Навукоўцы працягваюць дасьледаваць фізіялёгію самых брыдкіх насякомых.

Жыцьцё прусака, невялікай казюркі зь сям’і тараканавых, пачынаецца ў момант, калі яйцаклетка злучаецца са спэрматазоідам і, разам зь іншымі аплодненымі яйцаклеткамі, зьмяшчаецца ў капшук у выглядзе цьвёрдай гладкай шкарлупіны. У пэрыяд высьпяваньня капшук белы і толькі нязначна выдаецца з набраклага брушка саміцы. Праз колькі гадзінаў ён ружавее, потым робіцца бэжавым, а праз пэўны час набывае колер сьпелага каштана. Здавалася б, яго можна ўжо адкладаць. Аднак саміца носіць капшук, прычэплены да брушка, яшчэ тыдзень-два — чым вышэйшая тэмпэратура і вільготнасьць, тым менш. Калі б яна адклала яго — зародкі адразу ссохлі б. Але якім чынам маці іх абвадняе? Вучоныя болей за сто гадоў марна расшуквалі хоць найменшую дзюрачку ў сьценцы капшука.

Прафэсар Дональд Мулінз, біёляг зь Вірджынскае палітэхнікі, аглядаў капшукі прусакоў пад сканавальным мікраскопам, які павялічвае ў 250 тыс. разоў. Праз адчувальную апаратуру ён пабачыў невялікія паглыбленьні, заўважныя ў частцы, найбліжэйшай да радзільных каналаў саміцы. Навуковец высунуў гіпотэзу, што яны вядуць да самага нутра капшука. Праз тунэльны мікраскоп, які дазваляе бачыць трохмерныя адбіткі паверхні ў атамным маштабе, ён урэшце ўбачыў тыя мікраскапічныя канальцы.

Д.Мулінз і ягоная каманда высьветлілі, што іх дыямэтру дастаткова, каб прапускаць малекулы вады. Здольныя яны (хоць і павольней за ваду) прапускаць і шчыльнейшыя рэчывы — напрыклад, глюкозу. Аднак, на думку Д.Мулінза, гэта ня значыць, што прусак яшчэ і “корміць” яйцо. Большыя малекулы, што прасочваюцца праз канальцы, ідуць не ад саміцы да зародка, а наадварот. Такім чынам эмбрыёны інфармуюць маці пра ступень свайго разьвіцьця. Дзякуючы гэтаму яна адкладае капшук у самы прыдатны момант — непасрэдна перад тым, як прусакам ільга вылупіцца, — і толькі тады распачынае прадукаваньне наступнага. Цягам 100—150 дзён свайго жыцьця адна прусачыная самка прадукуе ад чатырох да васьмі капшукоў. Першы ўтрымлівае каля сарака яец, наступныя — шторазу менш, у апошнім іх каля трыццаці.

Ад дарослых малыя прусакі розьняцца меншымі памерамі і адсутнасьцю крылаў. Нашыя прусакі ня лётаюць, крылы яны могуць скарыстаць хіба ў якасьці парашутаў у час падзеньняў. Яшчэ крылы важныя падчас “заляцаньня”. Калі прусак-самец спатыкае гатовую да размнажэньня саміцу, ён уздымае крылы, варушыць імі, а з адтулінаў у брушку пачынае выдзеляць духмяную субстанцыю. Саміца схіляецца да гэтага “нэктару” і каштуе яго, а самец тым часам павольна і далікатна падлазіць пад яе, шторазу далей і далей, пакуль канцы іхніх целаў не спаткаюцца. Тады самец высоўвае гачак, прымацоўваецца ім да партнэркі і зьмяняе пазыцыю: цяпер прусакі становяцца адно да аднаго задам. Гачак увесь час застаецца заціснуты. Да саміцы высоўваецца наступная прылада, якая нагадвае вілы, — ёю самец таксама прытрымлівае партнэрку. Толькі цяпер залётнік можа ўзяцца за справу — ягоны палавы орган адпраўляе ў радзільны канал саміцы “пакуначак”, запоўнены спэрматазоідамі. Апэрацыя гэтая складаная, цягнецца недзе гадзіну. Будучая маці праз імгненьне гатовая ўжо прыняць наступнага кавалера, але, у прынцыпе, адной удалае блізкасьці дастаткова, каб назапасіць насеньне на ўсё жыцьцё. З гэтага моманту саміца ў стане прадукаваць капшукі рэгулярна кожныя тры тыдні.

Адной саміцы дастаткова, каб гурмы прусакоў у невялікі тэрмін запоўнілі дом, пякарню, гатэль, шпіталь. Прусакі вандруюць з будынку ў будынак. І ажно 85% нованароджаных дажывае да палавой сьпеласьці. Дзякуючы фантастычнай прыстасавальнасьці да разнастайных умоваў, гэтыя інсэкты апанавалі ўсе кантынэнты. Вайна, якую людзі вядуць супраць іхнага племя, цягнецца ўжо больш за 200 гадоў, і пакуль перавага на баку жамяры. Магчыма, цяпер, калі вядома, што капшукі, якія ахоўваюць іхныя яйцы, не такія недаступныя, як раней меркавалася, пашчасьціць вынайсьці атруту, якая вынішчыць праблему ўжо ў зародку.

У сьвеце налічваецца каля 3,5 тысячы відаў тараканаў. Адны адкладаюць яйцы, іншыя жывародныя. У Беларусі жыве блізу дзесяці відаў. Адным зь іх ёсьць вядомы нам прусак. Гэтая невялікая казюрка — самая распаўсюджаная сярод усіх тараканаў. Паходзіць яна з Афрыкі, з трохкутніка, абмежаванага Вялікімі азёрамі, Этыёпіяй і Суданам. Ва Ўсходнюю Эўропу прусак трапіў з грэцкімі й фінікійскімі гандлёвымі караблямі. Найперш заваяваў Бізантыю, пасьля — рэгіён Чорнага мора, паўднёвую Расею, Беларусь, а адсюль праз Польшчу рушыў на захад. Трапіў у Паўночную Амэрыку, адкуль распаўсюдзіўся на поўнач і на поўдзень. Спахапіліся позна — толькі ў сярэдзіне ХІХ ст., калі ён дабраўся да Брытанскіх астравоў. Туды ён, пэўна, трапіў “кантрабандай” у хлебных кашах жаўнераў, што вярталіся з Крымскай вайны. У Аўстраліі першага прусака вылавілі ў 1893 г.

А.Ш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0