Грамадскага актывіста Барыса Хамайду затрымалі за несанкцыянаванае пікетаванне і адвезлі ў міліцыю Чыгуначнага раёна Віцебска. Праўда, праз паўгадзіны і адпусцілі, не складаючы пратакола.
Віцебскага апазіцыянера затрымалі каля так званага «сіняга дома» — дома № 28 па вуліцы Леніна, дзе каля ўваходу ў краму «Веста» ён ужо даўно і стала распаўсюджвае незалежную прэсу.
«Стаяў, як заўжды, пад бел-чырвона-белым парасонам. Быў прымацаваны бел-чырвона-белы сцяжок.
Была і вышытая чырвоным на белай палатніне малітва «Ойча наш» — падарунак актывісткі Антаніны Піванос. Гэта ўсё было як звычайна. Але пад’ехалі міліцыянты, сказалі, што ў мяне несанкцыянаваны пікет, і павезлі ў пастарунак», — паведаміў Хамайда.
Ён згадвае, што апошні раз з гэтага месца яго забіралі ў міліцыю летась у верасні, калі ён агітаваў за байкот выбараў:
«Тады мяне аштрафавалі — прысудзілі 20 базавых велічынь штрафу. І ўсё — з тае пары не чапалі. Я нават забыўся, што ў нас ёсць міліцыя — стаяў сабе з газетамі спакойна... Цяпер гляджу — у пастарунку з'явіліся новыя дзверы, рамонт. Міліцыянты папрасілі пачытаць газэту — даў ім «Новы час», няхай чытаюць!»
Барыс Хамайда распаўсюджвае незалежную прэсу на гэтым месцы ў цэнтры Віцебска ўжо не першы год. Неаднойчы яго затрымлівалі за несанкцыянаваныя пікеты і каралі штрафамі праз суд.
Штрафы ён не плаціць з прынцыповых меркаванняў — бо не лічыць сябе вінаватым.