Беларуская праваслаўная царква cтварыла ў Мінску шэсць благачынніцкіх акругаў (аб’ядноўваюць некалькі прыходаў, аналаг у каталіцкай царкве — дэканат) для актывізацыі царкоўна-прыходскага жыцця, паведамілі ў прэс-службе Мінскай епархіі.

Як растлумачылі ў БПЦ, першае благачынне — Свята-Духаўскае — з цэнтрам у Свята-Духавым кафедральным саборы ўключае ў сябе прыходы, размешчаныя на тэрыторыі Цэнтральнага раёна. Благачынны — протаіерэй Генадзь Дзічкоўскі, настаяцель згаданага сабора.

Благачынне Радасць-Смуткуючае з цэнтрам у прыходзе іконы Божай Маці «Усіх Смуткуючых Радасць» — гэта прыходы на тэрыторыі Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў. Благачынным стаў протаіерэй Ігар Карасцялёў, настаяцель вышэйназванага прыходу.

Яшчэ адна акруга — Аляксандра-Неўская (з цэнтрам у прыходзе князя Аляксандра Неўскага) ахоплівае храмы Савецкага раёна. Благачынны — протаіерэй Сергій Куракевіч (настаяцель прыхода храма Аляксандра Неўскага).

Цэнтрам Усіхсвяцкага благачыння стаў прыход у гонар Усіх святых (благачынны — протаіерэй Фёдар Поўны). Ён ахоплівае Першамайскі раён сталіцы.

Да пятага гарадскога благачыння — Свята-Георгіеўскага (з цэнтрам у аднайменным прыходзе) — адносяцца Партызанскі і Заводскі раёны. Благачынны — протаіерэй Аляксандр Стрэха.

Свята-Нікольскае благачынне з цэнтрам у парафіі Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў мікрараёне Сокал ўключае ў сябе прыходы, размешчаныя на тэрыторыі Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў. Яго благачынны — протаіерэй Сергій Комлік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?