Ужо другі палітычны лідэр будзе адбываць пакараньне ў Баранавічах. Будынак зь белай цэглы толькі напалову з кратамі на вокнах не пасьпеў яшчэ забыцца на намесьніка старшыні Партыі БНФ, тагачаснага рэдактара газэты «Рабочы» Віктара Івашкевіча.

Камяніца падзелена напалам. У адной частцы знаходзіцца «хімія», у другой — звычайны рабочы інтэрнат.

Статкевіча прывезьлі на машыне знаёмыя. Напачатку ён правёў шэраг сустрэч з чальцамі сваёй партыі ды журналістамі і толькі пасьля накіраваўся да папраўчай установы адкрытага тыпу №2.

На ганку яго ўжо чакалі два дзясяткі журналістаў, партыйцаў і грамадзкіх дзеячаў. Акрамя бацькі, Статкевіч мае ў горадзе шмат сваякоў і паплечнікаў, таму пачувацца адзінцом ня будзе.

Паводле слоў палітыка, ягонае перанакіраваньне ў Баранавічы зьвязана з тым, што тут спэцслужбам будзе лепш за ім назіраць, да таго ж яны папрактыкаваліся ўжо тут на Івашкевічу. Таму просьба «адправіць» яго бліжэй да старэнькага бацькі, відаць, прыйшлася даспадобы наверсе.

Паводле слоў Статкевіча-малодшага, ягонай жонцы «ў Камітэце выкананьня пакараньняў сказалі, што калі я ня буду ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, то праз год мяне могуць адпусьціць дадому. Але ад грамадзкага жыцьця я ўхіляцца ня буду».

Пасьля паўгадзіны сустрэчы да людзей, што сабраліся на ганку, падышлі тры міліцыянты і запыталі, што гэта за несанкцыянаваны мітынг. Пасьля, разабраўшыся, накіраваліся са Статкевічам у будынак, які сама меней на год зрабіўся ягоным домам.

З панядзелка ён пачаў шукаць працу. У прыватных установах уладкавацца на працу пакуль не дазваляюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0