Насуперак пагрозам віцэ-прэм’ера РФ Аркадзя Дварковіча, ён паабяцаў Мінску цалкам забяспечыць краіну нафтай. Але не ў межах дабрачыннасці: «Раснафта» хоча пераключыць на сябе ўсе прыбытковыя кантракты з Беларуссю, у тым ліку ад іншых нафтавікоў. Больш за тое, Ігар Сечын гатовы стаць нефармальным куратарам у цэлым эканамічных сувязяў дзвюх краін, напрыклад планаў расійскіх інвестараў па набыцці беларускіх прадпрыемстваў, лічыць расійскае выданне «Коммерсант».

Пакуль некаторыя расійскія топ-мэнэджары асцерагаюцца ездзіць у Беларусь на фоне арышту кіраўніка «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера, прэзідэнт «Раснафты» Ігар Сечын выкарыстоўвае сітуацыю на сваю карысць. Учора ён у Мінску сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком «Белнафтахіма» Ігарам Жыліным. І сустрэча была вельмі сардэчнай. Лукашэнка цяпер «разлічвае, што ўдасца дамовіцца аб забеспячэнні паставак нафты ў краіну ў неабходных аб’ёмах». Ігара Сечына ён запэўніў, што Мінску «выгада ад працы з вамі відавочная». Кіраўнік «Раснафты» таксама перакананы, што праблемы вырашаныя. Ён расказаў Аляксандру Лукашэнку, што ўрад, прэзідэнт і Мінэнерга РФ «дапамаглі захаваць аб’ёмы паставак нафты» Мінску.

Прадстаўнікі ўрада і прэзідэнта РФ не змаглі растлумачыць «Коммерсанту», калі змяніліся планы скарачэння паставак нафты ў Беларусь, выразна выкладзеныя профільным віцэ-прэм’ерам Аркадзем Дварковічам пасля арышту Баўмгертнера.

Але ніхто з чыноўнікаў, у тым ліку ў апараце Дварковіча, не абверг права Ігара Сечына рабіць такія заявы і іх змест.

Сітуацыя са скарачэннем паставак павінная была абмяркоўвацца сёння на сустрэчы Аркадзя Дварковіча з беларускім віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам.

Але, як мяркуюць крыніцы «Коммерсанта», візіт Ігара Сечына ў Мінск «змяніў планы, і сустрэча перанесеная на нявызначаны тэрмін». Прадстаўнік віцэ-прэм’ера гэта не каментуе. Квартальны графік экспарту нафты ў Беларусь павінен быць зацверджаны сёння, кажа адзін з суразмоўцаў «Коммерсанта».

Але Сечын плануе не проста вырашыць нафтавыя праблемы Беларусі — «Раснафта» зараз павінная заняць цэнтральнае месца на гэтым рынку. Як кажуць крыніцы «Коммерсанта», каля двух тыдняў таму адбылася сустрэча Ігара Сечына са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам, які займае пасаду памочніка прэзідэнта.

Сечын прапанаваў зрабіць «Раснафту» адзіным пастаўшчыком нафты ў Беларусь і надзяліць яе статусам «спецімпарцёра». «Раснафта» заключыць кантракты з усімі беларускімі НПЗ, і ўсе аб’ёмы давядзецца вазіць праз яе», — тлумачыць адзін з суразмоўцаў «Коммерсанта». Як лічаць крыніцы «Коммерсанта», Аляксандру Лукашэнку ідэя спадабалася. «Гэта значыць з наступнага года «Раснафта» можа стаць адзіным экспарцёрам 23 млн т нафты», — кажа адзін з іх.

А пакуль кампаніі ўдалося пазбегнуць скарачэння паставак у верасні праз рамонт нафтаправода «Дружба». Зніжэнне павіннае было скласці 400 тыс. т, а цяпер плануецца ўсяго на 230 тыс. т. — «Раснафце» дазволілі прапампаваць свае 170 тыс. т. З пачатку года кампанія пастаўляе 800–850 тыс. т нафты ў месяц на Мазырскі і Наваполацкі НПЗ. На Мазырскі НПЗ сыравіну пастаўляюць «Газпрам нафта» і ЛУКОЙЛ. На Наваполацкі НПЗ ідзе нафта «Башнафты», «Русннафты», «Раснафты», «Русьв’етпетра», «Сургутнафтагазу» і «Татнафты».

Маштабныя планы «Раснафты» могуць пайсці насуперак з інтарэсамі расійскіх нафтавікоў, кажуць суразмоўцы «Коммерсанта».

Па-першае, яны страцяць доступ да прэміяльнага беларускага кірунку, а па-другое, незразумелы лёс іх збытавага бізнэсу ў краіне. Цяпер у Беларусі працуюць рознічныя сеткі «Газпрам нафты», ЛУКОЙЛа і «Татнафты». Самая буйная з іх у ЛУКОЙЛа: яна займае 18% мясцовага рынку і складаецца з 81 АЗС. ЛУКОЙЛу ў краіне таксама належаць 5 нафтабаз і 3 газанапаўняльныя станцыі. У «Газпрам нафты» — 40 АЗС, у «Татнафты» — 8. Акрамя таго, расійскія нафтавікі, якія працуюць у краіне, могуць экспартаваць нафтапрадукты, вырабленыя на беларускіх заводах. Нафтавікі ўчора ад каментароў адмовіліся.

Суразмоўцы «Коммерсанта» ва ўрадзе асцярожна прызнаюць, што «стварэнне спецімпарцёра — адна з прапановаў». Аднак крыніцы «Коммерсанта» кажуць, што планы Ігара Сечына больш маштабныя. Нібыта існуе ідэя, што прэзідэнт «Раснафты» стане нефармальным куратарам расійска-беларускага дзелавога супрацоўніцтва па больш шырокім коле пытанняў, уключаючы прыватызацыю буйных прадпрыемстваў, такіх як МАЗ, БелАЗ, «Гродна Азот» і іншыя. Канфлікт вакол «Уралкалія» і пагрозы ў адрас яго топ-мэнэджараў, а таксама асноўнага ўладальніка Сулеймана Керымава, запэўніваюць крыніцы «Коммерсанта», Сечына не спыняць — на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік «Раснафты» гэтае пытанне нават не ўздымаў.

У той жа час эксперты папярэджваюць, што з тэмай прыватызацыі Ігару Сечыну трэба быць больш асцярожным.

Па словах намесніка дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі ГУ ВШЭ Андрэя Суздальцава, у Беларусі гатовыя дапускаць продаж актываў турэцкім, арабскім, аўстрыйскім бізнэсменам, але да прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў расійскім капіталам Мінск ставіцца вельмі негатыўна.

«Эканамічная залежнасць краіны ад Расіі настолькі вялікая, што ператворыцца ў манапольную, калі прысутнасць расійскага капіталу будзе пашырацца», — тлумачыць эксперт.

Акрамя таго, дадае ён, у рамках палітычнага рэжыму Беларусі 85% эканомікі адносіцца да дзяржсектара, што ўтварае «аснову аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?