Вёска Лучна (Полаччына) стала часьцей фігураваць у навінах. Штолета тут ладзяцца археалягічныя пошукі Лучанскага манастыра, побач зь вёскай будзе пабудавана гідраэлектрастанцыя. Тутсама прайшоў рок-фэст «Ая-кэмп», ініцыятарамі якога выступілі музыкі наваполацкага рок-гурту «Ozon».

На «Кэмп», што прайшоў у мінулы ўік-энд, былі запрошаны ня толькі рок-каманды, але й ды-джэі, што ўначы весялілі народ электроннай музыкай. На фэсьце выступілі каля 30 гуртоў, палова зь іх — менскія. Ніякага фармату арганізатары не вызначалі, «цяжкія» гурты чаргаваліся зь «лёгкімі».

Вось толькі надвор’е выдалася надзвычай сьпякотнае. 30 ліпеня вядучы фэсту, вэтэран полацкага рок-руху Сяргей Анішчанка доўга ня мог знайсьці каманду, якая б распачала канцэрт — пачатак быў а 14-й. Нарэшце пагадзілася менская «Anno Domini». І толькі пасьля, з рыпеньнем і прадзіраньнем вачэй рок-дзея пачала набіраць абароты.

Гэтым разам у фэсьце ўдзельнічала больш беларускамоўных камандаў, якія былі збольшага сталічныя.

Галоўная нязручнасьць фэсту — значная адлегласьць ад гораду. Праз гэта адчуваўся недахоп слухачоў.

Арганізатары ў размовах з журналістамі спрабавалі параўнаць «Ая-кэмп» з «Басовішчам» — нешта падобнае, але дома. Анішчанка крыўдзіўся: на «Басовішча» едуць за свае грошы, а з арганізатараў «Кэмпу» яшчэ й патрабуюць ганарары за выступ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0