«У той дзень, як сродкі масавай інфармацыі паведамляюць, што «Казулін вітае правядзенне масавых акцыяў апазіцыі», што «Казулін назваў адкрыты ліст Мілінкевіча гульнёй паводле правілаў Лукашэнкі», што «Казулін патрабуе ад Генеральнага пракурора прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку», у той час, як Ірына Казуліна выступала перад Еўрапейскім парламентам, на сайце Telegraf.by са спасылкай на Радыё Polonia з’яўляецца інфармацыя, што «Партыя Казуліна гатовая да перамоваў з Лукашэнкам».

У гэтай інфармацыі чытаем: «Заместитель главы партии БСДП (Грамада) Константин Мороз в интервью польскому изданию Dziennik заявил, что его партия готова начать переговоры с президентом Беларуси Александром Лукашенко. «Мы хотим показать, что в таком трудном положении, в котором оказалась наша страна, мы готовы к переговорам. Неизвестно, воспользуется ли этим приглашением Александр Лукашенко», — заявил Константин Мороз».

Гэтае выказванне Канстанціна Мароза нельга назваць узважаным. Яно не адлюстроўвае афіцыйны пункт гледжання партыі. Між тым маецца афіцыйная, выпрацаваная кіраўніцтвам Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамады) пазіцыя ў пытанні магчымых перамоваў з урадам. Яна прынята 9 студзеня г. г.

Партыя лічыць, што галоўным інструментам выйсця з крызісу можа быць кааліцыйны ўрад з удзелам прадстаўнікоў беларускай дэмакратыі. Гэты ўрад павінен мець паўнамоцтвы праводзіць новую ўнутраную сацыяльна‑эканамічную і шматвектарную знешнюю палітыку.

Аднак сацыял‑дэмакраты лічаць, што перш‑наперш цяперашні ўрад павінен выканаць вядомыя, узгодненыя усімі дэмакратычнымі сіламі краіны умовы:

– вызваліць палітычных вязняў: Аляксандра Казуліна, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Зміцера Дашкевіча, Артура Фінькевіча ды іншых;

– аднавіць незалежнасць СМІ, ліквідаваць фактычную цэнзуру і адміністрацыйныя перашкоды для распаўсюджання інфармацыі.

Гэта тыя мінімальныя патрабаванні, без выканання якіх перамоўны працэс немагчымы. Наступнымі крокамі павінны стаць ліквідацыя адміністрацыйных перашкод для развіцця грамадзянскай супольнасці, у тым ліку палітычных партый, і перагляд цяперашняга выбарчага заканадаўства.

Вось што павінен быў сказаць намеснік старшыні БСДП (Грамады) Канстанцін Мароз , даючы інтэрв’ю выданню «Dzennik». Калі ён гэтага не сказаў, то нам застаецца толькі шкадаваць пра тое.

Анатоль Ляўковіч, в.а старшыні БСДП (Г)».

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0