Кастусь Рамановiч:

У СБМ я загартаваўся ў сапраўднага патрыёта

Прыватная гiсторыя

 

Архiў Найноўшае Гiсторыi пачаў атрымлiваць адказы на «Апытальнiк сьведкi найноўшае гiсторыi Беларусi», якi быў надрукаваны ў «Нашай Нiве» 7 красавiка 1997 году. Усе адказы вельмi розныя — паводле памераў, эмацыйнасьцi, колькасьцi фактаў i iмёнаў... Але ўсе яны маюць каштоўнасьць як гiстарычныя крынiцы. Бо гэтыя адказы сьведчаць, што можа iснаваць некалькi ўзроўняў прачытаньня гiсторыi — афiцыйны, прыватны, узровень мэдыяў... Названыя ўзроўнi прачытаньня могуць вельмi па-рознаму ацэньваць тыя цi iншыя гiстарычныя падзеi, акцэнтаваць увагу на тыя цi iншыя факты. Часам гэтыя прачытаньнi супярэчаць адно адному.

Сп. Кастусь Рамановiч даслаў нам адныя з найбольш разгорнутых адказаў на Апытальнiк. Ягоныя ўспамiны — гэта ўспамiны беларускага патрыёта, вязьня ГУЛАГу, чалавека зь вялiкiм жыцьцёвым досьведам. Праз сваю панарамнасьць яны адначасова пацьвярджаюць i руйнуюць стэрэатыпы. Назавем некаторыя сюжэты, апiсаньне якiх можа падацца нестандартным: сустрэча Чырвонай армii заходнiмi беларусамi; прыход немцаў у 1941 годзе, немцы надзяляюць зямлёю сялянаў; рэпрэсii як з боку немцаў, так i з боку партызанаў розных фармацыяў... Прысутны тут часам натуралiзм надае гэтым успамiнам большую дакумэнтальнасьць.

Сёньня мы публiкуем толькi адзiн разьдзел з успамiнаў Кастуся Рамановiча — з часоў вайны. Цалкам успамiны плянуецца апублiкаваць у архiвiстычным альманаху «Шуфляда».

Алег Дзярновiч

Архiў Найноўшае Гiсторыi выказвае падзяку ўсiм тым, хто даслаў свае адказы на «Апытальнiк сьведкi найноўшае гiсторыi Беларусi». Усе гэтыя матэрыялы будуць выкарыстаныя ў дасьледчай i публiкатарскай дзейнасьцi Архiву.

 

Для жыхароў Заходняй Беларусi Другая сусьветная вайна пачалася 1 верасьня 1939 году — многiя беларусы служылi ў польскiм войску.

У нашу вёску ў 1941 годзе нямецкiя войскi прыйшлi без адзiнага стрэлу, баёў не было. Першыя войскi зьявiлiся на матацыклах. Немцы затрымлiвалiся, размаўлялi зь людзьмi, як маглi. У тым лiку й я iх сустракаў. Памятаю, як я разглядаў спражку на рамянi немца, дзе напiсана «Gott mit uns».

Нямецкiя самалёты перад прыходам нямецкага войска некалькi разоў бамбiлi званы мясцовымi жыхарамi «Вялiкi мост» празь Нёман непадалёку ад вёскi Шчорсы. Я зь цiкаўнасьцю назiраў за бамбёжкай, i калi самалёты адляталi, бегаў да моста, разглядаў варонкi ад бомбаў i зьбiраў яшчэ цёплыя асколкi. Вёсак немцы не бамбiлi.

Савецкiя войскi пакiдалi без бэнзыну на дарогах свае машыны i далей на ўсход iшлi пешкi — уздагон за нямецкiмi матацыклiстамi, многiя босыя, апранутыя напаўцывiльна. Разам зь iмi iшлi на ўсход i былыя зьняволеныя, бо «першыя Саветы» ў Заходняй Беларусi пасьпелi панарабiць лягераў для зьняволеных, якiх прымушалi будаваць аэрадромы.

Чырвонаармейцы таксама пераапраналiся ў цывiльнае ды iшлi на ўсход пад маркай зьняволеных. Жыхары вёсак кармiлi iх чым маглi, i дапамагалi чым маглi. Хавалi ад немцаў. Многiя з былых чырвонаармейцаў заставалiся ў вяскоўцаў надоўга, дапамагалi ў гаспадарцы, некаторыя жанiлiся. I мой бацька ўзяў аднаго салдата, вучыў яго выконваць сельскагаспадарчыя работы. Доўга ён у нас жыў, усiм мы гаварылi, што гэта наш сваяк, такiм чынам абаранялi ад немцаў. А потым, як паправiўся ў нас, ён пайшоў дадому на ўсход.

Мы, хлапчукi, разьбiралi кiнутыя на дарогах савецкiя машыны i прыносiлi дахаты розныя цацкi зь iх, напрыклад, ручкi ад дзьверцаў. А дарослыя здымалi скаты з машынаў i рабiлi зь iх абутак — галёшы, прыгаворваючы: «Дзякуй Сталiну-грузiну, што абуў нас у рызiну».

У вёсках сяляне абiралi старасту вёскi, цераз якога кантактавалi зь нямецкай уладай (пазьней iх усiх «другiя Саветы» арыштавалi). Мой дзядзька па маме Кошар Васiль Макаравiч быў абраны старастам вёскi Краскоўскiя Горы. Ён загiнуў пазьней у сталiнскiх лягерах.

Тыя, хто пры «першых Саветах» пасьпеў уступiць у калгас, пазабiралi сваю маёмасьць з калгасаў i працавалi на сваiх гаспадарках. Безьзямельных немцы надзялiлi графскай зямлёй, дадавалi зямлi малазямельным.

Арганiзоўвалiся беларускiя школы. 1 верасьня 1941 году я пайшоў у 7 клясу Лозкаўскай сямiгадовай школы. Маiм клясным кiраўнiком быў вышэйзгаданы настаўнiк Клiмец Мiкалай.

Усе прадметы выкладалiся выключна на беларускай мове. Расейская мова й лiтаратура зусiм не выкладалiся. У якасьцi замежнай была нямецкая мова.

Беларускую мову й лiтаратуру выкладала нам маладая настаўнiца (аднагодак пераросткаў-вучняў) Галiна Бузук, якая жыла ў вёсцы Шчорсы. Яе бацька працаваў школьным iнспэктарам у раённым мястэчку Любча. Галiна Бузук падбухторыла нас вывучыць на памяць усю паэму «Новая зямля» Якуба Коласа. Тут я адчуў асалоду беларускай мовы. Вывучалi сапраўдную гiсторыю Беларусi. Ставiлi беларускiя п’есы, сьпявалi беларускiя песьнi, танцавлi беларускiя танцы. Езьдзiлi вазамi ў Любчу са сваiмi канцэртамi. Бацькi вазiлi сваiмi коньмi. У 7 клясе ў мяне зарадзiўся беларускi патрыятызм.

Пасьля заканчэньня 7 клясы 1 верасьня 1942 году я паступiў на I курс Беларускай Настаўнiцкай Сэмiнарыi ў Наваградку. Тут таксама ўсе прадметы выкладалiся выключна на беларускай мове.

У Настаўнiцкай Сэмiнарыi стаў сябрам беларускай патрыятычнай моладзевай арганiзацыi Саюз Беларускай Моладзi (СБМ). Тут я загартаваўся ў сапраўднага патрыёта Беларусi на ўсё жыцьцё.

Памятаю зьяўленьне партызанаў у лясах. З нашай вёскi забралi ў партызаны хлопца Барыса Ляпешку. Немцы вынiшчылi ўсю сям’ю i хату спалiлi. Засталася ў жывых толькi адна малодшая сястра Барыса Маня, якой не было дома падчас карнай акцыi. Барыс пазьней загiнуў на фронце.

За сувязь з партызанамi немцы арыштавалi майго дзядзьку Аляшкевiча Гальяша Маркавiча i маю цётку па бацьку Аляшкевiч Аляксандру Андрэеўну, пасадзiлi ў Наваградку ў турму. Дзядзьку ў турме расстралялi, а цётку вывезьлi ў нямецкi лягер у Польшчу. Хату iх i ўсе забудовы немцы зь вёскi Балотца перавезьлi ў вёску Шчорсы. Цётка з-пад калючага дроту лягера ўцякла i прыйшла да сваёй роднай сястры Анастасii Самусiк, якая жыла ў Замброве Беластоцкай вобласьцi, дзе яна хавалася ад немцаў да вызваленьня Польшчы. Майго дзядзьку Самусiка Мiкалая (мужа маёй цеткi Анастасii) немцы расстралялi ў Замброве.

Маiмi суседзямi ў вёсцы Лозкi была шматдзетная сям’я па прозьвiшчу Жарыч. Бацькi памерлi. Засталiся сiротамi дзецi —старэйшая Нюша (калека), Каця (прыгожая дзяўчына), Алёша, Гена 1926 году нараджэньня i самая меншая Леля. Да Кацi ў прымы пайшоў малады хлопец Пеця Тур. Бацькi Пецi (баптысты, бацька — сьвятар баптыстаў у суседняй вёсцы Роскаш) не дазволiлi ўзяць шлюб з Кацяй, бо зь беднай сям’i. Нарадзiлiся ў Кацi ад Пецi дзьве дачкi. У iх i каня не было. Памятаю, як яны смачна елi бульбу ў мундзiрах, высыпаную на голы стол.

Пецю i Алёшу забралi ў беларускую палiцыю. Пецю на вясельлi ў суседняй вёсцы Балотца застрэлiлi партызаны. Ноччу прыехалi партызаны, застрэлiлi Кацю разам зь немаўлём (старэйшая дачка была ў бацькоў Пецi), застрэлiлi Нюшу, застрэлiлi малалетнюю Лелю. Гены не было дома, ён i цяпер жыве. Лёша потым загiнуў у сталiнскiх лягерах.

У вёсцы Балотца жыў мой сябра Лёня Ляпешка. Яму партызаны прапанавалi iсьцi разам зь iмi. Калi ён адмовiўся, дык яны яго застрэлiлi. Застрэлiлi i бацьку ягонага. Малая дачка абхапiла бацьку, каб выратаваць яго — ёй прастрэлiлi далонь. Старэйшая дачка, Люба, вучылася ў Наваградзкай прагiмназii, яе дома не было, засталася жывою. Мацi не была дома, таксама засталася жывою.

I так, колькi доўжылася вайна ў нашай мясцовасьцi, быў «фронт» — днём немцы «шальмавалi», ноччу партызаны. Часта ня ведалi, хто яны — цi партызаны, цi палiцаi, бо ў аднолькавай форме. Партызаны займалiся рабаваньнем: забiралi коней, кароў, сьвiней, кажухi, боты. У майго бацькi кабылу не забралi, бо адна задняя нага была нашмат таўсьцейшая, нiбы апухлая. Бацька пакажа гэтую нагу, i кабылу заўсёды бракавалi, хоць яна й не кульгала.

Я амаль кожную нядзелю прыходзiў з Наваградку дадому (25 км) па прадукты харчаваньня. Ноччу вымушаны быў бацькавы боты, якiя я насiў, i лепшую адзежу хаваць ад партызанаў. Партызаны мяне чамусьцi не чапалi, хоць i ведалi, што я вучуся ў Наваградку. Аднойчы знаёмы партызан выклiкаў мяне ў двор i папрасiў прыкурыць. Я дастаў запальнiчку, чыркнуў, ён прыкурыў, узяў запальнiчку ў рукi — добрая, кажа, i паклаў яе ў сваю кiшэню. I цяпер памятаю, як мне было яе шкада.

У мяне асабiста больш партызаны нiчога не ўзялi. Але людзi бедавалi ад партызанскiх рабункаў. Калi хто падкажа iм, што ў некага ёсьць, напрыклад, боты, то абавязкова забяруць, а калi не аддаеш, то мардуюць, а то i застрэляць.

Дзейнасьць нацыянальных арганiзацыяў, створаных за часамi акупацыi: БНС, БКА, СБМ...

Акрамя названых арганiзацыяў у Наваградку была створаная беларуская вайсковая частка Самаахова. У Самаахову вайскоўцы набiралiся мабiлiзацыяй. Дзейнасьць — назва сама за сябе гаворыць — самаахова. I з маёй вёскi Лозкi ў Самаахове знаёмыя хлопцы служылi. У Наваградку дзейнiчала грамадзкая арганiзацыя БНС (Беларуская народная самапомач). Пра дзейнасьць зноў жа сама за сябе назва гаворыць. Больш канкрэтна я не магу сказаць.

Самая масавая беларуская патрыятычная моладзевая арганiзацыя ў Наваградку, ды й ва ўсёй Беларусi, была СБМ (Саюз Беларускай Моладзi).

Перад стварэньнем СБМ былi наладжаныя дваццацiдзённыя курсы для кандыдатаў на акруговых кiраўнiкоў, iх намесьнiкаў i супрацоўнiкаў штабу СБМ.

Штаб СБМ з’арганiзавалi ў Менску вясною 1943 году. Шэфам штабу быў прызначаны Мiхась Ганько, кiраўнiчкай юначак — Надзея Абрамава, намесьнiцай яе — Вера Катковiч.

Афiцыйна СБМ быў створаны 22 чэрвеня 1943 году. Я быў шэраговым сябрам СБМ.

Пра папулярнасьць СБМ гаворыць той факт, што толькi за адзiн год з 1943 па 1944 г. у яго ўлiлося (выключна добраахвотна) каля 100 000 юнакоў i дзяўчат. СБМ у той час ахоплiваў у асноўным вучнёўскую моладзь ва ўзросьце 15-17 гадоў, якая займалася пераважна культурна-асьветнiцкай дзейнасьцю. Галоўнай прычынай бурнага росту СБМ была iдэя нацыянальнага адраджэньня Беларусi. Такую арганiзацыю нельга было ўявiць нi пры панаваньнi Польшчы ў Заходняй Беларусi, нi тым больш пры Саветах. Нават нямецкая адмiнiстрацыя насьцярожана сачыла за СБМ, пабачыўшы, зь якiм энтузiязмам праводзiлiся мерапрыемствы. Сябры арганiзацыi мелi своеасаблiвую форму: напачатку прыгожа пашытую зь белага даматканага палатна, а потым юнакi насiлi крапiўнага колеру, а юначкi — сiняга колеру ў белыя кропелькi. Гальштукi — з даматканых беларускiх паясоў. Чаравiкi былi на драўлянай падэшве, якiя рабiлi вялiкi грукат па наваградзкiм бруку. На левым рукаве бел-чырвона-белая павязка з эмблемай у выглядзе ромбу, у якiм напiсаныя лiтары СБМ i накрыж рыдлёўка й меч. На галаўным уборы — Пагоня.

Статут СБМ сьцьвярджаў, што мэтай гэтай арганiзацыi ёсьць выхаваньне патрыятычных будаўнiкоў Новай Беларусi, якiя б вырасьлi ў актыўных народных дзеячоў.

Будучы накiрунак выхаваўчай працы арганiзацыi — вызваленьне беларускай моладзi ад варожых шкодных уплываў, яе духоўнае адраджэньне. Уся праца акцэнтавлася на патрыятычным выхаваньнi моладзi, што павiнна было прывесьцi да выкараненьня гiстарычна зварункаванай паднявольнай псыхiкi, да выпрацоўкi грамадзкага абавязку, працавiтасьцi, шчырасьцi, сьцiпласьцi, павагi да старэйшых. Такi выхаваўчы накiрунак нацэлены быў на тое, каб моладзь адчула сваю адказнасьць за лёс i дабрабыт Бацькаўшчыны i заўжды была гатовая служыць i працаваць на карысьць свайго народу.

СБМ ня ўдзельнiчаў нi ў ваенных акцыях, нi ў карных, нi ў якiх злачынствах.

Пасьля заняткаў у Настаўнiцкай Сэмiнарыi мы, сябры СБМ, пашырана вывучалi гiсторыю Беларусi, беларускую лiтаратуру й мову, арганiзоўвалi розныя гурткi: маляваньня, сьпеваў, беларускiх нацыянальных танцаў, наладжвалi розныя вечарыны з танцамi пад кiраўнiцтвам выкладчыкаў. Асаблiва актыўным арганiзатарам вечарынаў быў выкладчык нямецкае мовы Барыс Рагуля. Дабраахвотнiкi СБМ падчас летнiх вакацыяў заставалiся ў Наваградку ў летнiх лягерах, дзе мне вельмi падабалася. Спалi на двухпавярховых ложках. У 6 гадзiнаў пад’ём. Бег умывацца ў крынiчнай вадзе на замкавай гары. Назад бягом у кашару, адзявалiся, запраўлялi пасьцель, строiлiся ў 4 шарэнгi, падымалi на флягшток бел-чырвона-белы сьцяг, сьпявалi гiмн «Мы выйдзем шчыльнымi радамi», сьнедалi (харч прывозiлi бацькi зь вёсак). Маршам зь песьнямi iшлi ў лес на нарыхтоўку дроваў для ацяпленьня памяшканьня Настаўнiцкай Сэмiнарыi зiмою. Дровы нарыхтоўвалi ўручную папярэчнымi пiламi, сякерамi.

Або iшлi ў горад на разборкi развалiнаў пасьля бамбёжкi й рыдлёўкамi рабiлi пляцоўку каля будынку Настаўнiцкай Сэмiнарыi. Былi й вайсковыя цьвiчэньнi, што мне вельмi падабалася. Пасьля працы або цьвiчэньняў маршам зь песьнямi ў лягер.

Вольны час. Вячэра. Сьцяг на флягшток пад каманду «Зважай!» Сьпеў гiмну. Адбой.

Летнiм лягерам кiраваў Барыс Рагуля. Ён жа арганiзаваў ў Наваградку Беларускую Краёвую Абарону (БКА). Гэта быў кавалерыйскi швадрон. Касьцяком БКА сталi старэйшыя хлопцы III-га курсу Наваградзкай Настаўнiцкай Сэмiнарыi, у асноўным добраахвотнiкi. Негалоснай мэтай БКА была абарона Беларусi як ад немцаў, так i ад камунiстаў.

Атрымаўшы пасьведчаньне аб заканчэньнi II-га курсу Наваградзкай Настаўнiцкай Сэмiнарыi вясною 1944 году, я добраахвотна паступiў у першую Беларускую афiцэрскую школу БКА ў Менску, пра якую напiсаў былы курсант афiцэрскай школы Кастусь Акула ў кнiжцы «Змагарныя дарогi». У афiцэрскай школе мне вельмi падабалася вайсковая навука, нягледзячы на тое, што амаль кожную ноч падчас бамбёжкi Менску па «трывозе» прыходзiлася бегчы з казармы ў акопы.

Неўзабаве пасьля прысягi прыйшлося ўсёй школе пешшу адступаць перад надыходам савецкiх войскаў. Немцы ехалi машынамi. Я на хаду ўскочыў у грузавую машыну i зь нямецкiмi салдатамi даехаў да Вiльнi, дзе на чыгуначным вакзале дамовiлiся сабрацца ўсёй школай. Дзён зь пяць я чакаў. А потым далучыўся да швадрону Барыса Рагулi i зь iмi дабраўся да Наваградку. У Наваградку на замкавай гары Рагуля, сабраўшы нас усiх, сказаў: «Я вас забраў з Наваградку, я вас i прывёў у Наваградак. А цяпер, хто хоча са мною — пойдзем на захад, а хто хоча — заставайцеся ў Наваградку, разыходзьцеся па дамах». Я застаўся ў Наваградку, не ўяўляў сабе жыцьця безь Беларусi. Пасьля таго, як я выйшаў зь Вiльнi, некаторыя хлопцы з нашай афiцэрскай школы сталi першымi ахвярамi бамбёжкi вiленскага чыгуначнага вакзалу.

Празь некалькi дзён пайшоў пешшу з Наваградку ў сваю вёску Лозкi да бацькоў. Дваццаць пяць кiлямэтраў. Iшоў цэлыя суткi, бо якраз прыйшлося прабiрацца цераз фронт. Затрымалi мяне немцы: «Чаго iдзеш насустрач Савецкай армii?» Пасьля кароткага допыту, вобшуку (на мне была вайсковая бялiзна з афiцэрскай школы), пераапрануўшы мяне ў замазаныя гноем сялянскiя даматканыя штаны, нямецкi афiцэр прыказаў мяне застрэлiць. Салдат завёў мяне за гумно ў вёсцы Старыя Нягневiчы, ляпнуў лёгенька мяне па шчацэ i адпусьцiў жывым. А як вёў мяне на расстрэл, дык я й ня верыў, што ўжо мяне ня будзе, як гэта так — вось я жывы й тут жа мяне няма.

Усю ноч я правёў на полi ў жыце — пад бамбёжкай, пад стрэламi гарматаў, лязганьнем гусенiц танкаў, прасуючых поле. Пры такiм гармiдары я заснуў у жыце пад высокай мяжой i прачнуўся ад цеплынi сонечных промняў i цiшынi. Непашкоджаны, у замурзаных рваных штанах я прыйшоў да бацькоў, дзе была ўжо савецкая тэрыторыя.

Прызвалi мяне на дапрызыўную службу ў Любчы. Спалi на падлозе ў пустым памяшканьнi, на саломе з блыхамi. Прызначылi мяне камандзiрам аддзяленьня, а пазьней камандзiрам узводу. Часта адпускалi па дамах са зброяй (зь вiнтоўкамi). Зброю выдавалi на рукi на выпадак сустрэчы з адсталымi немцамi, каб мог iх затрымаць i здаць.

Па даведцы за II курс Настаўнiцкай Сэмiнарыi 1 верасьня 1944 году паступiў на III курс Наваградзкай пэдагагiчнай вучэльнi. Вучням пэдвучэльнi давалi адтэрмiноўку (бронь) ад прызыву ў армiю.

Амаль усе настаўнiкi прыехалi з усходу. Зноў усё выкладалася на расейскай мове. Арганiзаваўся камсамол. Мне нiхто не прапанаваў уступiць у камсамол, i сам я не iмкнуўся туды.

У ноч з 13 на 14 сьнежня 1944 году мяне арыштавалi ў iнтэрнаце пэдвучэльнi. Разам са мною ў гэтую ноч з пэдвучэльнi арыштавалi Кастуся Кракоўскага, Сашу Шабана i Мiколу Савасьцюка. Пасадзiлi нас у наваградзкую турму, што была побач з пэдвучэльняй, у тую турму, у якой немцы застрэлiлi майго дзядзьку Гальяша Аляшкевiча. Вялiкая камэра бяз нараў з цэментавай падлогай была так перапоўненая, што немагчыма было легчы спаць усiм адразу, таму спалi па чарзе.

У гэтай камэры разам з намi сядзеў дырэктар Наваградзкай Настаўнiцкай Сэмiнарыi Скрабец Пётар Ануфрыевiч. Такi рухавы быў дзядок, заўжды стараўся падхапiць парашу, каб вынесьцi яе з камэры. Але мы, маладыя, не давалi яму гэтага выканаць.

Я прасiўся, каб мяне забралi на фронт у штрафную роту. Але мне сказалi: «Нам контрреволюционеры не нужны».

Кастусь Рамановiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0