Патрыярх Кірыл ускладае вянок да помніка Ліндзе.

Патрыярх Кірыл ускладае вянок да помніка Ліндзе.

На мінулым тыдні стала вядома, што глава Рускай праваслаўнай царквы ў канцы ліпеня прыедзе ў Беларусь. Візіт звязаны са святкаваннем 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Ці будзе ў графіку іерарха наведванне месца масавых расстрэлаў у Курапатах?

Патрыярх Кірыл вядомы сваімі паездкамі да месцаў палітычных рэпрэсій. Нават сёлета, у чэрвені, падчас візіту ў Эстонію ён усклаў кветкі да Манумента смутку (помнік Ліндзе) у Таліне. Прычым гэта адбылося 14 чэрвеня, у дзень памяці дэпартацыі эстонцаў у гады сталінскіх рэпрэсій. «Ніхто так не планаваў: атрымалася нібыта выпадкова. Але мы, веруючыя людзі, нават у выпадковасці нярэдка здольныя бачыць руку Божую», — сказаў святар у Таліне.

«Мы ведаем, што прычынай гэтых беззаконняў былі тыя ідэалагічныя ўстаноўкі, што выключалі любое іншадумства. І ад таго, што з людзьмі змагаліся самымі жорсткімі сродкамі і спосабамі, пакутавалі мільёны людзей у Эстоніі, Расіі, Украіне, Беларусі, Малдове і многіх іншых месцах», — адзначыў глава РПЦ.

Каб вытрымаць баланс, між іншым, ён наведаў у Таліне і Бронзавага салдата, помнік савецкім воінам.

Для патрыярха гэта не адзінкавая падобная паездка. Летась ён правёў службу ў Катыні, на месцы масавых расстрэлаў польскіх жаўнераў. Яшчэ раней наведаў пахаванні рэпрэсаваных у Карэліі — урочышча Сандармох.

Такая ўвага да месцаў сталінскіх рэпрэсій патрыярха Кірыла абумоўлены тым, што ягоны дзед, святар Васіль Гундзяеў, за Сталіным адбываў пакаранне ў тым ліку ў лагеры на Салаўках.

Таму і візіт у Курапаты выглядае рэальным. А для аднаўлення гістарычнай памяці ў Беларусі такі крок быў бы вельмі важным.

Дарэчы, у лістападзе апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці ўсклаў кветкі да помніка ў мемарыяльным комплексе «Малы Трасцянец» і ў Курапатах. І правёў у касцёле службу за беларусаў, якія сталі ахвярамі войнаў і рэпрэсій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?