…у Турцыі, падчас Рамазана, мне нават у сне прыходзіць часам пах смажанае свіное свежыны. А з навінамі прыходзяць весткі пра татальнае вынішчэнне свінячага статку ў Беларусі.

Значнасць сёлетніх падзеяў мы неўзабаве ацэнім сваім кашальком, а вось далейшая перспектыва можа стацца для беларусаў глабальнаю.
Бо на нашых вачах знішчаецца спрадвечная і неад’емная частка нашай кулінарнай і пабытовай культуры, нашыя звычаі і, без перабольшвання, частка менталітэту.
Вобразы свіней прысутнічаюць ў беларускай народнай міфалогіі, у багацейшым фальклоры, у класічнай нашай літаратуры і нават у мастацтве!

Гібрыды дзікоў ад часоў неаліта забяспечваюць людзей смачным і далікатным мясам.

І хоць, як заўважыў Лец, «дзікая свіння» гучыць нашмат больш высакародна, чым проста «свіння», свойскія пароды свіней — неад’емная частка рацыёну большасці людзей. Ралан Барт, у сваю чаргу, сцвердзіў, што мы — па сутнасці тое, што мы ямо. А між іншым, паводле хімічнага складу кроў свойскіх свіней найбліжэйшы адпаведнік чалавечае крыві. І менавіта таму праводзяцца эксперыменты з выношваннем імі донарскіх органаў для чалавека. Зрэшты, і паводле сваіх мазгавых здольнасцяў свойскія suidae пераўзыходзяць сваіх дзікіх суродзічаў

. Гэтая жывёліна дэманструе дзівосныя здольнасці. Вучаныя парсючкі адчыняюць засаўкі, арыентуюцца па гадзінніку й нават складаюць лічбы…
Калі кароль Францыі Людовік занепадаў у меланхолію, нішто не цешыла яго так, як скокі й гульні дрэсіраваных парасятаў, апранутых у «фантастычныя» ўборы народаў Рэчы Паспалітай, пад гукі нашае дуды.
Парасятаў дастаўлялі з Смаргоні.

Чуццё ў свіней не слабейшае за сабачае. У Францыі і па сённяшні дзень нашчадкі тых парасятаў выкарыстоўваюцца ў «ціхім паляванні» на труфелі. Знайшоўшы труфель, свіння робіць стойку ў чаканні гаспадара. А ў Англіі жартаўнікі даўмеліся выкарыстоўваць свіней на сапраўдным паляванні.

Парсюкі ў Беларусі з’явіліся разам з чалавекам, пасля апошняга ледавіка. Вялікае майстэрства свінагадоўлі дасканалілася стагоддзямі.
Беларусы не проста гадавалі, селекцыянавалі, але нават апявалі гэтую істоту!

Не удзеліш свінцы ласкі —
Не адведаеш каўбаскі — З усяе вялізарнае разнастайнасці пародаў, што існавалі ў нас некалі, за апошнія 100 гадоў засталіся толькі чатыры мясцовыя:

літоўская, чавуская, беларуская чорнарабая і беларуская белая буйная. Апошніх да сёння было ўжо 92% свінога пагалоўя Беларусі, што ў 1993 г. складала 5.000.000 галоў (па адной на двух беларусаў!). Што ў нас застнецца пасля гэтага лета?

Пры тонкай і пекнай канстытуцыі арганізму свіння носіць на сабе такія пласты тлушчу, што сала аднае-дзвюх жывёлінаў стае цэлае сям’і на год. Кішок жа ў свінні ў дзесяць разоў больш за даўжыню яе цела. З каго яшчэ можна нарабіць столькі кілбасаў?))) Невыпадкова самае народнае беларуская свята — Каляды, калі колюць свіней і пхаюць кілбасы.

Ішла свіння пасярод Раства,
Каляда, Каляда.
Нясла кішок парцяны мяшок,

Каляда, Каляда.
Ішла свіння па ляду…
Рассыпала каляду…
Ідзі мішка, пабірай…
Будзе табе каравай…

Беларусь, Каляды й парсюкі былі непадзельныя тысячу гадоў. Такі парадак быў… Што ж будзе на Каляды ў гэтым годзе?
Ці можна выняць з нашых кулінарных кнігаў традыцыйныя стравы з дамешкамі свініны — тлушчам, салам, мясам? Што ж тады застанецца? Можна, вядома, перайсці на халяль і кошэр, або стаць вегетарыянцамі, але пэўна ж, тады мы ўжо станем кімсьці іншымі… Зрэшты, замяніць цягам аднаго пакалення ўсе прадукты на вегетарыянскія, захаваўшы пры тым нармальны спажыўны баланс — нерэальна.
Пры тым, пэўна ж, свінства між людзьмі ў нашай краіне не паменее. Людскае свінства да гэтае вялікае беларускае драмы недатычнае.
Хаця… Свінства ўжо ў тым, што і як робіцца ўладамі — як інфармуюць людзей, як адбіраюць іх уласнасць і як дэманструюць сваю поўную недатыкальнасць і няхібнасць. Не атрымалі мы адказу на непасрэднае (і галоўнае пытанне!): адкуль у Беларусь прыйшла гэтая пошасць? І што трэба было рабіць, каб яе не было? І хто за гэта павінен панесці адказнасць? Але пакуль даводзіцца расплочвацца гаспадарам віславухіх віскуноў. А заўтра давядзецца расплочвацца ўсім жыхарам Беларусі! Бо, нават калі ты не ясі паляндвіцаў ды кумпякоў, нават калі не надзяваеш нічога са парсючынае скуры — сандалетаў, рамянёў, партманетаў,
то ўсё адно мусіш разумець якія катастрафічныя страты для бюджэту краіны, дзяржаўнага і прыватнага, прынясе татальнае забойства мільёнаў свіней.
Бо спатрэбіцца ж і вялізарная маса прадуктаў, каб кампенсаваць вынятыя з рацыёну тоны прадуктаў са свініны! І ня трэба быць вяшчуном, каб здагадацца, за чый кошт будуць кампенсаваць гэтыя страты…

Нічога назад не вернеш, тысячаў забітых марна свіней не ўваскрасіць. А гэта азначае, што наш беларускі свет зменіцца сёлета безпаваротна. Парсючыная эпідэмія стане для Беларусі, у цывілізацыйным сэнсе, яшчэ адным Чарнобылем.

Не стаўлю пад сумнеў кампетэнцыю эпідэміёлагаў, бо я не ёсць адмыслоўцам у гэтай справе.
Але маю вялікія сумневы… Бо калі ўжо вядзецца татальнае знішчэнне і ўсіх дзікоў па лясах, то міжволі напрошваецца пытанне, ці гэта адзіна магчымае выйсце?
Бо, калі на наступны год прыйдзе які яшчур, то мы знішчым усіх парнакапытных, ад кароваў да ласёў? А калі птушыны грып, барані Бог, абрынецца на наш край?
Не застанецца нічога ані халяльнага, ані кашэрнага, ані нашага…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?