Мірны ў тузіне найлепшых

У чэмпіёнскай гонцы 2005 году беларускі тэнісіст Максім Мірны падняўся ажно на 10 прыступак і цяпер займае 12-е месца, маючы 74 пункты. Так высока беларус яшчэ не падымаўся, а найлепшым ягоным дасягненьнем было 17-е месца паўтара году таму. Узьлёт адбыўся дзякуючы выхаду ў фінал турніру ў амэрыканскім Мэмфісе. Праўда, у фінале Мірны саступіў прадстаўніку Даніі Кенэту Карлсану — 5:7, 5:7.

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафэсіяналаў, што вылічваецца па выніках апошніх 52 тыдняў, Мірны займае 36-е месца. Уладзімер Ваўчкоў — 175-е.

Румыны, будучыя супернікі беларусаў па 1/8 фіналу Кубку Дэвіса, што пройдзе 4—6 сакавіка ў Брашаве, па выніках 52-х тыдняў маюць наступныя вынікі: Андрэй Павал — 24-ты, Віктар Ханэску — 82-гі, Разван Сабаў — 160-ты, Віктар Іяніта — 230-ты.

У індывідуальным рэйтынгу парных тэнісістаў Макс займае дзясяты радок.

Едзем у Рэйк’явік

Супернікам мужчынскай гандбольнай зборнай Беларусі ў накаўт-раўндзе кваліфікацыі да чэмпіянату Эўропы будзе зборная Ісляндыі. Так распарадзілася лёсаваньне 22 лютага. Абодва матчы пройдуць у чэрвені. Нагадаем, што ў сваёй падгрупе гадаванцы Спартака Мірановіча занялі другое месца, апярэдзіўшы Італію і Кіпр і прапусьціўшы наперад Вугоршчыну.

Сумку трымай пры сабе

Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту дыскваліфікавала на два гады беларуса Дзяніса Вараб’ёва, у сумцы якога былі знойдзены забароненыя прэпараты. Хоць выпадак здарыўся яшчэ пры канцы мінулага году на этапе Кубку сьвету ў італьянскім Валь-ды-Ф’емэ, адлік дыскваліфікацыі пайшоў з 19 лютага. Дзяніс прыйшоў на допінг-кантроль, а сумку з забароненым рэчывам (гармонам росту) пакінуў за дзьвярамі пакою. Тут яго і злавілі. У беларускай фэдэрацыі лыжаў кажуць, што Вараб’ёва банальна падставілі, тым больш памылкова: хацелі падкласьці допінг лідэру зборнай Сяргею Далідовічу.

Пракаповіч будзе веславаць

Дэлегаты справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі Беларускай фэдэрацыі веславаньня на сваім пасяджэньні аднагалосна абралі новага старшыню — ім стаў старшыня праўленьня Нацбанку Пятро Пракаповіч. Пракаповіч будзе адказваць за разьвіцьцё гэтага мэдальнага для нас віду спорту. Галоўны банкір краіны галоўнай сваёй задачай лічыць зрабіць акадэмічнае веславаньне масавым відам спорту. Цяпер застаецца накапаць у краіне каналаў.

Шаўчэнку не шанцуе

Не пасьпеў форвард «Міляну» і футбольнай зборнай Украіны Андрэй Шаўчэнка ачуняць пасьля траўмы, атрыманай пры канцы студзеня ў матчы італьянскага чэмпіянату, як у мінулую суботу яму «пашанцавала» на чарговую. Гэтым разам у матчы супраць «Кальяры». Ужо на 10-й хвіліне падчас атакі на браму супернікаў Андрэю расьсеклі скулу. Украінскага нападніка адразу даставілі ў знакамітую мілянскую больніцу «Niguarda». Адмыслоўцы зазначаюць, што папраўка зойме ад 15 дзён да месяца. Таму Шаўчэнка ня толькі прапусьціць прынцыповае нядзельнае дэрбі з «Інтэрам», але і пад вялікім пытаньнем ягоны ўдзел у матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў супраць «Манчэстэр Юнайтэд».

Алег Раявец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0