Ці спрабавалі вы калі-небудзь спытаць у менчука «Як прайсьці ў Нацыянальны мастацкі музэй?» а першай ночы? У мінулую суботу такая фраза гучала цалкам натуральна. Міжнародная акцыя «Ноч музэяў» дабралася да сталіцы.

За ёй сачылі Арцём Лява і Сяргей Харэўскі.

Дзякуючы рэкляме ахвотных трапіць у памяшканьне аказалася значна болей за магчымасьці будынку, таму дзьверы галоўнага ўваходу прадбачліва зачынілі задоўга да 11-й. Найбольш прагных да бясплатнага мастацтва людзей невялічкімі порцыямі запускалі праз бакавы ўваход. На вуліцы пад сьвятлом паходні, што трымала ў руках жанчына, зробленай у выглядзе мэталічнай скульптурнай кампазыцыі, мастакі малявалі партрэты, паэты дэклямавалі вершы, раздаваліся надзьмутыя геліем гумавыя шарыкі. У экспазыцыйнай залі, акрамя разагрэўнага боды-арту з дэманстрацыяй слайдаў з карцінамі Далі, Мандрыяна, Шагала, Клімта, галоўнай інтрыгай было адкрыцьцё таямнічай карціны і ажыўленьне намаляваных на ёй пэрсанажаў — дужа падобнымі на выявы карціны выглядалі дырэктар музэю і загадкавая прыгажуня ў белым.

Шчасьліўцы, якія патрапілі ў музэй, атрымалі магчымасьць сфатаграфавацца на фоне палатна пад мэлёдыі скрыпічнага сэкстэту.

Музэй вось ужо чвэрць стагодзьдзя (!) ня можа дачакацца канца даўгабуду, у што ператварылася элемэнтарная праца па пашырэньні плошчаў. Задумалі за Брэжневым, але й за Лукашэнкам ніяк ня скончаць. У запасьніках музэю перахоўваецца больш за тры чвэрці экспанатаў, што ня бачылі сьвету, як і сьвет іх, ужо дзясяткі гадоў. Тамака, у цемры сховаў, зьберагаюцца велізарныя зборы. Філіі ж музэю, кшталту менскае сядзібы Ваньковічаў альбо кляштару ў Гальшанах, маюць лядашчы выгляд. Гадуюцца новыя генэрацыі беларусаў, што гэтак і ня ўбачаць музэйных скарбаў. Але ж нешта рабіць трэба.

Таму для Нацыянальнага мастацкага музэю гэта ўдалая PR-акцыя, што мае на мэце прыцягнуць у музэй як мага болей наведнікаў з моладзі. Па завядзёнцы, бальшыня маладых людзей уяўляе сабе музэй як нешта анахранічнае, зашклёнае й запыленае. Аднак толькі выхоўваючы сабе новую генэрацыю гледачоў, музэі маюць пэрспэктыву на будучыню. І гэтая цікавая ноч можа стацца першым акордам далейшага колазвароту імпрэзаў і выставаў. Справа, вядома, ня ў часе сутак. Сьвятло мастацтва зьзяе заўжды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0