Сфармаваныя імпэрыяй

Алесь Чобат

 

І

Галоўная асаблівасьць беларускай нацыі ў тым, што яна фармавалася не ў клясычную “эпоху нацыяналізму” ХІХ ст., але ў эпоху эўрапейскіх войнаў і сацыяльных рэвалюцыяў ХХ ст.

Беларусы найперш сацыяльная, а не нацыянальная супольнасьць. “Вялікая вёска”. Лучыць іх не гістарычны лёс, не мінулае і будучае, але выключна сёньняшні дзень. Нават стаўленьне беларусаў да суседзяў абмежаванае сёньняшнімі патрэбамі. Сярэднестатыстычнага беларуса мала цікавіць сусед як чалавек; тым больш іншая нацыя як нацыя. Больш цікавіць яго суседзкі двор або іншая краіна як месца магчымага заробку, пазыкі альбо здабычы трафэяў. Таму стаўленьне беларусаў да расейцаў і да Расеі вельмі рознае: расеец гэта ўсяго толькі чалавек, безь якога пражыць можна, але Расея — гэта зямля абяцаная, бо там такія сродкі, рэсурсы, грошы, тавары і магчымасьці, безь якіх пражыць нельга. Ні Эўропа, ні нават Амэрыка не вытрымліваюць у вачах беларуса канкурэнцыі з Расеяй — яны ня так лёгка даступныя і не такія надзейныя, а рызыкі беларус ня любіць.

Такая шчырая лёгіка гучыць брыдка, а ў жыцьці выглядае яшчэ горай, таму існуе маскіровачны міт пра тое, што “беларусы — гэта тожа рускія”, “гаварат па-рускі” etc. Насамрэч, зь беларускага пункту гледжаньня, Расея — як бяздонная бочка і панскі двор! — мусіць быць, а самі расейцы могуць зусім ня быць.

ІІ

Другая асаблівасьць беларускай нацыі ў тым, што яна фармавалася не ў сваёй дзяржаве, але ў Расейскай Імпэрыі і Савецкім Саюзе. Фармавалася на самым памежжы Імпэрыі з прынцыпова іншай культурай, з эўрапейскай традыцыяй у палітыцы і гаспадарцы, зь іншым побытам, з польскім, наймацнейшым у Эўропе каталіцызмам. Польскія эліты і сфармаваная імі польская нацыянальная сьвядомасьць лічылі Беларусь ня проста акупаванымі Расеяй землямі Рэчы Паспалітай, але духоўна і культурна польскімі землямі.

Аднак, перамога “польскасьці” на Беларусі была малаверагоднай. Справа ў цывілізацыйным адрыве. Польшча перасягала беларусаў на тры-чатыры галавы, тады як расейцы як нацыя зусім нас не перасягалі, а часам і горш выглядалі. У шматнацыянальнай імпэрыі беларусы мелі лепшыя шанцы на індывідуальнае выжываньне і жыцьцёвы прагрэс, чым у Польшчы, абсалютна маналітнай, зь яе выгадаванай каталіцкім касьцёлам “вышэйшасьцю” ў параўнаньні зь іншымі. “Вялікадзяржаўны расейскі шавінізм” на ўзроўні сталічных кабінэтаў, замаскварэцкага купецтва ці правінцыйных дзержымордаў быў дзіцячай цацкай, пострахам на гародзе ў параўнаньні з фанатызмам местачковай “польскасьці”, тым болей, тут — на Крэсах.

ІІІ

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і Венскага Кангрэсу беларускія землі ад Буга да верхняга Дняпра — магнатэрыя і шляхта польскай культуры і каталіцкай веры; мястэчкі жыдоўскія ды прыгонная вёска, уніяцкая і часткова праваслаўная, — апынуліся ў складзе Расейскай Імпэрыі. У адрозьненьне ад цэнтральнай Польшчы, зь ейнай шырачэзнай аўтаноміяй у выглядзе Царства Польскага, Канстытуцыяй, 100-тысячным войскам, судова-прававой сыстэмай, нацыянальнай асьветай, банкам, валютай і мытнай мяжой з уласна Расеяй, “гістарычная Літва” не атрымала амаль нічога. Што праўда, дзейнічаў Віленскі ўнівэрсытэт, у судах ужываўся Літоўскі Статут. Імпэрыя проста ня ведала, што з тым рабіць — не хапала ні сілаў, ні людзей, ні сродкаў. Землі ад Буга да Дняпра не разглядаліся тады ў Санкт-Пецярбургу як “исконнорусские”, Царства Польскае было расейска-польскай Уніяй — з імпэратарам Аляксандрам І у якасьці караля Польшчы, якога прадстаўляў у Варшаве намесьнік Канстанцін з сымбалічным гарнізонам.

Польская палітычная думка разглядала беларускія землі як Забраны Край, а рэстытуцыя Рэчы Паспалітай не ўяўлялася без усходніх межаў 1772 г. ажно пад Смаленскам. Тыя ідэі высьпявалі не ў Варшаве, а ў Вільні — сярод “філяматаў” зь “філярэтамі” пад духоўным айцоўствам Лялевеля. З чаго б у Варшаве князям Патоцкім і разбураць Царства Польскае?! Калі б Аляксандар І паслухаў свайго прыяцеля Чартарыйскага і зрабіў з “гістарычнай Літвы” яшчэ адну аўтаномію, не было б ні Лялевеля, ні Міцкевіча, ні “падхарунжых” 1830-га.

Не было б і масавага мацаваньня на Крэсах той штучнай польшчыны, Храптовічы і Радзівілы не пачалі б заганяць уніятаў у каталіцтва. За два дзесяцігодзьдзі ў Беларусі зьявіліся дзясяткі новых касьцёлаў і тысячы “касьцельных палякаў” пры іх!

Халоп-каталік нічым ня розьніўся ад халопа-ўніята ці праваслаўнага. Толькі што хадзіў ужо не ў царкву, а ў касьцёл, разам з панам ці панскім аканомам. Халопу для пачатковага авансу шмат ня трэба.

Нават Лістападаўскае Паўстаньне 1830 г. нічога не зьмяніла ў імпэрскай палітыцы адносна “гістарычнай Літвы”. Трапіла пад рэпрэсіі адно Царства Польскае. А на Крэсах касьцёл нават узмацніў пазыцыі, набыўшы, як зачынілі Віленскі ўнівэрсытэт, німб апошняга абаронцы “польскасьці” ў Расейскай Імпэрыі.

Санкт-Пецярбург ня меў намеру “абрусачваць” “гістарычную Літву”. Імпэрыя дамагалася, каб “ліцьвіны” служылі Расеі “верай і праўдай”, як нямецкія бароны з-пад Рыгі і Рэвелю, грузінскія князі ці армянскія купцы. Плянаў пра будучыню Беларусі не было ніякіх...

ІV

Мала што зьмяніла і паўстаньне 1863 г. Прафэсар Міхал Каяловіч чытаў Аляксандру ІІ і ягонаму атачэньню лекцыі пра “Западную Россию”. Намаўляў імпэратара абаперціся на “западноруссов” (дзяцей-сэмінарыстаў уніяцкага паходжаньня). Генэрал-губэрнатар Мураўёў-“вешальнік” меў праекты больш шырокія: зачыніць усе каталіцкія кляштары, усе касьцёлы, збудаваныя пасьля 1772 г., а зямлёй з канфіскаваных польскіх маёнткаў надзяліць былых прыгонных халопаў бяз выкупу, ды яшчэ вывесьці з Краю войскі (казакоў — неадкладна), але за дэкаду перасяліць сюды 200 тыс. сялянаў з цэнтральнай Расеі. Каяловіч і Мураўёў прапаноўвалі зусім розныя рэчы: адзін хацеў падарваць “польскі элемэнт”, падняўшы статус і адукацыю беларусаў, другі імкнуўся вынішчыць тут усё польскае і калянізаваць “гістарычную Літву”! І вельмі хутка і Каяловіч, і Мураёў пайшлі ў адстаўку. Польскае лобі ў Санкт-Пецярбургу было мацнейшае, а Імпэрыя зьбіралася не вынішчаць тут “польскасьць”, а толькі “прыручыць” яе.

З 1867 г. была абвешчаная новая палітыка “замірэньня саслоўяў” — расейскага дваранства і польскай шляхты. Ня думаючы аднаўляць “польскасьць” (па-за вулічнай гварай і салёнамі), губэрнатар Патапаў за 15 год зрабіў усё, каб выдаліць з Краю ўсіх “мураўёўцаў”, разам са старым Сямашкам, не дапусьціць адкрыцьця “расейскага” ўнівэрсытэту ў Полацку (замест польскага ў Вільні), не дапусьціць пашырэньня нават пачатковай асьветы па-расейску! “Патапаўшчына” была не самадурствам, але кансэрвацыяй Сярэднявечча, быдлізацыяй Беларусі. Да 1881 г. “пяць беларускіх губэрняў” мелі ўсе разам менш школаў, чым адна Смаленская, дзе справы з “народнай асьветай” таксама ішлі не найлепшым чынам.

V

Практычна да 80-х ХІХ ст. расеец быў для беларуса “маскалём”, “прыежджым”, чыноўнікам, жандарам і афіцэрам. Тут ня бачылі ні земляробаў-каляністаў, ні мяшчанаў-рамесьнікаў.

Гадоў пятнаццаць па скасаваньні прыгону становішча ў “пяці беларускіх губэрнях” практычна не зьмянялася. Край гібеў. “Паны” трымалі натуральную гаспадарку — так і цягнулася паншчына, нават з гайдукамі і бізуном. “Царскія” надзелы зьменшыліся за пакаленьне з 9—10 га на адну гаспадарку да 2—3 га, а шостая частка “гаспадароў” была зусім безь зямлі. Не было тут зямельнага рынку, не было і ніякага рынку. Не было фабрыкаў. Таму пачалося масавае “адыходніцтва” (да 30—40% з Магілёўшчыны, нават з заходняй Гарадзеншчыны да 15%) на сэзонныя заробкі ў Расею, пераважна на будоўлю чыгунак, на фабрыкі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. У Польшчы ж была канкурэнцыя, там пазнавалі “чужых”, там майстар гаварыў па-польску, там не было царквы.

А ў Расеі беларус меў тыя самыя выгоды і невыгоды, што і любы прыбыш зь немцаў-лютаранаў, палякаў-каталікоў, татараў-мусульманаў. У кожнай Імпэрыі існуе пэўная “народная талеранцыя”, альбо абыякавасьць. Яна спрашчае адаптацыю і спрыяе асыміляцыі (у монанацыянальных монакультурных краінах з гэтым цяжэй!). Адно не разумеў тады і не разумее цяпер расеец: як гэта праваслаўны можа быць нерасейцам?! Бо “праваслаўны” і “расеец” гэта адно і тое, а што ты беларус, то й мы тут масквічы, варонежцы, яраслаўцы і г.д. Праз гэта прышчаплялася блытаніна нацыянальна-моўнай і культурнай адметнасьці з этнаграфічна-рэгіянальнай асаблівасьцю.

Яшчэ адным шляхам кантактаў расейцаў і беларусаў было войска. З аднаго боку, дэмабілізаваны “салдат” быў у сваёй вёсцы своеасаблівым “русіфікатарам”, зь іншага — мноства беларусаў лічыла армейскую лямку выгодай у параўнаньні з галотай у сваёй хаце, імкнулася застацца ў войску. У 1914 г. унтэр-афіцэраў беларускага паходжаньня было больш за ўкраінцаў.

Да канца прыгону ніякай “нацыянальнай сьвядомасьці” проста не магло быць. Мець нацыянальнасьць — прывілея свабоднага чалавека. Але беларус, пазбаўлены ўласнай эліты, быў ня так свабодны, як кінуты. І мусіў самаакрэсьлівацца, ня ведаючы, што такое ўвогуле нацыя.

Вясковец найперш самаідэнтыфікуецца праз акрэсьленьне сацыяльнай і рэгіянальнай прыналежнасьці. Праз тое, што ёсьць цяпер, тут і пры яго жыцьці. Ніякай гістарычнай памяці ці гістарычнай пэрспэктывы ў такім самаакрэсьленьні няма.

Нацыяналізм ХІХ ст. паўстаў пры ўдзеле гісторыкаў і літаратараў. Гэта яны ўбілі ў галовы мільёнам францускіх вілянаў, што тыя непасрэдныя нашчадкі Каралінгаў і Валезы, мільёнам нямецкіх баўэраў — што тыя нашчадкі Барбаросаў і Гогенцольлернаў, а мільёнам польскіх хлопаў — што яны спадчыньнікі Пястаў і Ягелёнаў. Бо радавітая арыстакратыя ў Эўропе насамрэч заўжды была касмапалітычнай, “мяшанай”, а “нацыянальную прыналежнасьць” мела на шыі як службу ці абавязак. А вось крыху ніжэйшыя клясы грамадзтва без нацыяналізму ў ХІХ ст. ня выжылі б! Нацыяналізм — вынік прамысловай рэвалюцыі і зьвязанай зь ёй дэмакратызацыі. Бо ўжо не арыстакраты, а плебс вырашаў лёс дзяржаваў...

У Беларусі, польскай правінцыі Расейскай імпэрыі, канкуравалі польская (мацнейшая адукацыйна-гаспадарча) і расейская (мацнейшая адміністрацыйна-мілітарна) “рацыі стану”. Без уласнай нацыянальнай эліты беларусы ў канцы ХІХ ст. мелі не “нацыянальнасьць”, а адметнасьць ад “не такіх, як яны”. “Тутэйшыя” гаварылі не па-расейску і не па-польску, але сваёй, “простай” мовай. Так не гаварылі ні ксёндз, ні бацюшка, ні пан-шляхціч і ні гаспадзін-ураднік.

Такая сацыяльная “ніжэйшасьць” перад “polskim panem” ці “русским господином” проста правакавала той “адукацыйны крываток” да “prawdziwych polaków” альбо “настоящих русских” — з канца ХІХ ст. і да нашых дзён.

Шанец беларусаў як нацыі быў у тым, што палякі і Расея не падзеляць Беларусь па-добраму, што будуць ня так прасоўваць і асыміляваць беларусаў, як не даваць іх прасоўваць ды асыміляваць іншай нацыі.

VІІ

Пры Аляксандру ІІІ (1881—94) была абвешчаная “шавіністычная” лінія “Россия для русских!”. Расея часова адмовілася ад актыўнай эўрапалітыкі, ня ўдзельнічала ў войнах, але пераўзброіла і мадэрнізавала армію і флёт, упершыню мела прафіцыт бюджэту і цьвёрды рубель, па тэмпах будаўніцтва чыгунак перагнала Амэрыку etc. Жорсткія адміністрацыйныя меры абмежавалі самадурства “новых расейцаў” — фабрыкантаў, і неўзабаве заробак фабрычных работнікаў павялічыўся ў чатыры разы.

Гаспадарчы рост выклікаў разьвіцьцё адукацыі. Ужо перапіс 1897 г. паказаў, што ў Беларусі налічвалася 87% пісьменных мужчынаў і 45% жанчынаў ва ўзросьце да сарака гадоў. Сэмінарыі і селькагаспадарчыя школы ў Вільні і на правінцыі штогод выпускалі сотнямі аграномаў і школьных настаўнікаў — падрастала свая, мясцовая інтэлігенцыя.

Паколькі беларусы ня мелі старой, “фэўдальнай” нацыянальнай эліты, гэты адукацыйны прарыў спрыяў ня столькі фармаваньню нацыі, колькі адыходу “адукаваных тутэйшых” да суседзяў. Дзевяць зь дзесяці беларусаў, стаўшы на пачатак жыцьцёвай кар’еры, забываліся пра Беларусь беззваротна. Адны абавязкі і небясьпеку цягнула за сабой тая “беларускасьць”. Але ўжо тады паліцыя рэгулярна выкрывала ў сэмінарыях (Нясьвіж, Вільня etc.) падпольныя гурткі “беларускіх нацыяналістаў”. Іх аддавалі ў штрафныя роты, а выкладчыкаў за “дрэнны нагляд” ссылалі ў Туркестан. Амаль усе дзеячы БНР 1918—25 г. — былыя сэмінарысты: настаўнікі, афіцэры і аграномы. Адукацыя, хоць і на “чужой” мове, гэта адукацыя. Шмат адбіраючы на карысьць тытульнай расейскай нацыі, тыя сэмінарыі і школы ўсё ж гадавалі нацыянальную інтэлігенцыю. А казёншчына і паліцэйскі дух праз натуральны малады пратэст толькі памнажалі яе!

Капіталізм ХІХ ст. не сфармаваў тут паўнавартаснай нацыі, але менавіта ў канцы ХІХ ст. “беларускі фактар” упершыню ў сучаснай гісторыі праявіўся ў культуры і палітыцы. Перапіс 1897 г. упершыню зафіксаваў беларусаў як асобную частку “трыадзінага расейскага народу”. А тое “трыадзінства” — насамрэч зусім непатрэбнае царызму! — падкінуў яму ўсё той жа колішні “западнорусс” прафэсар Каяловіч. Гэта быў пачатак беларускай нацыі. Бо нацыя ёсьць не тады, калі сама крычыць пра сябе, але калі пра яе... ціха згадваюць моцныя суседзі.

VІІІ

Расейская Імпэрыя не магла, хоць гэта было цалкам лягічна і пэрспэктыўна, падзяліць беларусаў з Польшчай. Бо на 1830 і 1863 г. не было Польшчы, быў толькі “Привисленский Край”. Не з сацыялістамі ж з падпольля імпэрыя мела гаварыць. Толькі пасьля 1905 г., калі ў Расеі зьявілася Дзяржаўная Дума, спрабавалі заняцца гэтым Дмоўскі і Пурышкевіч. Так што пытаньне “з Расеяй ці з Польшчай?” упершыню было сфармуляванае зусім не беларускімі сацыялістамі.

Апошнія, згуртаваныя ў 1905—15 г. вакол выдавецтва доктара Іваноўскага ў Санкт-Пецярбургу і тыднёвіка “Наша Ніва”, выказвалі канцэпцыю аўтаноміі Беларусі і Літвы з цэнтрам у Вільні. У складзе будучай дэмакратычнай Расеі. Пра незалежнасьць маўчалі — бо з кім было яе будаваць?! Катастрафічна бракавала эліты, нават настаўнікаў і малодшых афіцэраў.

У 1920 г. канцэпцыю аўтаноміі Літвы скарыстае Пілсудзкі. У складзе Польшчы. Літва мусіла складацца з трох кантонаў: Літоўскага з цэнтрам ў Коўне, польскага з цэнтрам у Вільні і, нарэшце, беларускага з цэнтрам у Менску. Аўтаномны польскі кантон у аўтаномнай Літве ў складзе Польшчы — галаву можна скруціць. Але ці магло быць іншае рашэньне ў той заблытанай нацыянальна-рэлігійнай мазаіцы колішняга ВКЛ? Цікава, што часткова гэтыя ідэі былі рэалізаваныя. “Беларускі кантон” захаваўся ў выглядзе БССР з шасьці паветаў зь мільёнам жыхароў, а ўжо ў складзе Савецкага Саюзу вырас на ўсходзе да цяперашняй мяжы Рэспублікі Беларусі.

Мяжа 1921 г. пралягла на захад ад Менску, хоць бальшавікі самі хацелі адступіць на Бярэзіну-Дняпроўскую. Ніхто ў палітыцы тых часоў не хацеў ні беларусаў, ні Беларусі. Ніхто, па-за Пілсудзкім і Сталіным.

1905—15 г. былі часам найбольшага прамысловага ўзьлёту Расейскай Імпэрыі. У народных мітах да нашых дзён менавіта царская Расея ўяўлялася беларусу спакойным, сытным і справядлівым краем. І яго можна зразумець, ведаючы, што здарылася далей.

ІХ

1 жніўня 1914 г. пачалася вайна, а вясной 15-га немцы зламалі фронт расейскай арміі і пачалося яе адступленьне з-пад Варшавы ажно да лініі Дзьвінск—Нарач—Баранавічы—Пінск. Пасярод Беларусі фронт прастаяў ажно да 1918 г.

Падчас “Вялікага Адступленьня” расейскае камандаваньне ўпершыню ў гісторыі эўрапейскіх войнаў спрабавала ўжываць тактыку “выпаленай зямлі” — забіраць з сабой усё цывільнае насельніцтва. Праваслаўныя ярархі папярэдзілі ўрад, што расейская вёска — а менавіта яна мусіла ўтрымліваць “бежанцаў” — падзеліцца толькі з праваслаўнымі. Бо ні каталікоў, ні жыдоў яна ніколі ня бачыла. Таму пад прымусовае “бежанства” трапілі амаль выключна праваслаўныя з Гарадзенскай і Віленскай губэрняў— каля мільёна чалавек! Гэта была першая этнічная чыстка ў Эўропе ХХ ст. Расейская імпэрыя праз сваю глупоту спрыяла будучай ІІ Рэчы Паспалітай.

А на расейскім баку фронту было да мільёна чалавек на пазыцыях і да 500 тыс. у тылавой службе — збольшага выхадцы з цэнтральнай Расеі (15-я Армія, набраная ў Беларусі, у 1916 г. трапіла на Румынскі фронт).

Гэткі ваенны ператрус быў бы найлепшым сродкам “русіфікацыі”, калі б Расейская Імпэрыя ў лютым 1917 г., у выніку “зьвяржэньня царызму”, арганізаванага прамыслоўцамі, што паразытавалі на вайне, і карумпаваным чынавенствам, ня ляснулася. У канцы 1917 г. расейскі хаос пачалі заграбаць пад сябе бальшавікі. Дарэчы, адзіная расейская партыя, якая ніколі не забывалася пра шматнацыянальнасьць Расейскай Імпэрыі.

(…)

“Нацыянальнае пытаньне” з таго часу да нашых дзён дапякае ня так беларусаў, як усялякія савецкія і постсавецкія спэцслужбы. Які зь беларуса нацыяналіст? А вось кар’ерыст, бюракрат і нахабнік — “я бы такому в рот палец не положил”, як заўважае пэрсанаж папулярнага твору савецкай літаратуры “Залатое цяля”.

Дэнацыяналізацыя мае тры прычыны: а) цывілізацыйную адсталасьць; б) адсутнасьць нацыянальнай эліты; в) “жыцьцёвы прагрэс” і галодны страўнік. Першая складаецца стагодзьдзямі, другая вынікае зь першай, а трэцяя — гэта своеасаблівы “рэванш” за другую. Толькі ў тым фокус, што ніякага адраджэньня гэты рэванш не дае. Нешта зусім другое вырастае з таго рэваншу, як зь першай “Нашай Нівы” і Акту 25 Сакавіка 1918 году вырасла цяперашняя Рэспубліка Беларусь зь яе colchozum veto і пажыцьцёвай прэзыдэнтурай...

ХІ

Найбольшы размах і росквіт “русіфікацыя” набыла ў час “хрушчоўскай адлігі”, калі пачалася індустрыялізацыя БССР. Вёска рушыла ў Менск масава. Вяскова-менскі люд — як у той Лацінскай Амэрыцы! — вымысьліў сабе адмысловую мову, трасянку.

Сёньня Беларусь розьніцца ад Расеі, як Лацінская Амэрыка ад Гішпаніі. Нашыя крэолы ня маюць чаго прапанаваць расейскай культуры. Бо імпэрыя ўсё лепшае заўжды адбірала і забірала сама, а тлум цешыў сябе на карнавалах ці “славянскіх базарах”.

Той мільён расейцаў, які цяпер жыве ў Беларусі, па-вясковаму кажучы, толькі “пішацца расейцамі”. Ніякага мэсіянства няма. Адпаведна, і ніякага стэрэатыпу расейца ў вачах беларуса няма. Нашыя расейцы даўно стутэйшыліся.

Першы і апошні шанец перарабіць беларусаў на расейцаў (пакінуўшы фальклёрныя асаблівасьці, як паморскім рыбакам ці кубанскім казакам) Расейская Імпэрыя змарнавала. Тое марнаваньне зацягнулася з 1863 па 1917 г. А камунізм і Савецкі Саюз далі беларусам шанец як нацыі сацыяльнай — і беларусы выкарысталі яго на ўсе 120%. Індустрыяльная ж урбанізацыя другой паловы ХХ ст. сфармавала ў Беларусі тутэйшы “савецкі народ”, крэолаў, якія хочуць мець ад імпэрыі ўсё, але не даваць ёй нічога. А адноўленай імпэрыі, Расейскай Фэдэрацыі, такія крэолы (якія, напрыклад, не жадаюць ваяваць у Чачэніі) безь ніякай патрэбы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0