Юшчанка супраць ізаляцыі Беларусі

Прэзыдэнт Украіны выступіў супраць міжнароднай ізаляцыі Беларусі, зазначыўшы, што Ўкраіна гатова падтрымаць паўночную суседку на шляху да дэмакратыі. Пра гэта Віктар Юшчанка заявіў ў Парыжы на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых і палітычных колаў Францыі. «Я хачу бачыць Беларусь дэмакратычнай, квітнеючай краінай, і для гэтага як прэзыдэнт суседняй краіны зраблю ўсё, каб у нечым ёй дапамагчы».

Velcom увёў тарыф «Адзіны»

Першы апэратар сотавай сувязі GSM у Беларусі, кампанія МЛС (гандлёвая марка Velcom) увёў плян «Адзіны». Плян прадугледжвае адзіны кошт званкоў на ўсе кірункі.

Справу Аўтуховіча ў Вышэйшым гаспадарчым

У сераду адбылося падрыхтоўчае паседжаньне ВГС. Судзьдзя Кацярына Караткевіч прызначыла дату слуханьняў на 30 лістапада. Паўтара месяца таму Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду скасаваў папярэднія судовыя рашэньні адносна спагнаньня з ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча штрафных санкцыяў. Аднак Дэпартамэнт фінансавых расьледаваньняў па Гарадзенскай вобласьці 14 кастрычніка завёў у дачыненьні да прадыпрымальніка крымінальную справу. М.Аўтуховіч быў адразу арыштаваны і абвесьціў галадоўку. Яна доўжыцца ўжо 34 дні.

Марыніча прызналі інвалідам

Дактары адмысловай камісіі Міністэрства аховы здароўя прызналі экс-міністра Міхаіла Марыніча інвалідам ІІ групы. Пра гэта журналістам паведаміла жонка палітыка Тацяна. Міхаіл Марыніч, асуджаны на 3,5 гады пазбаўленьня волі, цяпер праходзіць курс лячэньня ў турэмным шпіталі пры менскай калёніі.

Наш адказ Білу Гейтсу

У Парку высокіх тэхналёгій будзе распрацавана апэрацыйная сыстэма — альтэрнатыва кампутарнай прадукцыі «Майкрасофт». Гэта паабяцаў гендырэктар Нацыянальнага цэнтру інфармацыйных рэсурсаў і тэхналёгій Акадэміі навукі Міхаіл Маханёк. Пасьля справа будзе за драбязой — напісаць кучу іншых праграм для кампутара, паколькі большасьць іншых праграм ствараецца пад «Windows».

Мірны прайграў, моладзь — выйграла

На выніковым турніры найлепшых парных тэнісістаў сьвету, што праходзіць у Шанхаі, Максім Мірны і Юнас Б’ёркман прайгралі і другую сустрэчу групавога турніру. У сераду, 16 лістапада, яны саступілі французам Мішэлю Лядра і Фабрысу Сантаро — 6:7, 4:6. Затое парадавала ў сераду футбольных заўзятараў моладзевая зборная. У Белай-Падляскай гадаванцы Юр’я Пунтуса ў таварыскай гульні перамаглі пагодкаў з Польшчы — 3:1.

АР, ЗД, svaboda.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0