З сённяшняга дня Беларусь і Расія пачынаюць кансультацыі па пытаннях крэдытна-фінансавага супрацоўніцтва. Яны будуць праводзіцца з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў фінансаў і нацыянальных банкаў дзвюх краін.

Як паведамлялася раней, дамоўленасць аб правядзенні такіх кансультацый была дасягнута 11 красавіка падчас беларуска-расійскіх перамоў у Маскве. Тады ж бакі вызначылі план мерапрыемстваў, якія могуць быць рэалізаваны ў межах эканамічнай палітыкі Беларусі на сярэднетэрміновую перспектыву.

Нагадаем, у канцы сакавіка ўлады Беларусі перадалі Мінфіну Расіі праект праграмы мер па стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі. Наяўнасць праграмы з’яўляецца абавязковай умовай для выдзялення Расіяй дзяржкрэдыту ў 1 млрд. долараў і крэдыту на 2 млрд. долараў з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак 11 красавіка ў інтэрв’ю Рэйтэр заявіў, што Міністэрства фінансаў Расіі «не фарсіруе» выдачу дзяржаўнага крэдыту Беларусі. «У межах Міністэрства фінансаў Расіі такая работа праводзіцца, і пакуль мы працуем над той інфармацыяй, якую беларускі бок нам перадаў у частцы сваіх ацэнак макраэканамічных перспектыў», — сказаў Сторчак.

«Пажадана дзейнічаць узгоднена з іншымі крэдыторамі або патэнцыяльнымі крыніцамі пакрыцця фінансавых патрэбнасцяў рэспублікі. Задача заключаецца ў тым, каб дастаткова, але прагматычна забяспечваць фінансавую стабільнасць нашага партнёра», — дадаў намеснік міністра.

Расійскі бок не называе верагодныя тэрміны, калі завершыцца працэс па выдзяленні крэдытаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?