Сяржук Абрамовіч

КЛЯСАВАЕ КАХАНЬНЕ

Дажджавыя кроплі на вакне,

І ў душы маёй — зусім ня жарты:

Ты належыш, толькі вось ня мне,

А таму, хто гэтага ня варты.

Мы ў грамадзтве клясавым жывём,

На мяне ты не глядзіш прыхільна,

Бо ў яго — мабільны тэлефон,

І ў цябе таксама ёсьць мабільнік.

Мне цывілізацыя — як зьдзек,

Бачу: справядлівасьці ня будзе.

Калі б зараз быў каменны век —

Я б яму кала ўвагнаў у грудзі.

Я б яму — даўбнёй па галаве,

У якой гуляе толькі вецер.

Ты жывеш зь ім. Ён з табой жыве,

Ну і я таксама

Ёсьць на сьвеце.

Андрэй Ананьеў

* * *

Пасярод поля,

Што межаў ня мае,

Стаіць распранутая,

Вецер гукае,

Каб надзьмуў

Яе крылы,

Каб узьняў

Па-над глебай,

Каб прачнуцца

Ў прасторы

Чыстага

Неба.

Валеры Барташэвіч

* * *

«Чем больше я

узнаю людзей —

тем больше мне нравятся собаки».

У двары ляганку,

У кветніку і сквэры

Прамэнад ад ранку

Ладзяць факстэр’еры.

Штосьці так сьмярдзюча

Проста ля парога —

Пар ідзе ад кучы

Хатняга бульдога.

Рвуцца ледзь ня плачуць

Зь цёплае кватэры,

У ліфт адразу ж гадзяць

Сэры-бультэр’еры.

Хто так брэша звонка

У тры гадзіны ночы?

Пудзель ці балонка

На двор выйсьці хочуць.

Не прайсьці і кроку

У галаве адно —

Ня стаць ненарокам

У сабачае гаўно.

Па двары ня водзяць

Тут бабулі ўнукаў,

Толькі зграяй ходзяць

Кабялі за сукай...

Такім чынам тут-ка

Людзі душу цешаць,

Дом — сабачча будка,

Самі ледзь ня брэшуць.

Не жадаюць, мабыць,

Жыць яны іначай,

Зьведаць лепшай долі,

Акрамя сабачай!

Дзяніс Бушкоў

ЧУЖЫМІ ВАЧАМІ

Тваімі вачамі

Я пазіраю

На неба, на хвалі,

На бязьмежныя далі.

Сваімі вачамі

Нічога ня бачу —

Яны скамянелі —

Яны не хацелі.

Прабач мяне, тая,

Якая кахала, —

Я камянею,

Любіць ня ўмею.

Я, скамянеўшы,

Тут застануся —

Ты прыйдзеш калі,

Можа, прачнуся.

Алесь Губін

* * *

Дайце гневу мне суднага ветру,

Каб крывёю варожай зямлі

Расьпісацца на сківіцах лета

Кулакамі сваячкі-зімы.

Галасоў бы знайсьці не ад сьвету,

Каб насупар глушы закрычаць:

«Я люблю вас, сыны чалавекаў!!!»

Ды гучней, бо няўмогу трываць.

Стацца плыняю леснае мроі,

Валуямі абапал ляжаць.

Патануць у ялінавых лонях,

Каб ня здужаў ніхто адарваць.

Каб зацята кахаць, аж да болю,

А сяброў каб ня ўвесну хаваць.

Бо ня здолею сонцайку болей

Я пралескавы сьмех дараваць.

Прачынацца у мяккіх далонях,

Завітаць да зухлівага дня

Ды на хобаце вербнае слоні

Пагайдацца ў азёрным краю.

Sany Dragonfly

ГЕРБЭРЫ

Прысьвячэньне ЦВ

Не дары мне памерлыя кветкі,

Не хавайся ў мэтро за мінуты,

Не чакай, што ўваскрэсьне паэтка,

Чый шэпт-лямант табой не пачуты.

Шолах шэпту — падманлівы шолах,

Бы крананьне далоньню далоні...

Дзе мой эльф?! Чый прагнаў мяне сполах?

Зблытаў колеры, хамэлеоне...

Бог дадумаўся час абясточыць,

Каб мы раніцай вочы адкрылі,

Бо абое памерлі той ноччу,

Калі я не знайшла твае крылы.

…Я народжана быць тваёй цемрай,

Ты народжаны быць маім мужам.

…Падары мне узімку гербэры,

Не знайшоўшы блакітныя ружы.

Юзік Дзенісюк

* * *

У вёсцы ноччу правяць марадзёры:

Ў суседзяў выбралі цыбулю, агуркі,

Зялёнымі панесьлі памідоры…

Ну, што ты зробіш, час настаў такі.

Я дзедаў самапал цішком рыхтую

І стаўлю ў баразьне, як на ваўка.

Хай атрымае ў зад з каменнай солі кулю

Да ўласнасьці нячыстая рука.

Бо ўласнасьць, хлопцы, вам зусім ня жарты,

А мэта рэвалюцый-гвалтаў ўсіх…

Сьцямнее — як заўжды, стаю на варце.

А жонка думае, што я, напэўна, псых.

Вольга Каленік

* * *

Заплюшчы вочы.

І падмані гэтую ноч.

Дазволь паміж пальцаў цячы

Струменем

Дажджу яе валасоў,

Абдымі яе адзіноту

Праз атласную вільгаць змроку,

Не замінай цалаваць цябе

Тысячам зорных паглядаў…

Заплюшчы вочы.

І падмані

Закаханую ноч.

І яна,

Прыкутая тонкім пяром,

Памрэ на паперы

Вытанчанай духмянасьцю

Вершу,

Прысьвечанага

Іншай.

Вольга Марозава

ВЕКАВЫЯ МУРЫ

Побач краты стагодзьдзяў.

Твае вочы. Ад позірку

Нібы цяплей.

Ты глядзіш на мяне.

Я тапіцца сыходжу.

Ты глядзіш на мяне.

Я магу звар’яцець.

Я хачу захлынацца

Ў тваім небасхіле

Над маім акіянам

Па-за межамі дзён.

Ты глядзіш на мяне,

Толькі я не зьнікаю.

Я хачу быць з табой.

Выбар. Вера. Жыцьцё.

Юрась Нераток

ТРЫЗНА

Пад страхой ржавеюць вілы,

сохне хілая вярба,

вянуць кветкі ля магілы —

з той нагоды і гульба.

Узгарыцца часам сварка —

што там воля і турма!

«Будзе скварка — будзе чарка…»

Толькі скваркі век няма.

Вепручка здалі за грошы —

павуціньне засьціць хлеў;

мухі поўзаюць, як вошы,

а сабака — акалеў.

Пудзіла з падранай майкі.

Заваліўся спрахлы плот.

З-пад курэй суседзкіх яйкі

крадзе зноў блыхасты кот.

Разьвіднее — будзе цяжка,

спахмурнее — весялей.

Пагудзі, пакуль ёсьць пляшка,

а скапыцішся — сатлей!

Робіцца прывычнай цемрадзь,

глухнуць срэбныя званы…

А якому Богу верыць

у эпоху сатаны?

Ляксей Папоў

МАЯ РОЛЯ

Мне гэтай ролі не забыць,

Такі мой лёс, такі мой боль —

Ісьці за праўдай у агонь,

Ісьці па сьвет... ды цемрай жыць.

Такіх мільёны нас ідзе —

Усе па лепшы лёс у ноч,

Усе па смагу ў моцны дождж.

Бязьлітасна натоўп бяжыць,

Абцасы жудасна гучаць,

Бягуць усе сябе хаваць

...А костка пад нагой хрусьціць.

Такая роля у мяне—

Бегчы ад іх... ды ад сябе

Віялета Пачкоўская

НАПРАДВОСЕНІ

Ня бойся, распранайся.

Мы ідзём

Выколваць вочы ночы. Жнівень. Твой

Салёны смак і водар палыновы.

І я — мэтафара да слова «восень».

Нам хопіць органаў пачуцьцяў —

Адшукаць

Чарговы ўсход і філязофскі камень,

Нам хопіць перашкодаў —

Пазабыць

Свае імёны і чужыя хайку.

Я расьцякуся па тваёй крыві,

Ты зацьвярдзееш у маіх касьцях.

Ты быў.

Я буду.

А цяпер мы ёсьць,

І немагчыма зашпіліць маланку

На голай праўдзе

Й патаўсьцелай ночы.

Я затушу апошніх сьветлячкоў.

Ня бойся, распранайся,

Мой анёле.

Ня бойся, дай руку,

Я — твая восень.

Сяргей Прылуцкі

* * *

На распухлае воблака сэрца —

мёртвы нумар — няма чаго скардзіцца.

Праглынуўшы таблетку, зьняверца,

прызвычайвайся целам да кварцу.

У прасьціну лісьця захінуты,

на халоднай зямлі адміраючы,

жуй, зьнясілены болем, прастудамі,

слоў смалу, ад зубоў аддзіраючы.

Немаўля, да грудзей каленьмі

грубы кашаль намёртва прыціснуўшы,

прэсны вецер адпі, з вуснаў пенаю

амываючы голас прыцішаны.

Алена Рамашко

* * *

Я падпісваю лісты «ад мяне».

Пішу адрас на белай паперы...

Я яго не адпраўлю табе.

Але ты прачытаеш. Я веру.

Гэта будзе праз тысячы год

Сьціснуць сэрца да болю ўспаміны...

Ты ўзгадаеш раптоўны сыход,

Зразумееш... Заплачаш... Хвіліны...

Ты ня верыў, што можна кахаць.

Можна толькі любіць. Ты быў правы.

Толькі вольны ўмее лятаць,

Белым крыльлем загойваючы раны...

Алена Русаковіч

ПРА НЯМІГУ

Усім тым, хто памятае тое

Людзям такое няміла —

Адзін аднаго забіваюць.

І толькі СТАРАЯ НЯМІГА

Змагла вось такое стрываць…

Раней тут бруілася рэчка,

Цякла між алешын вада,

Ішла між князямі тут спрэчка,

І сеча між імі была.

Вада ад крыві чырванела,

Дрыжала пад коньмі зямля;

І сонца за хмару засела,

А хмара — за хмару зайшла.

Усё каб ня бачыць таго, што

Рабілі там людзі зь людзьмі.

Ніхто не пытаўся: «Навошта?

Адзін з адным што робім мы?»

З той бойкі ўжо часу мінула —

Ні знаку ракі не відаць,

Мэтро збудавалі тут людзі,

«Нямігаю» станцыю зваць.

Аднойчы, у Троіцы сьвята,

Гулянка гарою ішла,

І піва цякло тут ракою,

Бы тая — Нямігай была…

Ды раптам схавалася сонца

І хмара за хмару зайшла.

Ня ведаў ніхто, што Няміга

За сьмертнай данінай ішла…

Калісьці яе навучылі

Крывёй за грахі ўсім плаціць

І зноў яна хоча даніну.

Жыцьцямі людзей запрасіць.

І плакала неба ад болю,

Ад роспачы, жалю, крыві…

Навошта, навошта такое

Зрабілі адзін з адным вы?

Алесь Сушчэўскі

ЛІРЫКА

С.Н.

Скончаны апошні белы танец,

Так раптоўна распачаты ў цішыні,

Вецер сьпеў няпэўны ўпотай паліць,

Разьдзімаючы блакітныя вагні...

Кім быў складзены вясновы ўсполах красак

У тваёй заручанай душы?

Пахі сумнай восеньскай імжы,

І таўро жаданьня ў дадатак.

Задуменная пакой і цішыня

Калыханкаю заплюшчаць вочы-веі

І апошнім дотыкам надзеі

Скаланецца глыбіня твая...

Думкі адыдуць далячыні

Не спатрэбіўся нататнік у руках;

Усе глыбіні й разуменьне ў вачах,

І нястача асабістай глыбіні...

Tasia

* * *

Сок-бярозавік —

салодкіх сьлёз ручаі.

Чужыя сьлёзы.

* * *

Вецер у вочы,

Валасы на плячах — бы

Хвалі. Халодна…

* * *

Пырскі вясёлкі

прылягуць на валасы.

Паразуменьне.

* * *

Шэрая котка

кранае лапкай сонца.

Лезуць коцікі.

Віка Трэнас

* * *

Квітнее сонца. Хочацца сьпяваць.

Празь неба прабіваюцца дажджы.

На пальцы праліваецца трава,

І нават нежывыя прагнуць жыць.

Паэтка крэсьліць словы на акне,

Паэтка на вясну глядзіць праз шкло.

Хаваецца ў вачох расталы сьнег.

Паэткі ў гэтым сьвеце не было.

Апанас Цыхун

* * *

Наш Нёман — казачнай краіны!

Уцеха нашых слаўных дзён.

Люблю твой пошчак салаўіны,

Крыніцаў ціхі перазвон.

Ці ўешся ты вірком руплівым,

Ці сонны зыб вядзеш смугой,

Ці выйдзеш на прастор разьлівам —

Ты вабіш усіх сваёй красой.

Калі ў час буры над табою

Уначы маланка зіхане

Блішчыш, бы меч, гатовы к бою,

Каб засланіць людзей, што ў сьне.

Жывеш у слаўнай ты краіне,

Якую к зоркам мы ўзьнялі.

Палаюць укол цябе вышыні,

Што на крыві сыноў узышлі.

Ня ўдасца ворагу тут болей

У цябе закінуць невады.

І не нап’ецца больш ніколі

Варожы конь тваёй вады.

Жыві, красуйся ўсім на славу

Легендаў рыцар, брат былін.

Заняў пасад ты свой па праву,

Як бацька дзьвюх сясьцёр-краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0