Сайт baradulin.by на грамадскіх пачатках стварыў журналіст Глеб Лабадзенка.
Структура праекта стандартная для большасці сайтаў, прысвечаных творчасці таго ці іншага пісьменніка. Гэта раздзелы «Біяграфія», «Вершы», «Фота» і «Прэса».
«Разынкі» дзве. Раздзел «Відэа» ўтрымлівае цікавыя архіўныя кадры.
Наведвальнікі могуць паглядзець вечарыну з нагоды 70-годдзя Васіля Быкава, якую вёў Барадулін. А таксама невялічкі відэафрагмент, у якім да дзядзькі Рыгора завітаў Уладзімір Някляеў.
У раздзеле «Кнігі» прадстаўлены выданні паэта ў электронным фармаце, дададзеныя са згоды аўтара і стваральнікаў сайта kamunikat.org.
Цікава, што дагэтуль у сеціве існуе сайт baradulin.ru. На ім прадстаўлена біяграфія народнага паэта, сціслы бібліяграфічны спіс, аналіз некаторых твораў Барадуліна, дзесятак фотаздымкаў, а таксама багата вершаў.
Новы праект ужо перагнаў канкурэнта па аб’ёму матэрыялаў. Але пры ўвядзенні ў пошук «сайт рыгора барадуліна» ці «рыгор барадулін сайт» «google» па-ранейшаму выдае першым радком «рускага Барадуліна».
«Беларускі» бачны толькі на больш далёкіх пазіцыях. Зрэшты, новы праект яшчэ толькі набірае абароты.
Лабадзенка абяцае дадаваць на сайт матэрыялы, дасланыя чытачамі.