Памёр славуты італьянскі тэнар Лючана Павароці, паведаміла агенцтва Agr з спасылкай на мэнэджэра сьпевака. Сьпявак пайшоў з жыцьця на досьвітку ў чацьвер на 72-м годзе жыцьця.

У часе разьвітальнага канцэртнага туру ў чэрвені 2006 году ў сьпевака быў выяўлены рак падстраўнікавай залозы. Павароці зрабілі апэрацыю, дактары давалі аптымістычныя прагнозы. Аднак на пачатку жніўня 2007 —га тэнар зноў апынуўся ў шпіталі, дзе цягам 17‑ці дзён праходзіў працэдуры. Увечары 5 верасьня стала вядома, што стан здароўя Павароці рэзка пагоршыўся — у сьпевака адмовілі ныркі і ён упаў у кому.

Лючана Павароці нарадзіўся ў Модэне 12 кастрычніка 1935 году. Дэбютаваў у 1961 годзе ў ролі Рудольфа ў “Цыганэрыі” Пучыні. Ужо праз два гады ён сьпяваў у Ковэнт-Гардэн. У 1965 годзе – у мілянскай “Ля Скаля”, а ў 1968-м годзе — у “Мэтраполітэн”. Бэльканта з опэраў Бэліні, Даніцэці, Расіні і Вэрдзі было ягоным каньком. У яго быў нязвыкла моцны голас, найшырэйшага дыяпазону, аж да C2.

«Я дасягнуў у жыцьці ўсяго, пра што толькі мог марыць, і нават большага», — так пару гадоў таму сказаў пра сябе Лючана Павароці.

У 1980-90- гады ён перанёс замкнёны, элітарны сьвет опэры ў паркі і на стадыёны. Сьпяваў пад Эйфэлевай вежай, у Мэдысан Сквэр Гардэн і Цэнтральным парку ў Нью-Ёрку.

Мільёны глядзелі канцэрты “Трох тэнараў”, якія ён даваў у кампаніі аксамітных галасоў Плячыда Дамінга і Хасэ Карэраса.

У 2006 годзе Павароці зрабілі апэрацыю па выдаленьні ракавае пухліны, а нядаўна ён зноў трапіў у шпіталь з той жы бядой.

А голас застанецца на запісах...

Паводле РИА Новости, Радио Свобода, Эхо Москвы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?