На перадрук з «Советской Белоруссіі», прысвечаны нудысцкаму пляжу на Мінскім моры, адгукнуўся ў каментарах яго сталы наведнік. Вось што ён піша.

Працягласць берага Заслаўскага вадасховішча ў раёне, дзе месціцца нудысцкі пляж — кіламетраў пяць сама мала. З іх нудысты ад 1980-х займаюць нейкіх 50 метраў у самым канцы пясчаных пляжаў.
Ад аўтобуснага прыпынку па дарозе туды шыбаваць кіламетры тры, карацейшым шляхам можна дабегчы па пракладзенай самімі нудыстамі праз лес вузенькай сцежачцы, але гэтую сцежачку ведаюць толькі асабліва дасведчаныя. Далей ідуць карчы і лес са спускамі да вады, шырынёй метры па 3–4 сярод асакі.
Дапытлівым маралістам, каб адчуць на сабе «жах» і «амаральнасць» голых целаў, неабходна трапіць менавіта на гэтую 50-метроўку. Бо нудысты без адзення за межы пляжа не выходзяць, а па перыметры пляж акаляе паласа кустаўя,
перарваная ўваходам на сам пляж, шырынёй метраў з дваццаць. Праўда, тая хмызовая паласа з-за частых падыходаў «паглядзець» цікаўных з суседніх пляжаў, а апошнім часам і праезду праз яе аўтатранспарту, зрабілася рэдкая, і, калі пільна ўглядацца праз яе, то можна разгледзець, што на людзях няма адзення. Але каб убачыць «падрабязнасці» трэба прайсці праз хмызняк на ўскраек пляжа.

Пры канцы чэрвеня давялося назіраць, як праз паласу спрабавалі праехаць байцы міліцэйскага атраду спецпрызначэння на сваім бусе. Бо праезд па дарозе ў раёне нудысцкага пляжа перакрыты шлагбаўмам. Але небаракі-міліцыянты загрузлі паміж кустоў у пяску і ледзьве выехалі назад.

А як няма міліцыянтаў, на пляжы сапраўдная ідылія:
людзі больш сталага веку ляніва валяюцца на сваіх капах на грачым пяску ў промнях яскравага сонейка, зрэдку заходзячы асвяжыцца ў ваду. Маладзейшыя з дзецьмі падлеткавага веку гуляюць у валейбол, альбо з самымі малымі будуюць з пяска хаціначкі.
Усё як і на любым звычайным пляжы. Праўда, пляшак не відаць і шашлыкамі за кіламетр не нясе.
Ні ў каго ані не ўзнікае сэксуальных узбуджэнняў ці нейкіх амаральных думак.

Апісаны візіт карэспендэнткі «Советской Белоруссіі» адбываўся наступным чынам. З раніцы (а некаторыя прыходзяць на пляж вельмі рана, пакуль яшчэ не панаходзілі адпачывальнікі на суседнія пляжы, бо потым яны пачынаюць кампаніямі баражыраваць туды-сюды праз «нудзік» нахабна ўглядаючыся ў прычынныя месцы нудыстаў і абмяркоўваючы іх вартасці) нудысты адпачывалі, як заўжды, — без аніякіх прыкметаў адзення, хіба што на некаторых былі кепкі ды заручальныя пярсцёнкі.

Бліжэй да гадзіны 13-й да пляжа нясмела падбрыло высакароднае сямейства з хлопца гадоў трыццаці з дакладна статутнаю прычоскаю з выгаленым канцікам на шыі, маладой кабецінкі з нярвова падрыгваючымі куточкамі ля вачэй і двух хлапчукоў гадкоў па 5–7.
Яны, спыніўшыся ў куставой паласе між нудысцкім пляжам і наступнаю палянаю, пачалі ладаваць мангал наўпрост у зоне адпачынку, ламаць голле з дрэва, пад шатамі якога размясціліся. І раптам яны нібыта ўбачылі, што вакол усе голыя. Паспрабавалі рабіць заўвагі той самай жанчыне «бальзакаўскага веку», як ахарактаразавала яе саўбелаўская журналістка: маўляў «што вы сабе дазваляеце — у нас тут дзеці». Але… Прыкладна такога ж веку дзеці гуляліся ла самага беражку ў нейкія цацачкі ды ані не палохаліся выгляду ні сваіх бацькоў, ні іншых наведнікаў пляжа. Дый на тварыках хлопчыкаў з высокамаральнае сям’і шоку неяк не назіралася, у адрозненне ад аблічча іх бацькоў.
Праз некалькі хвілін да пляжа падышлі два міліцыянты са спецназа ў сяржанцкіх званнях і пачалі зводдаль назіраць за адпачывальнікамі.
Натуральна, пры іх набліжэнні прагучала каманда: «Шухер, мянты!» І ўсе адзелі хто што: у каго бліжэй былі майткі — тыя майткі, а некаторыя нацягнулі цішоткі, якія крышачку прыкрывалі іх самыя цікавыя для абураных маралістаў месцы.

Міліцыянты хвілін колькі не падыходзілі. Потым скіраваліся адразу да карча, дзе знаходзілася мілавіднае апранутае сямейства. Пра нешта з імі перашаптаўшыся, адзін з сяржантаў сказаў у рацыю: «Можаце пад’язджаць!»

І праз хвілін дзесяць да пляжа падруліў той самы спецназаўскі бус колеру шэрага металіка. З буса вылезлі капітан-спецназавец, нейкая дзяўчына і дзядзька гадоў пад 50 з фотаапаратам на шыі.
Фотаапарат быў з добраю дальнабойнаю оптыкай, якой пазайздросціць любы абазнаны фотарэпарцёр. Пакуль яны ехалі, да сямейства, ля якога стаялі міліцыянты падышла тая самая «бальзакаўская» жанчына, і там адбывалася даволі палкая размова аб тым, што гэта правакацыя і гэтага сямейства на тым пляжы ніколі не было, хаця тая жанчына і наведвае нудысцкі пляж на Мінскім моры ад самых 1980-х гадоў.

Прыехаўшы, дэлегацыя адразу скіравалася туды, дзе ў карчах сядзела высокамаральнае сямейства.

Пакуль дзяўчына-карэспандэнтка гутарыла спачатку з сямействам, потым з той самай жанчынай, фотакар пільна ўглядаўся ў абітальнікаў пляжа, спрабуючы выгледзець хоць кагосьці, хто б ляжаў без майткоў
і «дабіць» да яго сваёй фотастрэльбаю. Але дарма. Рызыкаваць пры такім збегу народу, ды яшчэ ТАКОГА народу ніхто не хацеў.

Пакрысе да месца гутаркі журналістаў, міліцыянтаў і прадстаўнікоў двух лагераў адпачывальнікаў пачалі сцягвацца іншыя наведнікі пляжа, якім было цікава паслухаць. Праўда, гутарка ўжо мо па трэцім коле ішла пра тое самае. Таму і фотакар, і некалькі адпачывальнікаў адышлі крыху ўбок і проста дзяліліся ўражаннямі.

Саўбелаўскі фотакар распавёў дарэчны да сітуацыі анекдот.

«Тэлефануе мужык у выканкам:

— Што гэта такое, пабудавалі насупраць майго дома лазню, і мае вокны наўпрост на жаночае аддзяленне выходзяць — немагчыма жыць, усё відно!

Ну, прыходзіць да яго камісія, глядзяць у вокны ды кажуць:

— Дык дзе ж там што відно — у лазні вокны да паловы зафарбаваныя, нічога не відно ж?!

— Ага! А вы на шафу ўзлезьце і пабачыце!»

Парагаталі ды разышліся — карэспандэнтаў павезлі назад у Мінск, міліцыянты пайшлі патруляваць іншыя пляжы, а сямейства нешта актыўна пачало калупацца ў сваім мангале. Нудысты ж, як і мае быць, упэўніўшыся, што міліцыя адышла дастаткова далёка і вяртацца пакуль не збіраецца, зноў паскідалі адзежу. Толькі хвілін праз 15 нехта звярнуў увагу, што неўпрыкмет знікла і «абуранае» сямейства, пакінуўшы распалены мангал.

Налёты на нудысцкі пляж адбываліся сёлета практычна кожныя выходныя. Міліцыянты ўдасканальвалі спосабы барацьбы з голымі людзьмі, а тыя, у сваю чаргу, удасканальвалі спосабы ранняга выяўлення набліжэння міліцыі,
апавяшчэння суседзяў па пляжы і барацьбы ў судах пры разглядзе пратаколаў.

Некаторых усё ж міліцыянты падлоўлівалі: не ўсе паспявалі нацягнуць майткі да таго, як сяржанты спецназа, раптоўна выбегшы з-за карчоў, «накрывалі» пляж знянацку. Юрысты, што таксама ёсць сярод нудыстаў, раілі небаракам, на якіх склалі пратаколы, каб тыя патрабавалі прад’явіць ім канкрэтнага чалавека, чыя мараль была абражаная голым знаходжаннем іх на пляжы.

Некаторыя прыдбалі свісткі і пры набліжэнні міліцыі іх свіст зрабіўся ўмоўным сігналам. Не адставала ў тэхнічным развіцці і міліцыя. Нараду, які патрулюе пляжы, выдалі відэакамеры.
Цяпер яны не ехалі да пляжа на бусе, а вылазілі з яго за пару дзясяткаў метраў да «нудзіка» і падкрадаліся па карчах, здымаючы нудыстаў адтуль на відэа. Потым спакойна падыходзілі да нудыстаў, якія спешна апраналіся і таго, чыя выява найбольш яскрава атрымлівалася на відэа, проста прасілі прайсці да буса, выкліканага да карчоў па рацыі.

Назіраючы і ўдзельнічаючы ва ўсёй гэтай трагікамедыі, міжволі вар’яцеў з ладу нашае краіны.

Ну, замінае некаму выгляд голага цела ў самым канцы пляжаў Мінскага мора — не ідзіце туды.
Калі ж нечага вас занесла — убачылі, што такія суседзі вам не падабаюцца — развярніцеся ды сыдзіце, прамініце ў крайнім выпадку гэтыя 50 метраў, пазіраючы перад сабой, а не на пляж. Калі ўжо зусім непераадольнае жаданне прайсціся праз гэты пляж і «хоць адным вокам зірнуць» пры ўсведамленні, як гэта кепска і амаральна, то гэта ж вашыя праблемы, што вас нейкім чынам узбуджае і потым абурае выгляд голага цела. Вы і звяртайцеся ў адпаведныя органы, каб абнеслі нудысцкі пляж нейкім плотам. Чаму ж перакладаеце праблему з хворай галавы на здаровую?
З такімі падыходамі і з музеяў хутка запатрабуюць павымаць скульптуры і карціны з выявамі неапранутага цела.
У статуі Апалона таксама можна ўбачыць геніталіі, якія вас павінны абурыць да глыбіні душы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?