КРАСНАЛЮДКІ

 

 

ВЯСНОВАЯ КАЗКА

Гэта казкі а ці чуткі —

Ў Менску ходзяць красналюдкі*?

Гэткім словам, мне здаецца,

Працалюбных чалавечкаў,

Захавальнікаў багацьця —

Гномаў называў мой бацька,

Ахвяруючы хвілінку,

Каб прыснуць сваю дзяўчынку…

А як ляснула навука,

Красналюдкам зваў унука.

І ня казкі, і ня чуткі:

Менск трымаюць красналюдкі.

Назіраю, што ні золак,

У аранжавых камзолах,

У штанах з агню і ў паскі

(Як са старадаўняй казкі!)

Іх вясёлыя чароды.

У руках — мяцёлкі й вёдры:

Горад вымыць пасьля ночы,

Твар ягоны — лоб і вочы.

Днём у нетры не зьнікаюць —

Нам спрыяць за мэту маюць:

Прыбіраць лісьцё з дарогі,

Каб хутчэй ляцелі ногі,

Ладзіць клюмбы сярод бруду

Самацьветамі — усюды…

Мала іх, які адсотак,

Ды сакральная работа.

Бо вартуе іх каманда

Беларускі наш парадак!

…Пройдуць хай дзесяцігодзьдзі.

І аднойчы ў нанаходзе

«Баба, гэта — красналюдкі?»

Хай спытае ўнук у Людкі.

ВЕЧАР У СКВЭРЫКУ ЛЯ ПЛОШЧЫ ПЕРАМОГІ

Ля лаўкі улюбёнай — каштан.

Надзеў зялёны каптан

І важна трымае сьвечы

У казачны гэты вечар.

Ты прыйдзеш сюды — у госьці.

Заплечнік, русявы хвосьцік

І нагавіцы ў паскі...

Таксама зь якойсьці казкі!

Абнімеш мяне: «Прабач!..»

Загорнеш у хрумсткі плашч.

Бліснуць аконныя шыбы

Ў сонцы — золаце нібы!

Мы пойдзем з табой у замак —

Далей ад бацькоў і мамак.

Там граюць музыку сноў —

Пра вечнае, пра любоў...

ЗЯЛЁНЫ КЛЁН

Уяўны, пад маім акном,

Бадай, да скону дзён,

Стаіць, ахутаны плашчом,

Зялёны маладзён.

Яго люблю я — пагатоў,

Як дзеда з глыбіні

Далёкіх, сьцішаных вякоў.

Сьпяваю дзень пры дні:

«Зялёны клён — зялёны воўк!

Ваўчыныя твае

Галіны — рвуць паветра шоўк!

І ранак настае...

Твае напятыя лісты,

Насеньня кіпцюры

Прамень абліжа залаты

Зь нябеснае нары...»

*Красналюдкі — гномы. З выгляду — маленькія старыя людзі ў яркай вопратцы; яны жывуць у падземных нетрах, поўных каштоўных мэталаў і камянёў. Дарэчы, назву «гномы», што значыць «тыя, хто ведаюць», для гэтых фальклёрных пэрсанажаў прыдумаў у эпоху Адраджэньня нямецкі вучоны Парацэльс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0