У кабінет да доктара Сарокіна зайшла жанчына гадоў пад сорак і сцішаным голасам павіталася:
— Дзень добры вам!
Доктар працягваў пісаць, а пасля, спахапіўшыся, узняў на яе вочы і хуценька адказаў:
— Дзень добры! Праходзьце, сядайце, расказвайце.
Сарокіну было за семдзесят, але ён працягваў яшчэ працаваць на палову стаўкі ў паліклініцы. Арандаваў тут памяшканне і ў вольны час лячыў выпівох звышсакрэтным метадам…
Жанчына зрабіла некалькі крокаў і прысела на адно з крэслаў, што стаялі ўздоўж сцяны даволі прасторнага кабінета.
— Гора ў мяне вялікае… — яна ўздыхнула. — Прывезла да вас на лячэнне свайго мужыка-п’янтосіка. Бо дайшлі чуткі нават да нашай Аляксееўкі, што вылечваеце вы алкашоў, вось… А мой на цагельні працуе, заробак прапівае, дырэктар звольніць хоча, а з чаго ж тады нам жыць? Кажуць, што метода ваша дабрэнная.
Доктар усміхнуўся і пагладзіў сваю сівую бародку.
— Метад мой і сапраўды ўнікальны. Яго запатэнтавалі ў Германіі і Польшчы. Зацікавіліся і расійскія дактары…
— А як жа ён называецца?
— Казытліва-аздараўленчы масаж з крыху пашчыпваючым уздзеяннем.
— А ў вас тут плаціць трэба? — са сполахам у вачах спытала жанчына.
— Плата невялікая, усяго дваццаць рублёў.
— Такія грошы ў мяне ёсцека, абы дапамагло. Няўжо ўсіх вылечваеце?
— Пакуль скаргаў не было! — з усмешкай прамовіў доктар.
— А якая гарантыя? На колькі год?— працягвала дапытвацца жанчына.
— Пажыццёвая! Вось ваш муж будзе… — тут ён спехам пагартаў даволі тоўсты сшытак. — Во! Сто сорак пятым будзе. І яшчэ не было выпадкаў, каб хтосьці не вылечыўся. Вось кніга водгукаў, тут адныя падзякі… У нас, як той казаў, фірма венікаў не вяжа…— Сарокін зноў загадкава ўсміхнууся і пагладзіў бародку. — Вылечваем любога і за адзін сеанс, а ён працягваецца не больш за гадзіну.
— Або! — жанчына махнула рукой. — Я перлася з ім у такую далячынь, то змагу і да абеду выседзець, толькі б дапамаглі 6 вы майму Мікалаю.
— Калі так, то давайце яго сюды! Не будзем марнаваць часу!
Праз хвіліну ў кабінет разам з жанчынай зайшоў паўнаваты мужчына гадоў пад пяцьдзясят з чырвоным носам і нахабна-вірлівымі вачыма. На ягоным твары так і вымалёўвалася здзеклівая ўсмешка…
Ён нават не павітаўся, а стаяў быццам нахілены слуп ля дарогі, што ўсім замінае.
—Толькі не выпендрывайся! — жанчына злёгку штурханула мужа пад бок. — Вядзі сябе прыстойна, бо тут усіх вылечваюць.
— А вось у гэта я і не веру! — рашуча прамовіў ён і засмяяўся.
— Не верыце, што я вас вылечу? — з лагоднай усмешкай спытаў доктар. — Дарэмна, дарэмна… А ёсць жаданне вылечыцца?
— Ды я не хворы! — усклікнуў мужчына. — Бывае, праўда, выпіваю. А хто цяпер не закладвае пры такім нашым жыцці! Ды я б і не паехаў сюды, каб мая Гануля не паабяцала мне купіць за гэта дзве пляшкі гарэлкі «Крышталь-Люкс»! Чулі пра такую?
— Ведаю, — адказаў доктар. — Тры залатыя медалі ў Лейпцыгу і Маскве. Але вам давядзецца пра яе забыць…
—Вось як! — з роспаччу ў голасе ўсклікнуў мужчына. — То калі мне будзеце якую паскудную капсулу падшываць або мазгі гіпнозам кампасціраваць, то я не згодзен! — зароў ён.
— Цішэй ты! — ускінулася на яго жонка. — Хочаш у міліцыю загрымець? Дурань аляксееўскі!
— Нічога страшнага, — Сарокін падняўся з-за стала. — У нас бываюць і не такія пацыенты. А цяпер прысаджвайцеся ў крэсла, і паставім канчатковы дыягназ.
I не паспеў мужчына прысесці, як доктар імгненна падскочыў да яго і пачаў рабіць перад яго носам даволі загадкавыя рухі сваімі рукамі. Гэтыя пасажы азначалі, што ён быццам штосьці невядомае выцягвае з мужчыны, а пасля з агідаю кідае у кут.
— Ды вы што?! — са здзіўленнем прамовіў мужчына.
Доктар нічога не адказаў, а хуценька заняў сваё месца за сталом і пачаў нешта пісаць. Пасля зірнуў на жанчыну з мужам і прамовіў:
— Цяпер мне усё зразумела. У вас пястотна-алкагольны сіндром з паглыбленым наркатычным ухілам. Якраз наш профіль. Цяпер прыступім да лячэбнага сеанса. Вам давядзецца пачакаць у прыёмнай, — звярнуўся Сарокін да жанчыны, — а вы праходзьце за мной.
Доктар завеў мужчыну ў асобную лячэбную кабіну. Там стаяў нізкаваты, але даволі шырокі стол.
— Распранайцеся і жыватом на стол, — загадаў доктар. — Зараз і масажысты падыдуць…
І толькі мужчына распрануўся, як у кабіну зайшлі два здаравенныя дзецюкі. Яны моўчкі, амаль сілком, паклалі мужчыну на стол і хуценька прывязалі ягоныя рукі і ногі рамянямі, якія былі тут падрыхтаваны.
— Пачынаць? — з усмешкай спытаў адзін з дзецюкоў.
— Давайце! — дазволіў доктар. — Толькі не перастарайцеся.
У тое ж імгненне другі дзяцюк прыспусціў з мужчыны трусы.
— Вы што?! — зароў небарака. — Звар’яцелі?!
А дзецюкі моўчкі пачалі лупцаваць па мяккім месцы выпівохі намочанымі ў вадзе пяньковымі вяроўкамі.
Мужчына роў што меў моцы. Лекар выскачыў з кабіны і не паспеў дайсці да свайго стала, як у кабінет заляцела жанчына.
— Чаго ён крычыць, як бык недарэзаны?! — са сполахам спытала яна.
— Ды як вам сказаць… — сумеўся доктар. — На лячэбна-аздараўляльны масаж кожны рэагуе па-свойму. Адны пацыенты смяюцца, другія крычаць, трэція плачуць. Вы не хвалюйцеся. Ваш муж пакуль прымае дзесяціхвілінны разагравальны масаж. Ён самы непрыемны…
Мужчына між тым пагражаў, што спаліць усю паліклініку, сваю вёску і заявіць у міліцыю. Але паступова станавілася усё цяжэй разабраць ягоныя словы…
— Ён жа енчыць! — жанчына кінулася да кабінкі, але дзверы былі надзейна замкнуты.
— Не хвалюйцеся! — доктар усадзіу жанчыну у крэсла. — Якраз з гэтымі крыкамі і выходзіць хвароба…
— Ну і лячэнне ў вас! Мікола змардуе мяне дома на чорны яблык.
— Такога не будзе, магу вас запэўніць. Не ён першы… А метад мой якраз і заснаваны на болевым сіндроме…
— Як гэта?
— Хвароба праз боль і выходзіць. Чым мацней чалавек крычыць, тым хутчэй яна пакідае ягонае цела. Прыслухайцеся, ужо крыху аціхае. А мы з вамі зойдзем зараз у нашу аптэку, купіце тое-сёе для прымочак…
Яны выйшлі з кабінета. Калі хвілін праз дзесяць вярнуліся, то наўкол была мёртвая цішыня…
— Здаецца мне,— сцішаным голасам прамовіў доктар, — што лячэнне паспяхова скончылася.
І толькі ён змоўк, як з кабіны выйшаў Мікола, якога падтрымліваў адзін з дзецюкоў. Жонка кінулася да мужа, а дзяцюк імгненна знік за дзвярыма.
— Як ты? — запытала кабета ў свайго Міколы.
Твар у таго быў збялелы, вочы, быццам у пакутніка, пазіралі ласкава, і ён ледзь чутна прашаптаў:
— Нічога. Добра, што ў жывых застаўся.
— А цяпер, — доктар хуценька ўсеўся за стол, — правядзем невялічкі тэст — і можаце адпраўляцца дахаты.
— Што яшчэ за тэст?! — устрывожылася жанчына.
— Мікола адкажа на некалькі пытанняў, і вы зразумееце, што ён вылечыўся.
— Задавайце! А то ён ледзь на нагах трымаецца ад вашых лекаў.
— Ці будзем мы больш зазіраць у бутэльку?
— Ніколі! — адразу ж выпаліў Miкола.
— Атрымаўшы заробак…
— Прынясу да Ганулі ўсё да капейкі,— перабіў ён доктара, — ды і квіток побач палажу.
— Так… — Сарокін усміхнуўся і ад задавальнення пацёр рукі. — А калі шабашка якая надарыцца?
— Куплю жонцы кветкі, дзецям марожанае, а рэшту проста ёй у рукі…
Жонка ад такіх слоў анямела і са здзіўленнем пазірала на доктара.
— Вось бачыце, а вы не верылі! — ускрыкнуў той у адказ. Ён зрабіў запіс у сшытку, а пасля дадаў: — Пакуль, праўда, сядзець яму не давядзецца, вось… Дый спаць будзе на жываце, але праз тыдзень-другі ачомаецца і прыйдзе ў норму.
— А што з яго… — жонка асцярожна дакранулася ніжэй Міколавай спіны.
Той ажно падскочыў і ўскрыкнуў: «Не трэба!»
— Вось гэта месца, што вы памацалі, мы якраз і масажыравалі. Праз яго якраз ідзе самае эфектыўнае аздараўленне.
— То вялікі вам дзякуй за лячэнне! — прамовіла жанчына і хуценька паклала грошы на стол, пацягнула Міколу пад руку да дзвярэй.
— Калі, не дай бог, прыкмеціце малейшыя збоі ў паводзінах мужа, то прыязджайце на паўторны сеанс, — кінуў ім услед Сарокін.
Пасля ягоных слоў Мікола імгненна сігануў за дзверы з такой хуткасцю, што Гануля не паспела іх зачыніць.