Леташні сьнег

Канцэрт польскіх кампазытараў-авангардыстаў у Менскай Філярмоніі

На нашую сцэну завітаў польскі музычны авангард! Колькі мы яго чакалі? У сукупнасьці — гадоў сорак. За гэты час самыя нецярплівыя пасьпелі памерці. З Варшавы надыходзілі трывожныя весткі, быццам авангард ціха канае і што нават ягоны лідэр — Кшыштаф Пэндэрэцкі — перакваліфікаваўся спачатку ў замшэлага рэтраграда і рамантыка, а пазьней у дырыжора. Менчукі палохаліся і прасілі начальства паслаць найбольш правераных дэлегатаў проста ў Варшаву, каб тыя на месцы ўпэўніліся, што з авангардам усё ў парадку. Начальства пасылала, вядома ж, кампазытараў, а тыя вярталіся вельмі задаволеныя пакупкамі, зробленымі ў варшаўскіх крамах, і шчыра апавядалі, што авангард пакуль што жывы, але выглядае жахліва — а значыцца, хутка памрэ. І тады нашыя адэпты сацыялістычнага рэалізму ўжо напэўна апынуцца наперадзе самога прагрэсу!

Цяпер вартаўнікі ранейшых догмаў ператварыліся ў постмадэрністаў, а найбольш спрытныя зь іх ладзяць свае прэм’еры на фэстывалі “Варшаўская музычная восень”, які шчэ нядаўна быў культавай імпрэзай цэнтральнаэўрапейскага авангардызму. Нават былая маналітнасьць Саюзу кампазытараў незаўважна пачала трашчаць па швах. Гадоў дзесяць таму ў ягоных нетрах утварылася асобная арганізацыйная адзінка — Беларуская асацыяцыя сучаснай музыкі — якая зьяднала маладжавых не-артадоксаў, што імкнуліся завязаць кантакты з Захадам і далучыцца да агульнаэўрапейскае музычнае плыні. І гэтая мэта, у пэўным сэнсе, была дасягнутая! У 1992 годзе групоўка БАСМ сталася калектыўным чальцом Міжнароднага таварыства сучаснай музыкі з цэнтрам у Амстэрдаме.

А рэшта Саюзу кампазытараў ці, дакладней кажучы, Саюз кампазытараў як арганізм прадаўжае сваё існаваньне ва ўмовах абсалютнай самастойнасьці. Г.зн., ніхто ў сьвеце яго не прызнае з прычыны ягонай арганічнай зьвязанасьці з былым камуністычным рэжымам. Хаця апошнім часам Саюз фармальна нават мацнее — абвяшчае праслухоўваньні, ладзіць дыскусійныя клюбы і стварае пераканаўчую ілюзію жыцьця. Можа, з гэтай ці іншай нагоды сябры БАСМу зусім не сьпяшаюцца пакідаць старую кампазытарскую арганізацыю. Пераважная большасьць БАСМаўцаў папросту не гатовая пайсьці з-пад афіцыйнага даху ў белы сьвет, дзе ня будзе закупачнай камісіі, таннага ксэраксу і іншых дробязяў, якія надта палягчаюць жыцьцё кампазытара.

“А што ж польскі авангард?” — запытаецеся вы. Дык вось, менавіта палякі — прытым авангардысты — у свой час дапамаглі нашым людзям трапіць у амстэрдамскае таварыства. Цяпер — праз восем год — нарэшце, насьпеў час ім, палякам, аддзячыць.

Дзякуючы Польскаму інстытуту ў Менску апынуліся дзьве прыкметныя асобы з польскага кампазытарскага асяродку: старшыня Саюзу польскіх кампазытараў, загадчык катэдры кампазыцыі Варшаўскай акадэміі музыкі Зьбігнеў Багінскі і старшыня выканкаму Міжнароднага таварыства сучаснай музыкі, нязьменны лідэр Польскага таварыства сучаснай музыкі Зыгмунд Краўзэ.

Багінскі два гады таму ўжо наведваў Менск. Тым разам Польскі інстытут наладзіў ягоную сустрэчу зь беларускімі кампазытарамі і майстар-клясу для кампазытарскай моладзі ў памяшканьні Саюзу. На гэты заклік прыйшло чалавек пятнаццаць-дваццаць — збольшага дзяўчаткі-музыкаведкі з кансэрваторыі, якім трэ пісаць дыплёмныя працы. Кампазытараў было пяцёра ці шасьцёра; ну й, вядома, ніхто з нашых “маладых геніяў” не прынёс з сабою ніякай партытуры. Багінскі быў крыху расчараваны, але хутка суцешыўся, калі ў залі адшукаўся перакладчык, а таксама публіка, гатовая слухаць ягоныя бясконцыя расповеды пра свае ўласныя творы. Гэткім чынам нам удалося паслухаць ня толькі расповеды, але і самыя творы, якія, мякка кажучы, аказаліся зусім не такімі цікавымі, як байкі пра іх. Можа гэта быў заўсёдны адмоўны эфэкт “кансэрваванай музыкі”, бо на мінулым тыдні ў Філярмоніі гэты ж Фартэпіянны канцэрт выдаўся ці не найлепшым з усяго, што там прагучала.

Зыгмунд Краўзэ ў 1967 г. заснаваў слынны гурт “Варштат Музычны”, які цягам наступных 25 гадоў спэцыялізаваўся ў выкананьні найноўшай музыкі. Краўзэ стаўся першым польскім кампазытарам, які паспрабаваў сябе ў жанры пэрформансу — у тэрміналёгіі самога Краўзэ гэта называлася “прасторава-музычнымі кампазыцыямі”. Свае сольныя імпрэзы ён ператварае ў сапраўдны тэатар абсурду з адпаведнай бутафорыяй і аксэсуарамі, накшталт белых пальчатак на руках. Часам Краўзэ ўключае ў праграму таксама й клясічныя творы, але ў гратэскавай форме. Усё гэта дазваляла спадзявацца на цікавы выступ.

Прадчуваньне сьвята зьнікла яшчэ ў той момант, калі сп. Краўзэ зьявіўся на сцэне — маладжавы, дзелавіты, спартыўны, больш падобны да эўрапейскага ўрадніка, чымся да артыста. Ягоны твор падаўся даволі-ткі звычайным, нягледзячы на выкарыстаньне нетрадыцыйных інструмэнтаў: двух акардэонаў, дзьвюх электрагітараў і трох саксафонаў. Як і ў іншых творах, якія выконваліся падчас імпрэзы, па-за грукатам аркестру анічога не было чуваць. Часам складалася дзіўнае ўражаньне: бачыш, як піяніст штомоцы калоціць па клявішах, але з-пад ягоных пальцаў не даходзіць аніводнага гуку. Як у жудасным сьне альбо ў нямым кіно. Агульнае ж пачуцьцё такое, быццам авангард надакучыў нам яшчэ да таго, як мы зь ім болей ці меней пазнаёміліся. Публіка ў залі (сярод якой чамусьці быў цэлы ўзвод байцоў зь Міністэрства па надзвычайных сытуацыях у плямістых фармянках) шчыра сумавала.

Значная частка публікі прыйшла выключна паслухаць два творы менскага кампазытара Алега Соніна, галоўнага ініцыятара імпрэзы. Сонін як старшыня Беларускай асацыяцыі сучаснай музыкі ўжо даўно ўсталяваў трывалыя кантакты з Краўзэ і Багінскім. Што ж датычыць ягоных уласных твораў, дык яны ня вельмі адрозьніваліся ад твораў гасьцей. Хіба што ў ягонай Драматычнай сымфоніі № 3 пад назваю “Каханьне Сапфо” выкарыстоўвалася ня толькі фартэпіяна, але й чалавечыя галасы і нават мэлядэклямацыя. Народная артыстка РБ Натальля Руднева мусіла дэклямаваць наступны тэкст:

“Помнишь, как ты любил мои сладострастные движения?

Нет от тебя мне покоя.

Языка твоего прикасание.

Стыдно сказать, что бывает затем.

Нет от тебя мне покоя…”

Тут і аркестар, і фартэпіяна разам упалі ў такі экстаз, што ніводнага слова ўжо не было чутна. Раптам усё на сэкунду прыціхла, і прагучала апошняя фраза:

“…плачу о нашей любви”.

Вершы, вядома ж, Авідыя, але слухаць іх усё роўна неяк няёмка. Асабліва побач з вайскоўцамі з МНС.

Адзіным сапраўды прыемным здарэньнем падчас імпрэзы сталася тое, што сп.Краўзэ ў кароткай прамове высока ацаніў дырыжора нашага філярманічнага аркестру Генадзя Праваторава. Паводле словаў Краўзэ, Праватораў — гэта буйны артыст, якіх у сёньняшнім сьвеце засталося вельмі мала. Гэта чалавек, для якога музыка — адзіны сэнс жыцьця, і знаёмства зь ім вартае таго, каб ехаць у Менск (і, як відавочна вынікае з гэтае фразы, цярпець усе невыгоды менскага надвор’я, сэрвісу і дрэнных раяляў). Мы Праваторава таксама любім, таму слухаць гэта было вельмі прыемна. Каб жа толькі нам навучыцца любіць тое, што ў нас ёсьць! А авангард — ён прыходзіць і сыходзіць. Зусім як леташні сьнег.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0