Нэа-фолк-рок фармацыя Юрыя Дубовіка «Вочы», якая ўвабрала ў сябе найлепшыя сілы гарадзенскай музыкі, прэзэнтуе на Tuzin.fm дэбютны альбом «Усё бачаць».

Заснавальнік гурта «Вочы» Юры Дубовік вядомы найперш як заснавальнік культавай гарадзенскай каманды «Воображаемые люди». Яна паўстала яшчэ ў 1993 годзе, мае ў дыскаграфіі шэсьць альбомаў. Жартам гэты гурт завуць «бацькамі гарадзенскіх эма». Назвалі, дарэчы, каманду ў гонар першага альбому The Cure «Three Imaginary Boys».

«Вочы» спачатку лічыўся сайд-праектам «Воображаемых людей». Яго ідэя паўстала ў 2012 годзе, калі Юры нечакана нават сам для сябе стаў пісаць па-свойму. «Я заўсёды пісаў толькі па-расейску. За ўвесь час у«Воображаемых людей« была толькі адна беларускамоўная песьня – «Дзяўчыночка«. Некалі быў яшчэ досьвед, калі я разам з гарадзенскім музыкам Алегам Пухавым працаваў над стварэньнем беларускамоўнага мюзыкла, які да гэтага часу яшчэ не завершаны. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі. А тут неяк самі па сабе сталі пісацца беларускамоўныя творы. Я адчуў, што змагу выказаць свае думкі па-беларуску. Я ня вельмі добра ведаю мову, таму даводзіцца зазіраць у слоўнікі, але я ня дужа пераймаюся з гэтой нагоды. Мы ўсе – людзі майго пакаленьня – прайшлі праз Савецкі Саюз, усе гаварыліна адной мове. А цяпер у нейкі момант я адчуў неабходнасьць выказаць думкі на мове маёй роднай зямлі», – распавядаў чатыры гады таму ў інтэрвію Tuzin.fm Юры Дубовік.

Тады яшчэ было цяжка сказаць, наколькі гэта ўсё ўсур’ёз. Але цягам гэтага часу Юры разам з музыкамі ўпарта ішоў да сваёй мэты і працаваў над матэрыялам, каб выдаць альбом. «Амаль палову матэрыялу прыйшлося адправiць у небыцьцё. За час гуказапiсу праект ператварыўся ў гурт, якi даў шэраг канцэртаў, займеў сваю стылістыку і адметнае гучаньне. Раптам усе галасы і гукі ўпарадкаваліся і праца над альбомам скончылася. Галасы продкаў нашэптваюць новыя вершы, так робіцца сучасны фольк, а «Вочы» – яны ўсё бачаць», – гэтак прадстаўляе сваю працу цяпер Юры. 

Музыка кажа, што паспрабаваў аб'яднаць ў сваіх песьнях усё тое, што называецца «Зямля» і тое, што называецца «Космас», у адным. Адной з самых важных песень Дубовік называе «Кола». У ёй закладзена беларуская сансара: пакуль тое кола круціцца – мы жывем. «Канечне, у творах закладзеныя і маеперажыванні. Усё тое, што нацягнулі ногі ад зямлі, па якой я сорак гадоў хаджу – мы паспрабаваліперадаць праз музыку».

На жывых канцэртах яго праекту колькасьць людзей на сцэне дасягае 10-12 чалавек, а на запісу склад «Вачэй» пашырыўся наогул да неверагоднай колькасьці. Юры кажа, што скарыстаў мажлівасьць накласьці галасы ўсіх тых, «каго прынёс восеньскі вецер». А прынёс ён багата гарадзенскіх музыкаў. У запісе дыску «Усё бачаць» узялі ўдзел: гурты «Воображаемые люди», Green DanceRed cottonRase Of Dreamers,Agnis, «Людзi на балоце», ансамблі песьнi i танца «Белыя росы» і «Рада» ды іншыя выканаўцы. У афармленьнi вокладкi скарыстаныя працы вядомага гарадзенскага мастака Юрыя Якавенкі.

Гурт прэзэнтуе альбом «Усё бачаць» на Tuzin.fm. Неўзабаве на нашым партале таксама адбудзецца прэм’ера кліпа на адну зь песень з альбому.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0