Практыкаваньне ў эзопавай мове

 

Гэтая гісторыя адбылася тады, калі ў нашай краіне не існавала незалежных газэт, затое існаваў злавесна-змрочны інстытут «галаўлітаў». Для зусім маладых чытачоў патлумачу, што галаўліт — гэта такі цэнзар-кагэбіст, які сядзеў пры кожнай рэдакцыі ці Доме друку і ўважліва прачытваў кожны нумар кожнага выданьня. Ён адсочваў, каб у друк ня трапілі вайсковыя сакрэты, а таксама «апалітычнасьць». (Насамрэч дагэтуль ня ведаю, як расшыфроўвалася абрэвіятура «галаўліт». Галаўны літаратар, ці што?)

Вось жа, пра шмат якія рэчы нельга было сказаць простымі словамі. Напрыклад, «я не люблю камуністычнай партыі» або «які прыгожы наш бел-чырвона-белы сьцяг!». І зусім не рука галаўліта выкрэсьліла б гэтыя фразы, і нават не рука галоўнага рэдактара. Свая ўласная не паднялася б іх напісаць. Ад тае хвіліны, як нехта пачынаў адчуваць сябе дысыдэнтам, «нацыкам», нязгодным, ён засвойваў майстэрства алюзіяў ды алегорыяў. Нам, студэнтам, гэта нават і цікава было. Такая сабе кампутаравая гульня, дзе на першым узроўні трэба прайсьці загадчыка аддзела, на другім — стыльрэдактара... На апошнім, вядома ж, падпільноўваў сам «д’ябал». Затое колькі радасьці было, калі ты атрымліваў прыз — газэту з надрукаваным артыкулам! А ў якасьці prize-game — змоўніцкія позіркі сяброў. Маўляў, мы зацанілі загаловак «Яркі агонь сярод ночы» і разумеем, пра якую гэта ноч ідзецца...

Але ўсё гэта прыказка. Казка пачынаецца адсюль. Дакладней, показка.

У 1984 годзе, калі Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня існавала ўжо каля чатырох гадоў, мы атрымалі запрашэньне наведаць Маладэчна. У адным з рабочых інтэрнатаў гэтага мястэчка сарганізавалася група беларускіх энтузіястаў, якая ладзіла там нацыянальныя імпрэзы і мела адпаведна абсталяваны пакой зь немудрагелістай назваю «Беларуская хатка». На адну з такіх імпрэзаў мы й выправіліся — ці то як госьці, ці то як паўнамоцныя прадстаўнікі сталічнага «падзямельля» з інспэкцыяй раённай філіі. «Шчыгулаў» тае вечарыны ня памятаю (магчыма, яна прысьвячалася Язэпу Драздовічу), але адзінае, што нас сапраўды ўразіла — гэта лідэр маладэчанскіх беларусаў, малады токар Міхась Казлоўскі. Энэргічны, вельмі начытаны і вельмі ўпарты, ён адзін там усіх заводзіў, і ўсё на ім трымалася.

І вось пра гэты інтэрнат і пра Міхася мне трэба было напісаць у газэту, дзе я тады працавала, — у «Чырвоную зьмену». Мне было 22 гады, майстроўскі стаж — два з паловай гады. Юнацкі рамантызм, памножаны на ўзбуджальнасьць нацыяналісткі-нэафіткі, спарадзілі пад дваццаць старонак тэксту. Нарыс называўся «Краявід са званіцай» (назва, безумоўна, была наскрозь алегарычная, дый увесь артыкул быў густа нафаршаваны мэтафарамі, кшталту «чырвона-белай усьмешкі вечнасьці»). Сапраўды, без усьмешкі сёньня з таго артыкулу і зацытаваць няма чаго. Хіба адзін абзац — дзеля ілюстрацыі, наколькі наіўнай ды бяскрыўднай была тады нашая беларушчына.

«Я ўпэўнена: калі б у «Беларускую хатку» прыйшоў чалавек, абсалютна не знаёмы з тым, што называем мы словам «Беларусь», калі б ён уважліва прачытаў і перагледзеў усе стэнды, малюнкі, усе рукапісныя газэты, то агульнае ўяўленьне атрымаў бы самае грунтоўнае. Усе асноўныя этапы нашай гісторыі прыблізна за тысячу гадоў (гэта, натуральна, ізноў намёк — на забароненае сьвяткаваньне тысячагодзьдзя Беларусі. — В.К.) тут адлюстраваліся. На стэндзе «Слава твая, Беларусь» — выявы людзей, якімі наш народ ганарыцца: ад Вітаўта да Клімука... Рэпрадукцыі лепшых мастацкіх твораў, кадры зь лепшых спэктакляў, сучасны пэрыядычны друк Беларусі — усё тут».

Вось, здавалася б: чаму гэтыя цнатлівыя ручнічкі-валошкі так разьюшвалі кампартыйных ідэолягаў? Відаць, мелі-такі яны талент Касандры й добра адчувалі розьніцу паміж санкцыянаваным ды стыхійным. Зь несанкцыянаванага ручнічка заўсёды нешта магло вылезьці...

Карацей, артыкул надрукавалі. Мне, як аўтарцы, глыбокую сатысфакцыю прынесла хвіга, схаваная паміж двума абзацамі, першы зь якіх сканчаўся фразай «гэта было балота», а другі пачынаўся словамі «сучасная беларуская літаратура».

А праз колькі месяцаў вярнуўся са службы ў Нямеччыне Сяргей Шупа і прывёз мне ў падарунак нейкую касэту. Праслухаць не было на чым — у мяне на той час меўся толькі шпулёвы «Маяк», вяршыня савецкай тэхнікі. Пазычыўшы ў сябровак касэтовік, я позна ўночы зачынілася ў сваім пакоі. І пачула з касэты голас, ад якога па сьпіне пабеглі мурашкі. Мусіць, усе, колькі іх там было, выбеглі з мурашніка. Голас быў выразна несавецкі, нават падкрэсьлена-антысавецкі, а гаварыў ён пра мой артыкул.

«Трэцяга чэрвеня гэтага году газэта «Чырвоная зьмена» надрукавала нарыс журналіста Яфіменкі аб аматарах адраджэньня беларускай нацыянальнай культуры ў горадзе Маладэчне... Краявід са званіцай — сымбаль нацыянальнай культуры, якой прагнуць мільёны людзей на Беларусі...»

У мяне высахла ў роце. Я адчула сябе радысткай Кэт, чыя шыфроўка трапіла па прызначэньні. Голас працягваў:

«Клюб у рабочым інтэрнаце — не вялікая падзея ні для заводу, ні тым больш для рэспубліканскай прэсы. Дый сам клюб маленькі — адзін пакой. Але — з сакрэтам... Народ, пазбаўлены сваёй культуры, параўноўваецца з рэчкай, якой перарэзала шлях штучная дамба. Сымболіка тут нескладаная... За стварэньнем маленькага клюбу ў Маладэчне стаіць цэлая філязофія нацыянальнага адраджэньня беларусаў... Задачу гэтую, наагул нялёгкую, асабліва цяжка вырашыць ва ўмовах Савецкага Саюзу... Але нарыс поўны аптымізму. Справа, якой займаюцца ў Маладэчне і, я думаю, ня толькі ў Маладэчне, падаецца як нешта надзвычай абнадзейвальнае, і ўсе аматары яе, паводле нарысу, сьвецяцца радасьцю...»

Што праўда, то праўда. Я адчувала, што «засьвяцілася», і вельмі ярка. Нават на ўсялякі выпадак выключыла ў пакоі сьвятло. Хаця наўрад ці заснула ў тую ноч — калі ўпершыню ў жыцьці пачула перадачу радыё «Свабода».

Касэту я доўгі час хавала нават ад блізкіх сяброў. Нядаўна знайшла яе глыбока ў шуфлядзе, вось і пацягнула на ўспаміны. Наагул, шмат цікавага было ў часы Майстроўні, хоць ты раман пішы, хоць анэкдоты.

Адзінае, чаго б мне не хацелася пісаць ніколі — гэта падручніка па эзопавай мове.

Віялета Кавалёва


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0