Рэгуляванне інтэрнэту ўрадам не выклікае пярэчанняў, калі размова ідзе пра абарону прыватнага жыцця, супрацьдзеянне тэрарызму і іншым пагрозам, але яно павінна рабіцца «не за кошт ушчамлення свабоды выказвання і свабоды патоку інфармацыі».
Пра гэта заявіла, выступаючы 3 чэрвеня на адкрыцці семінара-трэнінга для беларускіх журналістаў у Мінску, прадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч.

Паводле яе слоў, «перавагі новых СМІ не павінны зведваць пераслед». Міятавіч падкрэсліла, што і «бізнес не можа развівацца, калі свабода інтэрнэту парушаецца».

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ адзначыла важнасць свайго афіцыйнага візіту ў Беларусь, першага пасля 2010 года.
Яна паведаміла, што цягам двух дзён правядзе сустрэчы з высокапастаўленымі чыноўнікамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, журналісцкай супольнасці і недзяржаўных арганізацый Беларусі. Міятавіч таксама падкрэсліла, што ў канцы візіту зробіць заяву.
Дунья Міятавіч 3–5 чэрвеня знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам.
Запланаваны яе сустрэчы з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі, уключаючы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага суда і Міністэрства інфармацыі, а таксама з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага саюза журналістаў, журналістамі, актывістамі грамадзянскай супольнасці.

Нагадаем, апошнім разам Міятавіч наведвала Беларусь у кастрычніку 2010 года. Яна таксама хацела прыехаць у Мінск адразу пасля жорсткага разгону акцыі супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. У ліку соцень затрыманых падчас акцыі грамадзян былі і незалежныя журналісты, у прыватнасці Ірына Халіп і Наталля Радзіна. Яны праходзілі як падазроныя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і ўтрымліваліся ў следчым ізалятары КДБ. Міятавіч двойчы звярталася да Сяргея Мартынава (у той час міністр замежных спраў Беларусі) з просьбай дапамагчы арганізаваць яе візіт у Мінск, аднак рэакцыі на яе лісты не было.

Увесь гэты час Міятавіч неаднаразова крытыкавала афіцыйны Мінск за сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі і пераслед незалежных журналістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?