Лісты ў рэдакцыю

 

Вільні сталіцай Беларусі ня быць!

Мне таксама крыўдна, спадарыня Раіса з Таронта*! Не з-за Вільні, бо наш хамска-паганскі этнас, якім мы былі ўсё тысячагодзьдзе, туліўся не па гарадох, але па лясах, пушчах ды балотах, гаях і пельках і больш як на вясковую культуру ня быў здольны. Дый цывілізацыі і граматы ані пад палякамі, ані пад маскалямі ня ведаў і таму да места ня квапіўся. Гэта ўсялякія мігранты ды брукавы народ па местах кватараваў, а мы зямлі роднай трымаліся і веры сваёй паганскай. Не патрэбныя нам былі ані цэрквы ды касьцёлы, ані кірхі з сынагогамі, таму славіліся сваёй абыякавасьцю да мястоўцаў ды талеранцыяй да ўсіх канфэсіяў. Таму тая канфэсійная статыстыка нас не кранае.

Што да мовы па вёсках, хай моваведы скажуць, дзе тая мяжа балцкага арэалу ў часы Скарыны. Не па гарадах яна ішла, бо пакуль мы не стварылі сваёй асобнай дзяржавы, нават у Коўні не было чутно слова на хамскай мове.

Але я крыўдую не з-за Места, але з-за назвы перакручанай, якую прыдумаць мог толькі нехта зусім адарваны ад каранёў і згубіўшы моўны слых. Нехта чужы і далёкі, але аніяк не сусед. Паміж беларусамі а намі ніколі не было выразнай мяжы, акрамя той, якую сталінскі палец накрэсьліў. І людзі там добра ведалі мову адзін аднаго, і канцоўкі заўсёды адаптавалі да сваёй граматыкі, а не ляпілі канцоўку на канцоўку. Яны маглі сказаць літвін і летувін, літвак і летувак, нават летувец, але не дражнілку «летувіс». Гэта такая самая памылка, як, напрыклад, нам ужываць корань «белар» і казаць «беларская мова, браткі-белары», бо на нашай мове ёсьць канцоўка -ус. Але мы разумеем, дзе корань, дзе суфікс, дзе склонавая канцоўка, таму так ня робім і вам ня раім. І каб ня блытаць вас зь белымі маскалямі, маем для вас свойскі назоў — гуды. Бо калі будзе Балтарусія, як нас вучылі саветы, тады будзе і Русабалтыя са стольным градам Калінінавым (калі на берагох Антарыё гэта ведама).

Таксама прашу ня блытаць Жамойць зь Летувой (Жамойць заўсёды была на захад ад Нявяжы), як мы ня блытаем Квэбэкію з Канадай.

Ну, а калі Вільня, сталіца шматнацыянальнай краіны, была найбольш шматнацыянальным местам і цэнтрам шмат якіх культур і адраджэньняў, дык гэта не азначала, што яна належала нейкаму аднаму этнасу. Яе называлі і Паўночнымі Атэнамі, і Літоўскім Ерусалімам, але яна не зрабілася сталіцай ані Эляды, ані Палястыны, тым болей ня зробіцца сталіцай Беларусі, хоць тут і рэзыдуе спадар Сямён Шарэцкі, як калісьці ў Коўні рэзыдаваў урад БНР.

Ваш летувецкі сябра,
тутэйшы Валдас Банайціс з Новай Вялейкі

 *Водгук на ліст Раісы Жук-Грышкевіч «Крыўдна, спадар Шарэцкі» («Наша Ніва», 13 сьнежня), які, у сваю чаргу, быў водгукам на карэспандэнцыю «Нам бы зь Менскам разабрацца» («Наша Ніва», 8 лістапада).

 

Не паддавацца!

Мой ліст не пра саюз Беларусі і Расеі. Я хачу гаварыць пра зьяву нашмат больш абрыдлівую. Я па спэцыяльнасьці расейскі філёляг. Ва ўнівэрсытэце нас навучылі выразна адрозьніваць мовы адну ад адной — а таксама разьбірацца, што такое піджын, жаргоны, арго, слэнгі ды іншае. Тое, што нам пхнуць цяпер пад выглядам расейскай мовы, мае такое ж дачыненьне да расейскай мовы, як ядваб да салдацкае парцянкі.

Расея заўжды была імпэрыяй. Былі ў яе зорныя, рамантычныя часы, часы адноснага росквіту. Адпаведна квітнела й разьвівалася расейская мова. Яна й дала сьвету пекную літаратуру, зь якою мы ўсе мелі шчасьце пазнаёміцца ў школцы. Але мінуліся лепшыя часы імпэрыі. Яна пачала раскладацца, як тлусты цмок, ды паскудзіць навакольле. Гэтак мінуліся й часы расейскай мовы, якая зрабілася “мовай міжнацыянальных зносінаў”, прыдушаных народаў зь недаразьвітаю культураю, мовай зэкаў (у лягерах ды астрогах перабывала палова насельніцтва імпэрыі), мовай напаўпісьменных імпэрскіх чыноўнікаў. Кожны пёр у яе свой унёсак. Мова — жывы арганізм. Яна ўвабрала ў сябе нехаць, жывёльны пот страху і рабскае працы, сьлёзы раздушаных і паняволеных, сьвінскае нахабства сытых — усё тое, чым славіцца Расея. Цяпер гэтая мова ужо не “вялікі і магутны рускі язык”, а няўклюдная гаргара.

Цікава, што Аляксандар Салжаніцын, чалавек з разьвітым музычным слыхам, зьмеціў гэта ці ня першы і пачаў ратаваць вялікарускую гаворку. Ён ужываў у сваіх творах сотні словаў, выцягнутых з Даля. Аднак перамагчы рэчаіснасьць ня здолеў. Таму ягоныя творы чытаеш і крывісься ад штучнасьці мовы — як пэрсанажаў, так і аўтарскае. Аднак я забылася пра крывавага жартаўніка дзедушку Леніна. Той таксама турбаваўся пра годнасьць мовы, бо быў, што ні кажы, чалавек адукаваны. Аднак вартасьці ягонае мовы я ацаніць не магу, бо памятаю з 55-тамовага збору твораў толькі “хвасьцістаў, адзавістаў ды ўкланістаў”.

Але вернемся да нашае беларускае сытуацыі. Нясмачны і абрыдлівы туман распоўзься па нашай зямлі у выглядзе двойчы скалечанай мовы. Мы паддалі рознае брыды: абы-якое вымаўленьне, бедны слоўнікавы запас, няведаньне расейскіх ідыёмаў, перацяжка сынтаксу на беларускі капыл, няправільныя націскі, схільнасьць да канцылярызмаў і лексыкі з турэмным душком.

Зь мяне на працы патрабуюць пісаць дакумэнты па-расейску. Калі я спрабую пісаць на сапраўднай расейскай, мае начальнікі выпраўляюць, бо гучыць нязвыкла, ня так, як гавораць нашыя парлямэнтары з абодвух парлямэнтаў, як мовіць і крамзоліць чынавенства, ня так, як піша “Белорусская деловая газета” альбо вяшчаюць у Беларускай тэлевізіі (дзе абедзьве мовы — жах!). Усе нашы расейскамоўныя гавораць кепска — незалежна ад палітычнага вызнаньня. (За выняткам, магчыма, Фядуты.)

Яшчэ горшая сытуацыя у захалусных гарадкох ды мястэчках. Калі менчукі — расейцы другога гатунку, дык жыхары раённых гарадкоў — трэцяга. Паслугоўваюцца ў сярэднім 500 словамі і некалькімі няправільна ўсьвядомленымі моўнымі канструкцыямі. Прыкладаў не прыводжу. І так усё ясна.

Дзеля чаго пішу? Мы не павінныя паддавацца і пладзіць брыду, пыкаючы-мыкаючы па-расейску. Мы можам шляхетна размаўляць па-свойму. Апраўданьні кшталту «Прабачце, мы ў школе па-беларуску не вучыліся» цяпер — такі ж кепскі тон, як і трасянка.

Ева Вежнавец, Менск

 

Акцыянэрнае таварыства чытачоў «Нашай Нівы»

Найноўшую «Нашу Ніву» можна падзяліць на тры пэрыяды: 1991—95, 1996—99, а апошні пачаўся з другой паловы 99-га. Для мяне самаю нясмачнаю была другая «НН» — нясьпелаю. Пасьля той звышцудоўнай газэты, якой была «НН» першага пэрыяду, асабліва яе апошнія нумары, у якой заўсёды было чытво для душы. Ясна, што такія нумары дорага было рабіць дый не разьлічаныя яны на масавага чытача, але... Цяперашняй «НН» да газэты, якую Вы, мабыць, хочаце мець, яшчэ далёка — пішу гэта і галавою, і душою. Беларускі рупар, якім Вы хочаце стаць, найперш павінен быць больш зразумелы. А Вы часам сваімі тэкстамі блытаеце. Або друкуеце вялікія тэксты там, дзе можна было сьцісла ўсю ідэю выказаць.

Я тут усё вучу і вучу. «Калі ты такі разумны, дык чаму сам у падраных портках ходзіш?» — запытаецеся. Хаджу, бо няма ў мяне ў галаве гэтай... як яе... упартасьці думкі... Плыву па плыні, дык і добра. Толькі часам зьяўляюцца і ў мяне думкі, якімі хочацца, каб людзі пакарысталіся. А калі не скарыстаюць, дык хоць выгаваруся.

Неяк у «другой НН» друкавалі Вы інфармацыю пра кнігу Быкава «Сьцяна» і былі там надрукаваныя такія словы: «выдавецкая група «Наша Ніва». Я тады скептычна да гэтага паставіўся. Ат, думаю, хлопцы мару сваю надрукавалі, каб пацешыць сябе трошкі.

Цяпер жа задумляюся: чаму б Вам сапраўды не зрабіць гэтую «групу»? Штотыднёвік каб стаў базай, далей зрабіць штомесячны дадатак (узору «НН» 1995 году), які б задаволіў густы Вашай старой чытацкай «гвардыі» (якая чакае свайго «імпэратара»). (Тут сп.Дынько бадай можа аспрэчыць сваім «Arche», але ж няма ў «Arche» смаку. Бо сваёй тэмаю «Arche» ўвесь смак адбівае. Гэта тое самае, каб Вас цэлы дзень кармілі сырнікамі са сьмятанай. Так, адразу смачна! А потым?..) Нарэшце Вы маглі заснаваць пару рэгіянальных тыднёвікаў. На іх Вы і падзарабіць змаглі б, і нацыянальную ідэю прапагандавалі б. Бо тыднёвікі, якія ёсьць у правінцыі, часта вельмі нізкага ўзроўню. У Баранавічах, прыкладам, ёсьць 2 не«залежныя» тыднёвікі з агульным накладам пад 20 тысяч (яны дзеляць яго пароўну), але чытаць іх, на мой погляд, шкодна для здароўя, хоць і стаяць на дэмакратычным кірунку. Пры гэтым іх добра купляюць дзеля рэклямы, тэлепраграмы, абвестак. Бум мясцовых мэдыяў, які назіраецца цяпер, Вы маглі б скарыстаць.

Калі ў Вас грошай на стварэньне такой групы няма, дык маглі б стварыць закрытае акцыянэрнае таварыства для сваіх Чытачоў. Ахвочыя ўкласьці свае грошы, я мяркую, зьявяцца.

Адам Браніцкі, Баранавічы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0