На 84-м годзе жыцця памёр кардынал Юзаф Глемп (Józef Glemp).

Ён хварэў на рак лёгкіх. Цэлы свет запомніў гэтага сціплага біскупа з вялікімі, адтапыранымі вушамі, бо ён стаяў на чале польскага касцёла ў часы, калі лёс Польшчы ляжаў на шалях. Нараджэнне «Салідарнасці», трывожная пагроза савецкай інтэрвенцыі, пагром «Салідарнасці», забойства ксяндза-патрыёта Папялушкі, гады «стабільнасці» і ўсеагульнай абыякавасці. І раптам — імклівы крах савецкай сістэмы. Гэта было пры яго жыцці. Гэта было з ягоным удзелам. Удзелам, ад якога ён спрабаваў ухіліцца.

Падзенне саветаў было перадвызначаным. Канцы савецкай эканомікі і ў Польшчы, і ў самім СССР не сточваліся з канцамі. Несвабодны чалавек працуе горш за свабоднага. Аднак прадбачаць, калі здарыцца калапс, не мог ніхто, бо праўдзівай статыстыкі ніхто не ведаў. Не ведаў яе і Касцёл.

Кардынал устаў на чале Варшаўска-Гнезненскай архідыяцэзіі, на чале польскага епіскапата, у 1981 годзе.
У Рыме тады сядзеў першы ў гісторыі папа-славянін, светлы Ян Павал ІІ. А ў самой Польшчы спалахнула «Салідарнасць». І свет, і самі палякі нечакана зразумелі, як жа яны хочуць іншага жыцця.

Глемпа выбраў сабе ў пераемнікі «Вялікі кардынал» Вышынскі — легендарная асоба. Быць яго наступнікам, ды яшчэ ў сітуацыі, калі крок улева, крок управа, і можа праліцца кроў, мора крыві, было надзвычайным цяжарам.

Яшчэ нядаўна быў Сталін, яшчэ нядаўна быў Гітлер, была Катынь і былі паваенныя рэпрэсіі Берута.

Глемп пастанавіў, што ягоная галоўная задача — не дапусціць праліцця крыві, згладжваць супярэчнасці.
Ён лічыў, што нельга дапусціць, каб Касцёл стаў часткай апазіцыі. Што трэба каб Касцёл быў паміж уладамі і апазіцыяй, хай і коштам страты аўтарытэту ў перадавой, актыўнай часткі грамадства.
У дзень увядзення ваеннага становішча, 13 снежня 1981 года, кардынал Глемп выступіў з казанню, у якой заклікаў да стрыманасці.
Ярузэльскі пасля круціў гэтыя словы ў кожным выпуску навін, ажно Глемпу прыйшлося запатрабаваць, каб яго перасталі цытаваць.

Далей былі цёмныя часы. Частка біскупаў падтрымлівала падполле — «Салідарнасць» была забаронена, прыкладна так, як у нас у Беларусі цяпер забаронены «Малады Фронт» ці «Вясна».

Глемп лічыў, што з «Салідарнасцю» пакончана, і яна ніколі не адродзіцца. Памыляўся.

Але дзякуючы ягонай памылцы, менавіта Касцёл як «не апазіцыя і не ўлада» змог стаць пасярэднікам у правядзенні Круглага стала ў 1989 годзе. І тады Глемп ужо не ўхіляўся: біскупы бралі ўдзел у Круглым стале, і з Касцёлам узгаднялі кандыдатаў у першы некамуністычны ўрад.

Глемп заклікаў да грамадскага міру па-над усё.

Ягонай найстрашнейшай пакутай была смерць ксяндза Папялушкі.
Папялушка — дарэчы, родам з сям’і беларусаў-каталікоў, малым ён не ўмеў гаварыць па-польску — быў капеланам «Салідарнасці». Гэта быў святар-радыкал. Ягоныя казані транслявала радыё «Свабодная Еўропа». Для ўладаў ён быў як чырвоная ануча для быка. Правакацыі супраць Папялушкі не спыняліся: у кватэру яму падкінулі патроны, выбухоўку, гранаты са слезацечным газам, паліграфічныя матэрыялы. За ім сачылі аж чатыры агенты спецслужбаў, у тым ліку сексоты-святары. У дзяржаўных СМІ ішла кампанія нагнятання нянавісці.
Кардынал Глемп тады не выступіў у абарону Папялушкі, аднак і не асуджаў яго, не адхіліў ад святарскіх абавязкаў.
Пасля пачатку чарговай атакі ў СМІ 16 кастрычніка 1984 года кардынал прапанаваў ксяндзу Папялушку выехаць на вучобу ў Рым. Тое самае робяць, дарэчы, некаторыя беларускія біскупы цяпер у дачыненні да святароў, якія трапляюць на мушку беларускай Бяспекі.
Глемп толькі прапанаваў Папялушку выехаць, але не абавязаў яго. Папялушка адмовіўся.

Праз тры дні, 19 кастрычніка, калі Папялушка вяртаўся з іншай парафіі, яго машыну спынілі людзі ў форме ДАІ. Ягоны шафёр уцёк, а сам Папялушка знік. А 30 кастрычніка з Вісле вылавілі тапельца з пятлёй на шыі — хітрай пятлёй, якая заціскалася, калі чалавек рухаў рукамі, і мехам з каменнем, прывязаным да ног. Гэты тапелец не павінен быў ніколі падняцца з дна, але нейкім цудам яго вынесла, і ён трапіў патолагаанатамам… Страшнае злачынства выйшла на яву, і камуністычным уладам нават давялося «знайсці» і судзіць тых, хто Папялушку выкраў. Выканаўцаў, вядома, а не тых людзей наверсе, якія хітра намякнулі, што «пара б яго заткнуць канчаткова».

Папялушка стаў сімвалам і вечнай чорнай плямай на рэпутацыі рэжыму. У 2010 годзе яго беатыфікавалі. Ягоны прыклад барацьбы за справядлівасць натхняе тысячы маладых святароў і простых юнакоў.

Глемп лічыў, што віна за смерць Папялушкі ляжыць на ім у тым ліку.
Калі б ён адкрыта выступіў у абарону Папялушкі, гучна назваў паклёпы на яго паклёпамі, а правакацыю — правакацыяй, то, магчыма, падняць руку на Папялушку не наважыліся б. Але б нечым адпомсцілі і касцёлу: напрыклад, адмовілі б у выдзяленні пляцаў пад новыя храмы. З другога боку, калі б Глемп забараніў Папялушку служэнне ў Польшчы, выправіў яго ў місію за мяжу, ён бы таксама ўратаваў яму жыццё.

Гэтая гісторыя паказвае, якая бывае цана рашэнняў не толькі чыноўніка, але і лідара грамадзянскай супольнасці і як цяжка бывае прымаць гэтыя рашэнні пад ціскам.

Імаверна, Глемп меркаваў, што Касцёл, калі б ён стаў у адкрытую апазіцыю ўладам, раздушылі б, як раскідалі «Салідарнасць». Уладам, якія вернікі, канечне, ненавідзелі і якіх баяліся. Глемп таксама ніякіх сімпатый да камунізму не меў. Але і ў скорае падзенне яго не верыў.

Таму Глемп дзейнічаў іначай. Ён выбраў дарогу стрыманасці. І ягоны выбар аказаўся слушным для Касцёла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?