камэнтары і лісты

 

Нацыяналісты
ўцякаюць зь Беларусі?

Сёньняшняя беларуская рэчаіснасьць бянтэжыць многіх палітычна заангажаваных людзей. Расея абвяшчае пра хуткі аншлюс нашай краіны, апазыцыйныя сілы ў разгубленасьці, Лукашэнка бароніць незалежнасьць, а газэта ягонай адміністрацыі друкуе артыкул на тарашкевіцы. Між тым, нацыяналістычны лягер не прапанаваў грамадзтву свайго праекту абароны незалежнасьці дзяржавы.

Нядаўна на радыё “Свабода” паэт Міхась Скобла зьдзіўляўся, што беларускія праварадыкальныя арганізацыі ніяк не адрэагавалі на заявы У.Пуціна, не напалохалі расейцаў пэрспэктывай “другой Чачэніі”. Была толькі адна заява — незарэгістраванай беларускай патрыятычнай арганізацыі “Белы легіён”, у якой усходнім суседзям параілі: “Лепш не нясіце зла і разбурэньня ў наш дом”. А дзе ж астатнія? Суразмоўца Скоблы паэт і былы кіраўнік нацыяналістычнага “Правага рэваншу” Славамір Адамовіч абвесьціў у этэры “Свабоды”, што зьяжджае на Захад. Трохі раней перабраўся ў Бэльгію былы камандзір “Краю” Вадзім Кабанчук.

Нацыяналісты ўцякаюць зь Беларусі. Наракаюць на “цяжкую, незразумелую сытуацыю”. Раней было проста: Расея — вораг, Лукашэнка — ейны паслугач, таксама вораг. Цяпер ўсё ускладнілася, і ўжо Лукашэнка ледзь ня стаўся ворагам Масквы, а іх, нацыяналістаў, па-ранейшаму ніхто на Бацькаўшчыне не прызнае за “ратаўнікоў нацыі”. Дый ня надта ж яны варушацца, пра іх ужо пачалі забываць.

Крызыс непазьбежна спасьцігае любую палітычную сілу, і кожны па-рознаму зь яго выходзіць альбо… не выходзіць. Беларускі праварадыкальны лягер сёньня амаль не падае прыкметаў жыцьця альбо існуе віртуальна. Нядаўна зьявіліся ўлёткі раней невядомай арганізацыі “Палескае партызанскае рушаньне”, якая абвяшчае пра пачатак самай сур’ёзнай барацьбы, але, зразумела, яе не пачне. Маладыя нацыяналісты, напэўна, не разумеюць, што такімі “гульнямі” кампрамэтуюць саму ідэю ў зародку, трацяць давер да сябе.

Сёньня, калі нацыянальныя сілы разьяднаныя, а іх чальцы разгубленыя, калі ідзе дыскусія, варта ці ня варта падтрымліваць Лукашэнку як абаронцу незалежнасьці Беларусі ў выпадку ягонага канфлікту з Расеяй, частка віны за такую сытуацыю ляжыць і на правых радыкалах. Яны не прапанавалі грамадзтву свайго праекту абароны незалежнасьці дзяржавы. А нацыяналісты заўсёды мусяць востра рэагаваць на сытуацыю, калі ідзе гаворка пра незалежнасьць Бацькаўшчыны. Інакш паўстае пытаньне, ці тыя людзі назваліся нацыяналістамі.

Павал Сумарока


Тыя самыя беларусы

Паводле папярэдніх зьвестак апошняга польскага перапісу, на Беласточчыне жыве каля 20 тысяч беларусаў. Камэнтар Сакрата Яновіча, пісьменьніка і публіцыста зь Беласточчыны.

Паводле афіцыйна яшчэ не пацьверджаных зьвестак, сёлетні польскі перапіс насельніцтва налічыў каля дваццаці тысячаў беларусаў у Беластоцкім краі замест спадзяванага мінімуму ў дзесяць разоў большага.

Гэта мяне не зьдзівіла, хоць прыкра ўразіла. Нашы тут беларусы і беларусы ў Рэспубліцы Беларусі — гэта мэнтальна тыя самыя беларусы. Розьніца цывілізацыйная: польскія беларусы зьліваюца з братнім польскім народам, а не з расейскім, як савецкія.

Тыя дваццаць тысяч, што дэкляравалі сябе беларусамі ў Беластоцкім краі, на тле чвэрці мільёна царкоўных вернікаў, цалкам адпавядаюць адсотку сьвядомых беларусаў і ў Рэспубліцы Беларусі. У вас далёка за 80% савецкіх людзей, грунтоўна русіфікаваных, якія беларускую нацыянальнасьць не адрозьніваюць ад беларускага грамадзянства.

Сакрат Яновіч, Крынкі


Чужыя рыцары

Я ня згодны з аўтарам артыкула “Народнае сьвята” (“НН”, №34 ад 13 верасьня) А.Шанскім, які піша, што “большая частка прысутных сабралася адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы”. Гаворка йдзе пра сьвята “Заслаўскі набат”. Думаю, што аўтар выдае жаданае за сапраўднае. Я лічу, што імпрэза ў Заслаўі ўвогуле ня мае ніякага дачыненьня да Дня 8 верасьня.

Проста выпадковае супадзеньне датаў. У Заслаўі адбывалася звычайная тусоўка расейскамоўных клюбаў, якіх цяпер шмат разьвялося ў Беларусі. Я адмыслова хадзіў па цэнтральнай плошчы мястэчка і прыслухоўваўся, якой мовай гавораць нашы рыцары. Па-нашаму не пачуў ніводнага слова. Па-беларуску гаварыў толькі вядучы фэсту, які на парадзе прадстаўляў рыцараў, што прыехалі на сьвята. Выглядала гэта так. Вядучы голасна абвяшчаў: “Вас вітае рыцарскі клюб “Дзікае паляваньне” з Бабруйску”. Да мікрафона падыходзіў кіраўнік клюбу і, як бы папраўляючы вядучага, казаў: “Вас приветствует военно-исторический клуб “Дикая охота” из Бобруйска. С праздником!” Прыкра, няёмка і сорамна было бачыць і чуць гэта.

На расейскай мове была складзеная праграмка сьвята, указальнікі, іншая інфармацыя. Асабліва зьдзівіла, што рыцарскія турніры былі платнымі, што некаторыя “дамы сэрца” шпацыравалі ў сярэднявечнай вопратцы, але з цыгарэтамі ў зубах, а марозіва было завезена аж з… Калугі!

Артысты ды цудоўны кірмаш народных промыслаў трохі выратавалі становішча, надалі сьвяту беларускасьці.

Але добра, што хоць так. Арганізатары асабліва не надакучалі, усё йшло самацёкам, народ гуляў, піў напоі, еў бліны, набываў сувэніры – карацей, пераважаў “сьвяточны элемэнт”.

Можна было б толькі радавацца, калі б Заслаўе гэткім чынам сьвяткавала Дзень беларускай вайсковай славы. Але гэта было зусім іншае сьвята, і ня трэба да яго прымазвацца. Як ня трэба і зьдзекавацца з апазыцыі, што здолела сабраць на свае палітычныя акцыі ўсяго 170 чалавек. Быў я і на гэтых акцыях і лічу іх высокадухоўнымі. Шкада, што людзі не прыходзяць, прыдумляючы сабе розныя прычыны, але тыя, хто прыйшоў, добрым словам успомнілі сваіх слаўных продкаў, аддалі даніну павагі найлепшым сынам і дочкам, якія паклалі свае жыцьці за свабоду і незалежнасьць Бацькаўшчыны. І з намі былі наша мова, нашы сымбалі, нашы вершы, нашы песьні, наш беларускі вольны рух.

Лявон Гуменьнікаў, Менск

Ад рэдакцыі. Аўтар матэрыялу меў на ўвазе найперш не арганізатараў сьвята і ня рыцараў, якіх яны сабралі, а такіх гледачоў, як аўтар ліста, што ехалі на рыцарскі фэст 8 верасьня як на сьвяткаваньне Дня вайсковай славы.


Дзёньнік з Пагоняй

На другой старонцы школьнага дзёньнiка зьмешчаныя сымбалi лукашэнкаўскай агiтацыi — “герб, сьцяг і гiмн”. Прапаную рабіць i распаўсюджваць такiя самыя, але зь беларускiмi сымбалямi, старонкі для школьных дзёньнiкаў. Выбар тэксту гiмну, якi мае быць надрукаваны побач зь бел-чырвона-белым сьцягам i Пагоняй, а таксама стратэгiю выкананьня i распаўсюджваньня такiх старонак пакідаю больш дасьведчаным людзям.

Дзьмiтры Вiнчэўскi з tut.by


Івашкевіч:
два гады “хіміі”

16 верасьня cудзьдзя Першамайскага раёну Менску Ўладзімер Кобышаў на закрытым судовым працэсе прызнаў галоўнага рэдактара газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча вінаватым у замаху на зьнявагу і паклёп на прэзыдэнта (частка 2 артыкула 367 і артыкул 368 з прымяненьнем артыкула 14 КК). Журналіст атрымаў два гады “хіміі”. Падставай для крымінальнага перасьледу стаўся артыкул “Злодзей мусіць сядзець у турме”, надрукаваны ў жніўні 2001 г. у спэцвыпуску “Рабочага”. Да лета В.Івашкевіч праходзіў па справе як сьведка. Судовы працэс супраць яго быў распачаты 11 верасьня і скончыўся ў рэкордна кароткія тэрміны. Віктар Івашкевіч разам з адвакаткай Тацянай Станкевіч зьбіраюцца абскардзіць прысуд у Менскім гарсудзе, але найбольшае, на што спадзяюцца, – зьменшыць тэрмін да году.

Беларускі і Ангельскі ПЭН-цэнтры прынялі рашэньне аб прыняцьці В.Івашкевіча ў ганаровыя сябры.

Глеб Хмяльніцкі


ініцыятыва БАЖ

Кодэкс маўчаньня

Грамадзкі абавязак прэсы заключаецца ў тым, каб чапляцца да ўлады пры кожнай зручнай нагодзе. Для нашага вуха гэты прынцып гучыць нязвыкла і жорстка. Але, сфармуляваны даўно і не ў Беларусі, ён даказаў сваю слушнасьць на практыцы.

Калі прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі сродкі масавай інфармацыі, вобразна кажучы, вазілі фізіяноміяй па стале за інтрыжку з практыканткаю, ён далёка не адразу прызнаў сваю віну. Але пагражаць газэтам і журналістам судом кіраўнік звышдзяржавы сабе не дазволіў. Хаця зьдзекаваліся зь яго за дробнае, па сутнасьці, свавольства ў такіх формах і выразах, якія нашым чыноўнікам не зьяўляліся ў самых страшных снах. Паспрабуем высьветліць, чаму моцныя палітыкі не бяруць прэсы за горла і ня сыкаюць пры гэтым у твар: “За ўсё адкажаш!”.

Асноўнымі складнікамі посьпеху ў сучасным сьвеце зьяўляюцца рынкавая эканоміка і дэмакратыя, неад’емнаю часткаю якой ёсьць свабода друку. Здаровай уладзе ня страшныя крытыка і напады журналістаў. Наадварот, яна выкарыстоўвае СМІ ў якасьці кантрольна-карэкціровачнага мэханізму, ці, папросту, погляду звонку, які дазваляе заўважыць зьявы, часам схаваныя ад уласных вачэй. Пры гэтым збожжа трэба аддзяляць ад пустазельля: заўвагі прымаць да ведама, а ўсялякага кшталту глупства ігнараваць.

Інакш ідуць справы ў нас. Улада, як цяжкахворы, патрабуе стэрыльнай атмасфэры, дзе зьяўленьне альтэрнатыўнага погляду на тое, што адбываецца, недапушчальнае. Любую спробу грамадзкага кантролю яна ўспрымае як асабістую зьнявагу і пагрозу ўласнаму існаваньню. Таму ў краіне фактычна зьліквідаваныя як незалежныя інстытуты заканадаўчая і судовая ўлада, цалкам пастаўленыя пад кантроль праваахоўныя органы ды паралізаваная дзейнасьць апазыцыі.

Толькі незалежным сродкам масавай інфармацыі больш ці менш пасьпяхова ўдаецца захаваць самадастатковасьць. Іх не ўдалося пахаваць ні эканамічнымі мэтадамі (бессаромнымі ў параўнаньні з афіцыёзнымі газэтамі тарыфамі на дастаўку і распаўсюд), ні пастаяннымі штрафамі, што накладаюцца судамі і шматлікімі кантралёрамі, ні іншымі ўдарамі ніжэй поясу, якіх не пералічыць. І тады ўлада вырашыла пусьціць у ход яшчэ больш “моцны аргумэнт” – Крымінальны кодэкс. Ад гэтага часу нашыя “безабаронныя” і “ўсімі крыўджаныя” чыноўнікі знаходзяцца пад аховай некалькіх артыкулаў КК. Любая крытыка на іхны адрас (дарэчы, ня толькі ў СМІ, але і проста з вуснаў любога грамадзяніна) пры жаданьні можа быць прыраўнаваная да злачынства.

Прыхільнікі гэтых мераў, як правіла, ня схільныя абгрунтоўваць свой пункт погляду. У крайнім выпадку, яны штосьці кажуць пра злоўжываньні свабодаю друку. У сувязі з гэтым можна правесьці такую паралель. Калі сумленнага чалавека назавуць злодзеем, яму гэта, натуральна, будзе непрыемна. Але ён вольны або не зьвяртаць увагі на зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, або падаць пазоў аб абароне гонару і годнасьці (хаця тое, як нашыя суды ахоўваюць дзявочую чысьціню мундзіраў высокапастаўленых дзеячоў, – гэта асобная песьня). Калі ж злодзеем назавуць таго, на кім даўно палае яркім полымем галаўны ўбор, гэта для нячыстага на руку пэрсанажа сапраўды небясьпечна. Таму вышэйзгаданыя артыкулы КК прызначаныя для абароны менавіта злачынцаў, а ня добрапрыстойных грамадзян, якія здольныя захоўваць сваю рэпутацыю на агульных падставах.

Шчыра кажучы, сытуацыя нашая крайне запушчаная. Надзеі на тое, што ўлада прыслухаецца да голасу грамадзкасьці, няшмат. Але з маўклівымі лічыцца ня будуць увогуле ніколі. Таму важна, каб ініцыятыва Беларускай асацыяцыі журналістаў аб адмене артыкулаў КК, што ператвараюць яго ў “кодэкс маўчаньня”, знайшла падтрымку ў нармальных людзей, якім не абыякавая іх асабістая будучыня. Сьвітаньне непазьбежнае, але хуткасьць яго надыходу залежыць ад таго, як чынна мы будзем набліжаць гэты момант сваімі дзеяньнямі.

Аляксандар Старыкевіч

 

 

 

 

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0