Ад былой велічы Раёўкі, заснаванай ў канцы ХІХ ст., не засталося і знаку.
Работніцы, якім не абыякавы лёс фабрыкі.
Работніцы, якім не абыякавы яе лёс фабрыкі.
Трактарыст Лёня.
Судовае рашэнне.
Занядбаныя памяшканні.
Кантора для кіраўніцтва, пабудаваная ў 1980-я, таксама паціху развальваецца.
Галоўная вуліца Раёўкі — Леніна — пустынная цяпер. 20 гадоў таму тут таксама віравала жыццё.
Школа, заснаваная ў 1955 г., налічвае зараз 70 вучняў, 20 гадоў таму было 170.
У Раёўцы тры крамы. На другім паверсе колісь была сталоўка, цяпер там час ад часу ладзяцца вяселлі.
У 1920-1930-я Раёўка была ў складзе Польскай дзяржавы, да савецкай мяжы, што ішла за Радашкавічамі, было 10 км. Гэты дом пабудаваны ў 1921 г.
Адзіны прамы аўтобус-маршрутка нядоўга хадзіў на Мінск раз на тыдзень, і той адмянілі.
Ад Мінска да вёскі Раёўка (Маладзечанскі раён) семдзесят хвілін электрычкай (да станцыі Уша), адтуль яшчэ 25 хвілін на аўтобусе. Ехаць трэба рана — аўтобус ходзіць двойчы ў дзень.Пабіты часам «ЛіАЗ» па заснежанай і слізкай дарозе за 5500 давозіць да прыпынку з выцвілым раскладам. За прыпынкам — гандлёвы дом; налева — школа.
Ранкам у Раёўцы пуста; адзінокі дворнік мяце дарожку. Тэлефаную Таццяне, адной з жанчын, якая даслала ліст у Рэдакцыю «НН». «Нам параілі звярнуцца ў вашу газету. Яе ж «наверсе» чытаюць?» Зварот у прэсу тут бачаць як апошні шанец дабіцца праўды і грошай — усе іншыя сродкі пакуль не спрацавалі. Неўзабаве падыходзяць і іншыя жанчыны.
Аптымістычныя артыкулы
Раёўка — дастаткова вялікая вёска з насельніцтвам прыкладна ў 650 чалавек. Да «нулявых» яна была яшчэ і багатай. У вёсцы ад 1898 працавала кардонная фабрыка, вакол яе круцілася жыццё.«На фабрыцы працавалі ў чатыры змены, кругласутачна і без выхадных. І на Вялікдзень працавалі, і на іншыя святы. На заробкі не скардзіліся», — кажа Валянціна Давідовіч, якая аддала раёўскай фабрыцы 25 гадоў жыцця.
Але ў 2003 фабрыка збанкрутавала. «Была першая хваля мадэрнізацыі, прадалі лінію па пераапрацоўцы макулатуры. Таму і ляснула ўсё», — разам тлумачаць жанчыны.
Пра Раёўку ўжо пісалі «Рэспубліка», «СБ». Пісалі гадоў шэсць таму: пра банкруцтва, цяжкое жыццё без прадпрыемства, праблемы з ацяпленнем — цагляныя чатырохпавярховікі грэла фабрычная кацельня. Артыкулы ў дзяржгазетах заканчваліся аптымістычна: фабрыку выкупіў прыватнік, ВГУП «Белнацыяналсэрвіс». Новы дырэктар Алег Клюеў заявіў, што ў 2007 фабрыка стане самаакупнай, будзе вырабляць гофракардон у 3 змены. А вёска выходзіць з анабіёзу. «Савецкай Беларусіі» ён нават расказаў, што не робіць рамонт у сваім кабінеце — перш за ўсё грошы трэба пусціць на развіццё бізнэсу.
Іншая гісторыя
На жаль, эканамічны цуд не адбыўся. На фабрыцы засталося 36 супрацоўнікаў, а 26 верасня 2012 прадпрыемства «Белнацыяналсэрвіс» было ліквідавана.Пры гэтым ад ліпеня да снежня (калі ўсіх звольнілі ў сувязі з ліквідацыяй) людзі працавалі бясплатна. На сённяшні дзень заробкі так і не выплацілі.
— Сказалі, што ў банкруцтве вінаваты банкі: «загнулі» высокія працэнты, і ўладальнікі не змаглі іх выплаціць, — скардзяцца жанчыны.
— А як гэта да Лукашэнкі можна дабрацца? — пытаецца адна з іх.
— Дабярэшся да яго, — адказвае хор.
— Проста непамысна, што тут творыцца! І нікому да нас няма справы. Мы звярталіся да мясцовага дэпутата, у выканкам, у ахову працы... Нас ніхто не слухаў, ніхто не дапамагаў. Паўсюль даюць адпіскі, — кажа Валянціна.
Стаміўшыся карміцца голымі абяцаннямі, 20 жанчын падалі ў суд і запатрабавалі выплаціць ім заробак.
— Мы звярнуліся ў Маладзечанскі суд. Але там нас накіравалі ў мінскі. У сталіцы сказалі: «А чаго вы звяртаецеся не па месцы жыхарства?» Вось так нас адфутбольвалі, — расказвае Тамара Курэц.
Нарэшце калектыўную позву разгледзеў суд Кастрычніцкага раёна Мінска — па месцы рэгістрацыі «Белнацыяналсэрвіса».Патрабаванні істцоў былі часткова задаволены, і суд абавязаў спагнаць з прадпрыемства нявыплачаныя заробкі. Сумы, з улікам выхадной дапамогі і кампенсацый за нявыкарыстаны адпачынак, невялікія — у сярэднім па 7—11 мільёнаў на чалавека. Усяго каля 23 тысячаў даляраў на 20 жанчын. Аднак цягам трох месяцаў, а менавіта столькі доўжыцца ліквідацыя прадпрыемства, грошы не выплацілі.
— Мы толькі хочам, каб аддалі нашыя грошы. Нам шэсць месяцаў не плацілі, а мы ж працавалі як пчолкі.
Асаблівасці раёўскай ліквідацыі
Раёўская фабрыка спыніла працу 29 снежня. Асноўную незадаволенасць былых супрацоўніц выклікаюць незразумелыя ім маніпуляцыі з фабрычнай маёмасцю.У чаканні ключа ад мясцовага клуба, жанчыны расказваюць, што кіраўніцтва мэтанакіравана вывозіць з фабрыкі ўсё, што можна вывезці. «Ужо тры месяцы, па дзве машыны ў дзень стабільна вывозяць. Пастаянна скандалы праз гэта», — адзначаюць былыя супрацоўніцы фабрыкі.
— Я працавала на прахадной, і яшчэ ў канцы лістапада — пачатку снежня яны пачалі вывозіць металалом, — кажа Ганна.
Жанчыны ўзгадваюць, што металаломам становяцца і не зусім зношаныя рэчы: металічныя шафы, радыятары ацяплення, разабраныя такарныя станкі, новыя цыстэрны для мазуты, што стаялі ў кацельні, само кацельнае абсталяванне, дзверы.
Ля нас спыняецца трактар з прычэпам. «Лёня, падыдзі, раскажы! Вывозяць што?» — крычаць трактарысту. Лёня падыходзіць, запальвае цыгарэту. «Возяць... Дык і я дапамагаю, калі папросяць што пацягаць. Столькі металалому вязуць! З трох-чатырох грузавікоў выплацілі б нам заробак, дык не мелі б мы праблем з гэтымі судамі!»
Лёня з’язджае, а для нас адчыняюць мясцовы клуб культуры і адпачынку. Рассеўшыся вакол стала, на якім ляжыць судовая пастанова, пацярпелыя прыводзяць яшчэ некалькі цікавых дэталяў: дэрыктар фабрыкі Алег Клюеў «пастаянна сядзіць на фабрыцы і загадаў нікога не пускаць на тэрыторыю, хоць яго ўжо даўно звольнілі». Таксама час ад часу на фабрыку завітвае Ігар Клюеў — генеральны дырэктар УП «Белнацыяналсэрвіс» і бацька дырэктара.
— Мінулым разам, калі фабрыку ліквідавалі, усё апячаталі як трэба. Цяпер не апячатвалі нічога — вывозь што хочаш, колькі хочаш! — расказваюць жанчыны. — Не чапаюць яны толькі падзакладнай маёмасці, банка баяцца. Астатняе ўсё вывезлі.
Аднак Валер Сотцаў, якога прызначылі ліквідатарам прадпрыемства, не бачыць у сітуацыі нічога анамальнага.
— Вывозяць нічыйны хлам, металалом. У мяне ёсць балансавы спіс маёмасці, і мяне хвалююць толькі зафіксаваныя ў ім найменні, у тым ліку 4,5 тоны металалому. Фабрычнай маёмасцю лічыцца ўсё, перададзенае Клюеву па вопісе пры набыцці. Але ж у раёўскай фабрыкі вялізная тэрыторыя, і за 100 гадоў там набраліся тоны смецця, якое юрыдычна нікому не належыць.
Асаблівасці раёўскай вытворчасці
Калі ў Раёўку вярнулася праца, усе былі шчаслівыя, нават калі заробкі не дацягвалі да ўзроўню папярэдніх гадоў.Аднак падчас гутаркі высвятляюцца цікавыя асаблівасці вытворчасці на фабрыцы.
У 2006 годзе Ігар Клюеў заяўляў: «Набыў фабрыку, таму што вытворчасць гофракардону і ўпаковак — дастаткова прыбытковы бізнэс. Галоўнае — наладзіць на фабрыцы глыбокую перапрацоўку макулатуры». Калі верыць раёўцам, справа далей за абяцанні не пайшла.
— Купілі макулатурную лінію, нейкую ламачыну, спісаную за мяжой. За размытнёўку шалёныя грошы заплацілі. Казалі пастаянна: «Вось яшчэ 150 мільёнаў — і запусцім». Так яна і не працавала, — расказвае Валянціна. — Калі мы ў снежні ўжо збіраліся пісаць калектыўны пазоў, прыехаў генеральны дырэктар, «накінуўся» на нас. Казаў: «Я ўжо пазычыў грошы ў сяброў, каб вам заробкі выплаціць, але калі вы так ставіцеся, то і не будзе вам заробкаў», — дадае Валянціна.
Голыя сцены
— Калі ўсё вывезуць, тады яе дакладна ніхто не купіць. Навошта яна каму патрэбна? Будынкі старыя, дах цячэ, галоўны корпус ад сырасці і холаду трэшчынамі пайшоў, — кажа Ганна і жанчыны ківаюць у згодзе.
Без фабрыкі ж нікому не патрэбна і сама вёска. Многія раёўцы пачалі піць. Дзіцячы садок амаль пусты, хоць раней у ім былі чатыры поўныя групы. Мясцовую школу таксама збіраюцца зачыніць, а вучняў вазіць у суседнія вёскі. Вада, па прызнанні Ганны Хруль, «што тая гарбата — запарваць не трэба».
Хто меў магчымасць — ужо з’ехаў. Маладзейшыя ўладкаваліся ў навакольныя саўгасы; з тузін мужчын — на вытворчасць керамікі ў Радашкавічах. На працу, калі спазніўся на адзіны ранішні аўтобус, дабіраюцца спадарожнымі аўтамабілямі.«На «Кераміцы» абяцалі пусціць службовы аўтобус, калі набярэцца 10 чалавек. Так і не пусцілі», — кажа Таццяна. Адзіны захад у вырашэнні транспартнага пытання — лёгкая карэкціроўка раскладу вячэрняга аўтобуса.
Больш за ўсіх пакутуюць жанчыны перадпенсійнага веку. Такія, як Валянціна, Ганна, Тамара. Іх не бяруць на працу, а да пенсіі — некалькі гадоў. «У каго муж працуе, каму дзеці дапамагаюць. Лета чакаем. Пойдуць ягады — будуць грошы, — дзеляцца яны. —Хай бы выплацілі нам нашыя заробкі хутчэй, і не было б бяды».
Да зваротнага рэйса застаецца некалькі гадзін, і я вырашаю «галасаваць» на трасе. Машын няшмат, і амаль усе едуць у бок Вілейкі.
«Прапусціш аўтобус — і можна спакойна ісці дахаты спаць. Я неяк так палову дня чакала», — жартуе Валянціна, якая разам з Таццянай вырашыла праводзіць мяне. «А мне фабрыкі шкада. Тут многія на ёй усё жыццё працавалі.Ганна, напрыклад, у трэцім пакаленні. Я сама з Расіі, з Кастрамской вобласці. Мяне сюды па ўсесаюзным размеркаванні пасля тэхнікума накіравалі. А фабрыка працавала і ў вайну, і пасля вайны ўсімі навакольнымі вёскамі яе аднаўлялі, людзі па 10 кіламетраў кожны дзень сюды хадзілі. Сёння ж вайны няма, а такое адбываецца».
Праз 40 хвілін стаяння на сакавіцкім марозе і пасля некалькіх прапушчаных машын мяне ўсё ж падбірае іржавы «Фальксваген» і вязе ў Краснае.
P.S.
Праз два дні пасля візіту карэспандэнта «НН» у вёску Раёўка ў Рэдакцыю патэлефанавала Валянціна Давідовіч і паведаміла, што металалом больш не выво-зяць удзень. Машыны з тэрыторыі фабрыкі цяпер адпраўляюцца а 6-й раніцы.