6 лютага саамы адзначылі свой нацыянальны дзень.

У Швэцыі сьвята прайшло ў сталічным парку Скансэн. Цэлы дзень каля дзьвюх тысячаў стакгольмскіх саамаў танчылі, пелі, слухалі лекцыі палітыкаў пра свае правы.

Гісторыя гэтага найстаражытнейшага народу аленяводаў поўначы Эўропы трагічная і цікавая. Калісьці саамы засялялі амаль усе абшары сучаснай Швэцыі, Нарвэгіі, вялізную частку Фінляндыі і Кольскую паўвыспу Расеі. Першыя зьвесткі пра саамаў — «senni» — пакінуў старажытнарымскі гісторык Тацыт у 98 г. ад Н.Х. У 1603 г. Швэдзкая карона, да якой належалі амаль усе землі саамаў, распачала хрост гэтага народу. Разам з хростам прыйшла асыміляцыя, бо мовамі багаслужбы сталіся швэдзкая і фінская. Адсутнасьць нацыянальнай царквы — дагэтуль праблема саамскага руху. У 1673 г. пачалася афіцыйная швэдзкая праграма калянізацыі саамскіх земляў. Менавіта ў гэтых мэтах прафэсар Упсальскага ўнівэрсытэту Ёханэс Шэфэрус падрыхтаваў і надрукаваў фундамэнтальнаю працу «Гісторыя Ляпляндыі», у якой апісаў мову, культуру і побыт ляпароў, ці саамаў. У 1685 г. было разбурана апошняе саамскае паганскае капішча. У 1720—29 г. адбылася прымусовая дэпартацыя саамаў з цэнтральна-паўночных у гранічна-паўночныя раёны Швэдзкага каралеўства. Усіх саамаў абавязалі жыць выключна ў межах правінцыі Ляплянд. У 1755 г. выйшла друкам першае выданьне Новага Запавету па-саамску. У 1780 г. быў надрукаваны саамска-швэдзка-саамскі слоўнік. У 1811 г. на адзін з дыялектаў саамаў была цалкам перакладзеная Біблія.

У выніку палітычных падзелаў ХІХ — пачатку ХХ ст. этнічная прастора саамаў апынулася пад уладай трох дзяржаваў: Швэцыі, Нарвэгіі і Расеі (Вялікае княства Фінляндзкае). У 1852 г. на нарвэскіх землях выбухнула нацыянальнае паўстаньне саамаў.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Андрэй Катлярчук, уласны карэспандэнт «НН» у Швэцыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0