Да сустрэчы ў Жопцеве

 

Ліст сп.Гуменьнікава наўзаймы ўзбунтаваў успамінамі і маю грэшную душу.

Пачну з таго, што можа быць аднесенае да памяці продкаў і што з прычыны газэтнага фармату ня трапіла ў «Краіну бяз будучыні». А менавіта з таго, што Себескі раён ня толькі горнецца да Беларусі (бо гэта і ёсьць яшчэ Беларусь у ейных этнаграфічных межах), пасылаючы сёньня сваіх лепшых сыноў ды дачок у Полацкую alma mater. Цалкам верагодна, што нашыя са сп.Гуменьнікавым продкі — «палякі», у 1863 годзе поплеч ваявалі з расейскімі карнікамі ў Юхавіцкіх лясах у паўстанцкім аддзеле Баляслава Кульчыцкага, дзе змагалася полацкая й себеская шляхта, а таксама тутэйшыя студэнты Пецярбурскага ўнівэрсытэту.

Вяртаючыся ж да тапаніміі, найперш з салодкім шчымлівым болем згадаю амаль што родную вёсачку КОПЦЕВА, якая прытулілася да Дзьвіны паміж маімі Полацкам і Наваполацкам. Колькі сябе памятаю, нейкая руплівая рука зноў і зноў удакладняе гэты назоў, дадаючы да ягонай першае літары ейны ж люстраны адбітак. Двума спрытнымі рухамі рукі сьціплае й невыразнае КОПЦЕВА імгненна ператвараецца ў ганарліва-таямнічае ЖОПЦЕВА і, прызнаюся, аднойчы гэтай клапатлівай рукою была тая самая, што зараз піша гэтыя радкі.

Назоў суседняй полацкай вёскі, дзе, між іншым, нарадзіўся беларускі рэжысэр Валеры Масьлюк, таксама не заўсёды задавальняў навакольных насельнікаў. Тут папрацаваць даводзілася болей: шляхам зьмяненьня першай і трэцяй літараў РОПНО трансфармавалася самі разумееце ў што. Але ў незалежнай Беларусі, калі назовы на дарогах загучалі па-беларуску, ліхадзеі-рэдактары наскага старажытнага тапоніму былі пазбаўленыя козыраў і сваю безгустоўную чыннасьць мусілі пасьпяхова спыніць.

Прыклады можна доўжыць. Пад Берасьцем існуе станцыя ВЕРАСЫ, якая ўжо даўно больш вядомая тамтэйшаму жыхарству як ВСРАСЫ, што нават непаляшук, ня вельмі напружваючыся, разумее безь перакладчыка. Кажуць, такім чынам мясцовыя апазыцыянэры ставяць адзнаку аднаму вядомаму палітыку.

Як выглядае, глыбока чалавечыя пачуцьці іроніі ды самаіроніі раз-пораз сустракаюцца і ў сэрцы братоў-«скабароў».

Дарэчы, вэрсія сп.Гуменьнікава зь ліцьвінскімі «дуламі» — бліскучая, хоць сваёй справы ў Інфлянцкую вайну яны, дулы, на жаль, не дарабілі.

Наконт перанятай у старэйшага брата звычкі з нагоды і без нагоды наступаць на корак, спрачацца са сп.Гуменьнікавым ня буду. Каб такога намеру ня ўзьнікла і ў яго, магу параіць знайсьці ў старых гадавіках «НН» або ў маёй кніжцы «Божая кароўка зь Пятае авэню» эсэ «За што Авін забіў Кавэля».

Варта, відаць, заўважыць, што «Краіна бяз будучыні» — таксама эсэ, а не справаздача. Адчуйце, як той казаў, розьніцу.

І, нарэшце, найістотнейшае. Радзіма ж у нас са сп.Гуменьнікавым адна; другой не было, а трэцяй ня будзе. Іначай, мы не займаліся б дасьціпным і несумненна карысным падарожнікам ліставаньнем, а, магчыма, згадвалі б зараз любую нашаму сэрцу рачулку ня дома, а недзе ў Старапрамыслоўскім раёне чачэнскай сталіцы (які ўчора «вызвалілі», паводле маіх падлікаў, ужо сёмы раз) або ехалі б дахаты ў залітаванай труне, як «скабар» Сярога або тое, што ад Сярогі засталося.

І калі нам са сп.Гуменьнікавым выпадзе некалі ў нашых вандроўках сустрэцца, няхай гэта здарыцца ўсё ж у Копцеве-Жопцеве, а не ў «багатай» Дулаўцы-Дупаўцы, пагатоў пасьля іхнага «багатага абеду».

Уладзімер Арлоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0