Сто твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя

Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

 

Iмпрэсiянiзм у чыстым выглядзе абмiнуў Беларусь, якая на той час заставалася ў палоне расейскiх уплываў. Праявы iмпрэсiянiзму ў мастацтве Расеi (як i Польшчы) былi мiнiмальныя. Гэта тым больш дзiўна, што нават у недасяжнай Японii iмпрэсiянiзм атрымаў свой спэцыфiчны працяг, якi назвалi «эпохай Мэйдзi». Як запозьнены акорд, у часе расейскага «срэбнага веку» прагучаў жывапiс Каровiна, Малявiна, Архiпава. Неўзабаве iх творчыя й чалавечыя лёсы разышлiся радыкальна. Але тыя колькi зярнятаў не прапалi...

... Канстанцiн Каровiн пасьля 17-га году падаўся выкладаць у Вышэйшых мастацка-тэхнiчных майстэрнях у Маскве (ВХУТЕМАС). Гэты iмпэтны мастак з шырокай i няўрымсьлiвай натураю радыкальна ўплываў на густы сваiх вучняў, пераважна простых хлопцаў з правiнцыi. Iмпрэсiянiстычнасьць ягонае ўласнае манеры — свабодны шырокi жывапiс, адкрытыя фарбы, дэкаратыўнасьць, эскiзнасьць выкананьня, хутка засвойвалiся навучэнцамi. Адным з гэткiх вучняў стаў i Мiхал Фiлiповiч...

... Малады Фiлiповiч прыехаў у Расею ў 1920 годзе, на вучобу. За год зь невялiкiм, гэты вучань Каровiна прайшоў незвычайную трансфармацыю густаў. Незвычайную ў сэнсе радыкалiзму й хуткасьцi. Прыехаўшы ў Маскву прыхiльнiкам акадэмiчнага рэалiзму, тутака ён становiцца радыкальным iмпрэсiянiстам. Як мага больш хуткая перадача сьвежых уражаньняў, мажорны, нiчым ня скуты настрой, дзвонкiя чыстыя фарбы... На гэтым i сышоўся вучань з настаўнiкам. Неўзабаве Каровiн зьехаў на Поўдзень Францыi. Фiлiповiч — у Беларусь...

... Працаздольнасьць i бясконцыя сумневы Фiлiповiча ўражваюць. Як толькi ён прыехаў на Радзiму, стаў супрэматыстам. Калi ён пазнаёмiўся з тэорыямi Малевiча, невядома, але гэта было няцяжка для маладога, прагнага да iдэяў мастака. У Вiцебску менавiта тым часам выйшлi асноўныя кнiгi Малевiча: «Аб новых сюжэтах у мастацтве», «Бог ня скiнуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», i, вядома, «Супрэматызм»... У верасьнi 1921 году сябра Фiлiповiча, Мiхал Станюта, якi на пэўны час узначалiў аддзел мастацтва Дзяржпалiтасьветы, ладзiць у Менску выставу. Гэтая менская, першая савецкая, выстава мастацтва адзначыла апошнюю прыступку, якая аддзялiла ва Ўсходняй Беларусi дасавецкую традыцыю ад найноўшага мастацтва. На ёй былi прадстаўленыя i сымбалiсты, i акадэмiсты. Фiлiповiч выставiў «Супрэматызм», «Максымальнае выяўленьне колеру», «Канструкцыю плоскасьцяў»...

... Але яму не хапала сюжэту, зь якiм непазьбежна зьвязаны фантазiйны рамантызм. Фiлiповiч у гэтыя гады быў прасякнуты iдэяй стварэньня нацыянальнага беларускага стылю. Супрэматызм, спараджэньне лягiчнага аналiзу, на тое не надаваўся. Яшчэ да сваёй вучобы ў Маскве малады мастак iмкнуўся да вывучэньня народнага беларускага мастацтва, у якiм сьведама шукаў крынiцаў для ўласнага творчага мэтаду. Ягоная спадчына ўлучае 10 альбомаў замалёвак тканiнаў, разьбы, народных строяў, зробленых за доўгiя гады вандровак па Беларусi... Аднак, прайшоўшы пакручастую мастакоўскую эвалюцыю, Фiлiповiч вельмi далёкi ад фармальнага паўтору прыёмаў народнага мастацтва. Ягоны мэтад — вылучэньне традыцыйных эстэтычных архетыпаў i iх свабоднае сынтэзаваньне дзеля стварэньня ўласных арыгiнальных кампазыцыяў...

... Менск 1921 году ўяўляў сабою гуту-плавiльню, зь якое мусiла паўстаць нiколi ня бачанае, новае беларускае мастацтва. У адрозьненьне ад Вiцебска, тут паўставала не пралетарскае мастацтва будучынi, якое мусiла стварыць новага чалавека, а сучаснае мастацтва, якое мусiла стварыць беларуса. У майстэрнях «Выяўленчае мастацтва», створаных Галоўпалiтасьветаю, была наладжаная вытворчасьць плякатаў, кнiжак, партрэтаў i нават цацак. Галоўным чынам, тут тварыла моладзь. У адрозьненьне ад Вiцебска, якi яшчэ быў у РСФСР, гэта была беларуская моладзь: Гуткоўскi, Станюта, Дваракоўскi, Тычына, Кудрэвiч i Фiлiповiч. Праблемаў з нацыянальным самавызначэньнем у iх ужо не было, роўна ж як i з вызначэньнем сваiх творчых пазыцыяў — стваралi Беларусь. У гэтым жа годзе Фiлiповiч адкрывае сваю майстэрню пад даўгаватаю назвай «Свабодная акадэмiя М.М.Фiлiповiча». Гэтая «акадэмiя» стала цэнтрам нацыянальнага беларускага мастацтва, клюбам, дзе мастакамi па-свойму вырашаўся лёс Бацькаўшчыны...

... Недзе ў гэтыя гады Фiлiповiч пiша невялiкую (77,5x92,5) працу «Казка», у якой ягоны сынтэзаваны мэтад знайшоў яскравае ўвасабленьне. Сярод фантастычнага краявiду йдзе двубой двух вершнiкаў-хiмэраў. Хто зь iх пазытыўны пэрсанаж? Нiхто. Адзiн — азiят у рагастай чапцы, у паласатым каптане, увесь жоўта-зялёны. Другi — сiне-чырвоны, закуты ў некае жалезьзе, бадай, паўэўрапеец у бiблейскай мiтры. Б’юцца люта, страшна, топчуць чырвоны дыск, што нiяк з-пад iх ня ўздымецца. Угледзься праз твань, празь цемру, хто б’ецца за тваю зямлю, хто не дае ўстаць сонцу... Пачвары з Усходу i з Захаду. А ты толькi будзеш вызiраць са свайго балота? Няхiтрая прыпавесьць, мудрагелiста зашыфраваная пад «казку».

У каляровай гаме, гэткай наўмысна шалёнай, у пярэстым карагодзе пiсягоў ёсьць свая непахiсная лёгiка. Дастаткова прыгадаць росьпiсы на вясковых куфрах, альбо лепей, на дыванах. Чорнае, альбо брунатнае тло, па якiм каляровае напружаньне нарастае ад зялёнага хрому i блакiтных плямiнаў па краёх да чырвона-зялёнага ўдару пасярэдзiне — шыпшына, мак цi ружа... Узыход сонца над зялёнай зямлёю. Як у Дубоўкi: «О, Беларусь, мая шыпшына...»

... Гэткае канкрэтна-мастацкае мысьленьне Фiлiповiча катэгорыямi народнае эстэтыкi прачынiла беларускаму мастацтву шлях да яшчэ неасэнсаваных крынiцаў нацыянальнае мэнтальнасьцi, да першасных уяўленьняў пра хараство. Я маю на ўвазе не сакральную сэмантыку арнамэнтаў i народнага строю, якiя зь цяжкасьцю паддаюцца тлумачэньням нават самiх штукароў, якiя iх вырабляюць. Я маю на ўвазе пазьнейшы, iндывiдуалiстычны пляст народнага мастацтва, якi адлюстроўвае не касмаганiчныя ўяўленьнi продкаў, а падсьведамы архетып прыгожага, памкненьне да спакусы. У хрысьцiянскай сэмантыцы чырвоны i зялёны колер амбiвалентныя: зялёны — сымбаль ня толькi жыцьця адвечнага, але й пярэваратня-Антыхрыста, а чырвоны можа быць колерам ахвяры выкупленьня, але i полымя пекла. Зялёнае з чырвоным — трывожны знак райскага плода...

... У 1921-22 гадох Фiлiповiч пiша таксама некалькi карцiнаў на шчыра этнаграфiчныя матывы: «На Купальле», «Вясна», «Скокi праз вогнiшча», «Карагод», «Народнае гуляньне». Усю гэтую жывапiсную нiзку лучыць адметны, фiлiповiцкi стыль, нечаканае спалучэньне супрэматычных i iмпрэсiянiстычных прыёмаў, якi зблiжае гэтыя пошукi Фiлiповiча з пошукамi Малевiча, толькi ў адваротным накiрунку. Сярод «этнаграфiчных» палотнаў самым красамоўным стала «На Купальле». У зiхоткiм, стракатым жывапiсе нiбыта матэрыялiзаваўся дзiкi, нястрыманы, спакусьлiвы вiр народнае маладое стыхii. Кантраст сьветлых, агнiстых плямаў на пярэднiм пляне, на якiм выяўленыя людзкiя постацi ў разьятраным рытме скокаў, i суворага, амаль аморфнага дальняга пляну зь цёмнай стужкаю ракi, робiць гэты сюжэт драматычным. Невыпадкова дасьледчыца Валянцiна Вайцяхоўская заўважыла, што стыхiя народнага сьвята асацыюецца ў Фiлiповiча «... з рэвалюцыяй, якая ўспрымалася як страшнае, крывавае, п’янкое сьвята». Сьвята — рэвалюцыя?..

Менавiта ў гэты самы час, у 1922 годзе, Фiлiповiч iлюструе «Босых на вогнiшчы» Мiхася Чарота... Хаатычны, калматы натоўп паўстанцаў, спавiты цi то дымам, цi то пылам, топча сваiх ворагаў. Гiпэрбалiзаваныя эмоцыi, якiя мусiлi б давесьцi публiку да афэкту, увабраныя ў схематычныя, прымiтыўныя формы, трапна супалi з эмоцыямi Чарота. Рэвалюцыя — сьвята!..

... У 1919 годзе Янка Купала робiць першы поўны пераклад «Слова пра паход Iгаравы», тады яшчэ прозаю. Праз два гады, жывучы ў камянiчцы на Траецкiм прадмесьцi, насупраць менскага Замчышча, Купала стварае вершаваны варыянт «Слова...» У гэты час сюжэт братазабойчае сечы на Нямiзе ў неймаверна далёкiм 1067 годзе загучаў невераемна надзённа i тужлiва, як прарочы праклён... «Слова пра паход Iгаравы» Купалы стала шэдэўрам нашае лiтаратуры. Сеча на Нямiзе стала сымбалем нашага гiстарычнага лёсу...

Напрыканцы 1922 году Фiлiповiч пiша сваю «Бiтву на Нямiзе». Цi ёсьць тут пазытыўныя пэрсанажы? Няма. Вялiкi натоўп людзей сячэцца мiж сабою люта. За што? Ужо не чужынцы, як у «Казцы», б’юцца, а свае... Таму нiхто не адкажа, за што яны гiнулi i забiвалi.

Карцiна ўспрымаецца як фрагмэнт, выхаплены зь неабсяжнае панарамы, дзе мы маглi б пабачыць i неабсяжны далягляд i ўсiх дзейных пэрсанажаў. Мастак зацьмiў i адрэзаў зьлева край натоўпу, а справа прыпусьцiў золак — той жа калярыстычны прыём, дзе цэнтрам кампазыцыi становяцца бязьлiтасныя ўдары чырвонага й зялёна-сiняга. Гэтай працаю Фiлiповiч, бадай неўсьвядомлена, падвёў рысу пад усiмi сваiмi папярэднiмi мастакоўскiмi пошукамi. Аналiз беларускага колеру i рознастылёвая форматворчасьць вынiклi ў блiзкую да мадэрну кампазыцыю, дзе плоскасныя выявы пэрсанажаў, хутчэй дэкаратыўныя, суседзяць з амаль рэалiстычным краявiдам, над якiм бягуць пасмы ватных аблокаў. Выява дрэва на першым пляне блiзкая да падобнага ж матыву i ў «Казцы», але гэтым разам яна больш рэалiстычная, больш мякка змадэляваная. Голае дрэва цёмным сваiм абрысам утварае прасторавую глыбiню ўсёй кампазыцыi, трывала яе завяршаючы. Статычны матыў зiмовага дрэва ў нiшчымным краявiдзе жорстка падкрэсьлiвае зьмест твору — куламесу людзкiх постацяў.

«Бiтва на Нямiзе» была паказаная на 3-яй Усебеларускай выставе ў 1929 годзе. Але часы былi ўжо не для такога мастацтва. Бальшавiцкая пiльная крытыка адразу «раскусiла» творчасьць Фiлiповiча. «Безiдэйнасць» i «фармалiзм» гэтага ягонага шэдэўра рэзалi вочы. На шчасьце сваё, Фiлiповiч iзноў у гэты час вучыўся ў Расеi, адкуль ён вярнуўся ў 1930 годзе зусiм iншым мастаком... Бадай, i iншым чалавекам.

Сяргей Харэўскi

 

Мiхал Фiлiповiч (1896, Менск — 1947, Менск) жывапiсец, графiк, пэдагог. Вучыўся ў Маскве, з 1920 да 1921, i з 1925 да 1930, у Вышэйшых мастацка-тэхнiчных майстэрнях.


У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0