Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька сёння на
прэс-канферэнцыі адзначыў, што замест брэнда Мінска трэба выкарыстоўваць яго герб.
«Тэма стварэння брэнда шырока асвятлялася ў СМІ. Аднак з часам прыйшло разуменне, што брэнд горада — гэта важна, але ён не вырашыць усіх пытанняў, — сказаў Мікалай Ладуцька.
— Ад таго, што брэнд будзе зацверджаны, у горадзе адразу не павялічыцца колькасць турыстаў.
Ёсць герб Мінска, напэўна, трэба на яго і раўняцца».
Разам з тым, адзначыў старшыня Мінгарвыканкама, распрацоўшчыкі брэнда ўлавілі важную дэталь: яго графічная канцэпцыя ўяўляе сабой інтэгральную схему.
«Мінск — гэта сапраўды інавацыйны горад. Тут створаны ўсе ўмовы для работы кампаній у сферы высокіх тэхналогій, развіццё якіх актуальна для горада і падтрымліваецца на ўсіх узроўнях», — падкрэсліў Мікалай Ладуцька.