Вы размаўляеце па-латыску?

 

Апошні час зноў выявіў праблему сужыцьця Маскоўшчыны з суседзямі. Крэмаль вінавацяць у спробах дэстабілізацыі сытуацыі, Расея вярнулася і да сваёй даўняй сфэры інтарэсаў — Балтыі. Галоўны ўдар накіраваны на Латвію, дзе каля 30% жыхароў расейскага паходжаньня і дзе вялікая прысутнасьць расейскага капіталу.

 

Расея ўлівае вялізныя грошы ў латвійскія філіі такіх расейскіх фашыстоўскіх арганізацыяў, як РНЕ, а таксама праз падкантрольныя мэдыі спрабуе кампрамэтаваць тых палітыкаў і ўрадаўцаў, якія пярэчаць інтарэсам расейскага бізнэсу ў Латвіі. Іншая стратэгія Расеі — нагнятаньне страху і варожасьці сярод некарэннага насельніцтва краіны. Заклапочаная гэтымі атакамі прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрайбэрге на тым тыдні адкрыта абвінаваціла Расею ў замахах на незалежнасьць Латвіі, чым адразу прыцягнула ўвагу сьвету да стасункаў Рыгі з былой мэтраполіяй. Сьвет адрэагаваў на заяву з спагадаю.

Расейска-латыскія дачыненьні ніколі не былі цёплымі, але найбольш псавацца яны пачалі зь вясны 1998 г.

Латвія хутка дасягнула поўнай палітычнай самастойнасьці і адраклася савецкай культурнай спадчыны, абапіраючыся на нямецкую помач. ФРН стала другім па значэньні гандлёвым партнэрам Латвіі (12—15% экспарту-імпарту) Але асноўным эканамічным партнэрам Латвіі, у адрозьненьне ад выпадкаў Літвы і Эстоніі, фатальна заставалася Расея.

Найбольшай праблемай Латвіі, апроч як прывязанасьць да нестабільнай і крыміналізаванай расейскай эканомікі, зьяўляецца дэмаграфічная. Насельніцтва меншае штогод на 8—10 тыс. Доля латышоў у насельніцтве пабольшала да 56,5% (52% за Саветамі), але дзеля адмоўнага дэмаграфічнага росту цяпер латышоў застаецца менш, чым у 1939 г.

Праграмы ўсіх латыскіх партыяў амаль аднолькавыя і дэкляруюць вартасьці незалежнасьці і інтэграцыі ў Эўразьвяз і NATO. Адрозьніваюцца ж яны стаўленьнем да пытаньня грамадзянства і неграмадзянаў (левыя прапануюць вырашыць гэтае пытаньне больш лібэральна). Пытаньне гэтае ключавое для латыскай палітыкі, бо грамадзянамі краіны зьяўляюцца толькі каля 75% насельніцтва. Яно далікатнае: некантраляваная інтэграцыя ў грамадзтва неграмадзянаў расейскага паходжаньня можа паставіць пад пагрозу нацыянальную адметнасьць краіны.

Таму гэтае пытаньне жорстка стаіць у Латвіі: існуе нават адмысловая пасада моўнага інспэктара, якіх 18 на краіну з 2,6 мільёнамі жыхароў. Яны завітаюць ва ўсякую ўстанову й фірму, калі ўведаюць, што там мала размаўляюць па-латыску. Іншыя зь іх могуць нават прыкінуцца кліентамі. Калі ж знойдуць парушэньні, то штрафы сягаюць дзясяткаў даляраў. Кожны нелатыш мусіць мець сэртыфікат пра веданьне латыскай мовы. Сэртыфікат мае тры ступені, у залежнасьці ад таго, дзе чалавек працуе.

Калі праца мінімальна зьвязаная са зносінамі зь людзьмі, дык дастаткова мінімальнага веданьня мовы, а вось, скажам, прадаўцы ўжо мусяць мець сярэднюю ступень. Загадчыкі ж крамаў маюць валодаць сэртыфікатам найвышэйшай ступені. Іншым разам сэртыфікаты падрабляюць і купляюць, таму моўны інспэктар спраўджвае веданьне мовы на практыцы: прадавец павінен ведаць латыскія назвы таго, што ён прадае, цырульнік — назвы, прыкладам, шчыпцоў для завіўкі. Муніцыпальная моўная інспэкцыя рэагуе на заявы грамадзянаў пра тое, што іх недзе не абслужылі па-латыску. Абсалютна ўсё, ад чэкаў да інструкцыяў, павінна мець адпаведнік на латыскай мове.

Пры ўсім гэтым у пяцёх найвялікшых местах краіны: Рызе, Лібаве, Дзьвінску, Вэнтспілсе і Ялгаве — яшчэ й сёньня латыскамоўныя ў меншасьці. Трэба сказаць, што латышы і расейскамоўныя ў цэлым суіснуюць мірна і падпарадкоўваюцца канстытуцыйным нормам.

Мы ж пакуль што толькі марым пра такое жыцьцё, як у Латвіі. У нас дагэтуль любы пан — ад міліцэйскага чыноўніка да кантралёра ў транспарце — калі толькі хоча, можа дазволіць сабе папаляваць або папляваць на грамадзянаў, што ня ведаюць расейскай мовы. Ужываючы далёка не канстытуцыйныя мэтады.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0