогіі. Пераважная большасць бягучых навукова-тэхнічных праграмаў саюзнай дзяржавы разлічаныя да 2015 года.
24 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальнай акадэміі навук навукоўцы паведамілі аб прыярытэтных накірунках навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў высокатэхналагічных сферах.
Акадэмія навук выступае замоўцам-каардынатарам міждзяржаўнай праграмы Еўразійскай эканамічнай супольнасці «Інавацыйныя біятэхналогіі» на 2011–2015 гады. Асноўная ўвага будзе сканцэнтраваная на атрыманні прафілактычных і дыягнастычных прэпаратаў, выпрабаванні новых лекаў.
Ініцыятарам праграмы ЕўраАзЭС вядучы прэс-канферэнцыі назваў дырэктара Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Эмілію Каламіец. Аднак Эмілія Іванаўна сціпла адмовілася, спасылаючыся на ініцыятыву беларускага прэзідэнта ў гэтым пытанні.
«Расія яшчэ магла б абысціся без Беларусі, а нам складаней абысціся без Расіі», — пракаментавала сумесныя праекты Эмілія Каламіец.
У ЕўрАзЭС удзельнічаюць таксама Таджыкістан ды Казахстан, плануецца далучэнне Кыргызстана. У праграме пастаўлена мэта атрымання новых біялягічных прэпаратаў медыцынскага і сельскагаспадарчага прызначэння.
Сярод значных вынікаў рэалізацыі мінулых праграмаў беларускія навукоўцы адзначаюць свае дасягненні ў грыд-тэхналогіях, што ўжываюцца для мадэлявання і апрацоўкі дадзеных у Вялікім адронным калайдары.Упершыню ў свеце распрацаваныя камплекты праграмнага забеспячэння прамежкавага ўзроўню UNICORE, сістэмы аналізу, статыстыкі і ўліку рэсурсаў. Гэта сталася асноваю для стварэння ў Беларусі функцыянальнага участку Нацыянальнай грыд-сеткі, якая будзе інтэграваная ва еўрапейскую.
Канструктыўна-тэхналагічнае рашэнне беларускіх навукоўцаў дазволіла атрымаць суперкампутар гібрыднай метакластэрнай архітэктуры СКІФ, які ўваходзіць у сусветны рэйтынг Top-500. Праграма «СКІФ» распачалася ў 2007 годзе і сёлета заканчваецца. «У гэтым напрамку зроблены значны прарыў», — мяркуе Аляксандр Тузікаў, генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытуту праблемаў інфарматыкі НАН Беларусі.
Цяпер ажыццяўляецца трэцяя саюзная праграма «Космас-НТ». Як распавёў Аляксандр Тузікаў, мэта цяперашняга праекта — стварэнне і апрацоўка новых тэхналогій для атрымання звестак дыстанцыйнага зандавання Зямлі, уніфікацыі мікраспадарожнікавай платформы. У межах праекта выкарыстоўваецца адзінае ў краінах СНД абсталяванне — тарцовы холаўскі паскаральнік, што дазваляе ў наземных умовах ажыццявіць выпрабаванне матэрыялаў цеплааховы спадарожнікаў, мадэлюючы ўмовы уваходу апарата ў шчыльныя слаі атмасферы.
Айчынныя нанатэхнолагі займаюцца стварэннем доследных арбітальных і наземных сродкаў для ўжытку ў розных галінах тэхнікі. У якасці вынікаў чакаецца павялічэнне тэрміну жывучасці абсталявання ў экстрэмальных умовах касмічнай прасторы.
У межах праграмы «БелРосТрансген-2» навукоўцы займаюцца тэхналогіямі распрацоўкі лекаў новага пакалення, харчовых прадуктаў на аснове лактаферыну чалавека. Ён можа быць выдзелены з малака трансгенных козаў. А каб атрымаць трансгенных козаў, вядуць эксперыменты на мышах. Смешны момант: навукоўцам прыходзіцца даіць трансгенных мышэй, каб атрымліваць малако.
Напрацоўкі ў гэтай галіне дапамогуць стварыць карыснае дзіцячае харчаванне і лекі.
У сумесных праграмах прадугледжана супрацоўніцтва на мясцовым узроўні. У Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцях, напрыклад, ажыццяўляўся памежны навуковы праект па вывучэнні наступстваў Чарнобыля. У хуткім часе, імаверна, у межах сумеснай праграмы Беларусі і Расіі распачнецца гістарычнае вывучэнне Полацка як цэнтра славянскай культуры.
Беларусы хутка асвойваюць і ўжываюць новыя тэхналогіі, хваліліся адмыслоўцы. Увогуле, прэс-канферэнцыя праходзіла ў бравурнай танальнасці.
Сучасны заробак маладога беларускага навукоўца залежыць ад яго актыўнасці, але нават малаактыўныя супрацоўнікі маюць неабходны мінімум, казалі дырэктара.Уцёкі мазгавітых беларусаў на працу ў замежжа не катастрафічныя, лічаць у Акадэміі навук.
«У беларускай ментальнасці касмапалітызм не моцна выяўлены. Беларус, дзе б ён ні працаваў, заўсёды падтрымлівае узаемасувязі з радзімаю», — сціпла мяркуе намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Рахманаў.
Па словах спадара Рахманава,
у беларуска-расійскіх адносінах аніякіх праблемаў ніколі не назіралася. «Мы, па сутнасці, адзіны народ. Для расіянаў беларуская зямля заўжды ёсць братэрскай і роднай», — рэзюмаваў беларускі навуковец Сяргей Рахманаў.
З гэтай заявай Рахманава многія паспрачаюцца. А вось ці варты былі мышы даення, пакажа час.