Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў абвінавачваецца на падставе артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).
З адпаведным адміністрацыйным пратаколам ён азнаёміўся 24 красавіка ў Кастрычніцкім РУУС Віцебска.

Як паведаміў Аўтухоў БелаПАН, 22 сакавіка ён і яго таварыш па партыі Канстанцін Смолікаў былі затрыманы праваахоўнымі органамі ў віцебскім гандлёвым цэнтры «Эвіком» падчас раздачы наведвальнікам партыйнага бюлетэня «Магістрат». Асобнікі бюлетэня былі канфіскаваны.

«Міліцыянеры не сталі пералічваць колькасць канфіскаваных асобнікаў, а спыталі нас, колькі іх. Мы адказалі, што не ведаем. Пазней у пратакол запісалі 1.080, хаця ў друкарні я замаўляў усяго 295 асобнікаў, а мы ж яшчэ тое-сёе раздалі», — заўважыў Аўтухоў.

Пазней суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў актывістаў Партыі БНФ вінаватымі ў парушэнні закона аб СМІ за тое, што ў бюлетэнях утрымліваўся заклік прыходзіць на не санкцыянаваны ўладамі мітынг 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.
Абодва партыйцы былі асуджаны на пяць сутак адміністрацыйнага арышту. Пры гэтым згодна з рашэннем суда наклад «Магістрата» павінны былі знішчыць.
Аднак, як высветлілася, асобнікі бюлетэня цэлыя, а міліцыянеры, паводле слоў Аўтухова, нібыта знайшлі перавышэнне дапушчальнага накладу для незарэгістраванага друкаванага матэрыялу.
Згодна з законам аб СМІ, рэгістрацыі падлягаюць выданні, наклад якіх большы за 299 асобнікаў.

Лідар абласной арганізацыі Партыі БНФ паведаміў, што дата судовага пасяджэння пакуль не прызначана, у суд яго выклікаюць позвай. Калі правапарушэнне будзе даказана, Аўтухову пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь (2—5 млн. рублёў). Чараду адміністрацыйных працэсаў партыйны актывіст разглядае як «націск на апазіцыю, перашкоды да таго, каб расказваць людзям праўду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?