Адвакат палітвязня Сяргея Каваленкі і яго жонка атрымалі афіцыйныя адмовы выпусціць грамадскага актывіста пад заклад да суда, паведаміла каардынатарка віцебскага абласнога аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец.

Паводле яе словаў, справа Сяргея Каваленкі ўжо перададзеная ў Першамайскі суд Віцебска. Суддзей прызначана Жук.

«Разам з тым адвакат сказаў, што суд пачнецца не раней, чым праз некалькі тыдняў», — адзначыла Таццяна Севярынец.

***

Сяргей Каваленка з 19 снежня 2011 года знаходзіцца ў СІЗА і з 20 снежня трымаў галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго затрымання. Ён быў затрыманы ў межах распачатай у дачыненні да яго справы паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Нагодай для гэтага сталі нібы чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў, адбываючы пакаранне.

Каваленка неаднаразова затрымоўвала міліцыя за арганізацыю розных акцый. У маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0