Гаспадары турніру, пяціразовыя чэмпіёны планеты бразільцы, сустрэнуцца з камандай Харватыі.
Стартавы паядынак юбілейнага футбольнага форуму беларускія аматары спорту змогуць убачыць у жывым эфіры тэлеканала «Беларусь-2». У далейшым усе паядынкі сусветнага чэмпіянату будуць транслявацца таксама на тэлеканале «Беларусь-5».
Зборныя Бразіліі і Харватыі выступаюць у папярэдняй групе А, дзе акрамя іх згуляюць каманды Камеруна і Мексікі.
Дзейныя чэмпіёны свету футбалісты Іспаніі згуляюць у групе В і ў сваім стартавым матчы цяперашняга мундыялю згуляюць з віцэ-чэмпіёнам свету-2010 зборнай Нідэрландаў. Гэтая сустрэча стане паўторам вырашальнага паядынку мінулага ЧС, калі «чырвоная фурыя» адолела «аранжавых» ў дадатковы час з мінімальным лікам 1:0. У гэтым квартэце таксама выступяць зборныя Аўстраліі і Чылі.
На думку многіх спецыялістаў і заўзятараў, жэрабя, прычым далёка не першы раз, аказалася спрыяльным для зборнай Расіі, якая ў папярэдняй групе Н будзе сапернічаць з футбалістамі Рэспублікі Карэя (17 чэрвеня), Бельгіі (22 чэрвеня) і Алжыра (26 чэрвеня).
Не абышлося пры лёсаванні і без «групы смерці». Ёю стаў квартэт D, дзе сабраліся тры экс-чэмпіёны свету — Уругвай, Італія, Англія. Пад іх мясасечку трапіла яшчэ зборная Коста-Рыкі.
У групе Е цікавым будзе супрацьстаянне суседзяў — еўрапейскіх Францыі і Швейцарыі і лацінаамерыканскцаў з Эквадора і Гандураса. Напярэдадні старту сусветнага першынства высветлілася, што французам не зможа дапамагчы іх лідар Франк Рыберы, у якога траўмаваная спіна.
Яшчэ адзін з галоўных фаварытаў першынства, зборная Аргенціны на чале з Ліянэлем Месі, згуляе ў папярэдняй групе разам з дэбютантам топ-турніраў камандай Босніі і Герцагавіны, а таксама Іранам і Нігерыяй.
Моцны склад і ў квартэце G, дзе выступяць еўрапейскія гранды Германія і Партугалія, а таксама зборныя Ганы і ЗША.
Найменш прадстаўнічы склад па волі жэрабя падабраўся ў групе С, дзе выступяць каманды Калумбіі, Грэцыі, Кот-д'Івуара і Японіі.
На думку букмекераў, відавочным фаварытам ЧС-2014 з'яўляецца зборная Бразіліі. Каэфіцыент на яе перамогу складае 3,9. Следам ідуць аргентынцы з каэфіцыентам ад 5,5 да 6 і немцы з каэфіцыентам ў 6,6.
Аднак гэта чыста гіпатэтычныя разлікі, а ўсё вырашыцца на палях 12 бразільскіх футбольных арэн, якія прымуць 64 матчы турніру. Футбольныя баталіі пройдуць у Белу-Арызонці (стадыён «Мінейран», умяшчае 62547 гледачоў), Бразілія (Нацыянальны стадыён, 70042), Куябэ («Арэна Пантанап», 42 968), Курытыбэ («Арэна Байшада», 43981), Манаусе («Амазонія», 42347), Натале («Арэна дас Дунас», 42086), Порту-Алегры («Бейра-Рыа», 51300), Сальвадоры («фонт Нова», 56 000), Сан-Паўлу («Арэна-Карынтыянс», 68000), Рэсіфі («Арэна Пернамбуку», 46154), Рыа-дэ-Жанейра («Маракана», 76935).
Пасля завяршэння спаборніцтваў у групах па дзве лепшыя дружыны працягнуць барацьбу за ўзнагароды па сістэме плэй-оф. Сустрэчы 1/8 фіналу пройдуць у перыяд з 28 чэрвеня па 1 ліпеня, чвэрцьфіналы адбудуцца 4 і 5 ліпеня, паўфіналы — 8 і 9 ліпеня, матч за 3-е месца пройдзе 12 ліпеня, а вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул 13 ліпеня ў Рыа-дэ-Жанейра на «Маракане».
Для абслугоўвання гульняў ЧС-2014 Міжнародная федэрацыя футбола (ФІФА) абрала найлепшых арбітраў з 43 краін. Галоўнымі рэферы будуць Фелікс Брых (Германія), Джунэйт Чакыр (Турцыя), Ёнас Эрыксан (Швецыя), Б'ёрн Куйперс (Нідэрланды), Міларад Мажыч (Сербія), Пэдру Праэнсай (Партугалія), Нікола Рыцоли (Італія), Карлас Веласка Карбальё (Іспанія), Говард Уэб (Англія), Раўшан Ірматаў (Узбекістан), Юіці Нісімура (Японія), Наваф Абдула Шукрула (Бахрэйн), Бенджамін Уільямс (Аўстралія), Нуманд'е Дуэ (Кот-д'Івуар), Бакары Папа Гасама (Гамбія), Джамэль Хаймудзі (Алжыр), Хоэль Агіляр (Сальвадор), Марк Гейгер (ЗША), Марка Радрыгес Марэна (Мексіка), Энрыке Осэс (Чылі), Нэстар Піта (Аргенціна), Вілмар Рольдан (Калумбія), Сандра Рычы (Бразілія), Карлас Вера (Эквадор), Пітэр О'Ліры (Новая Зеландыя).
Афіцыйны мяч бразільскага мундыялю — Adidas Brazuca.
Бразілія ў другі раз прымае найлепшыя футбольныя дружыны планеты. Першы раз гэта адбылося ў 1950 годзе, калі мільёны бразільскіх заўзятараў чакалі трыумфу сваіх улюбёнцаў. Аднак вынік турніру аказаўся сумны для бразільскай тарсіды — чэмпіёнам свету стала зборная Уругвая, якая абыграла гаспадароў 1:0 на «Маракане» ў прысутнасці 200 тыс. гледачоў (рэкорд усіх чэмпіянатаў свету). Даўні ЧС-1950 унікальны тым, што адзіны раз у гісторыі не праводзіўся фінал. На першым этапе 16 каманд правялі турнір у 4 групах, пераможцы якіх затым згулялі паміж сабой яшчэ па разе.
Прызавы фонд цяперашняга першынства планеты складае $576 млн, з якіх чэмпіён свету атрымае $35 млн., фіналіст — $25 млн, а трэцяя каманда стане ўладальнікам $ 22 млн.
Дзейнымі чэмпіёнамі свету ёсць футбалісты Іспаніі, якія перамаглі на мінулым ЧС-2010 у ПАР, а гаспадары цяперашняга мундыялю бразільцы больш за ўсіх выйгравалі Кубак свету — пяць разоў (1958, 1962, 1970, 1994, 2002). На адзін чэмпіёнскі тытул менш у італьянцаў (1934,1938, 1982, 2006), тройчы перамагалі футбалісты Германіі (1954, 1974, 1990), па два золаты ў зборных Аргенціны (1978, 1986) і Уругвая (1930, 1950), а яшчэ па разе найлепшымі на планеце станавіліся каманды Англіі (1966) і Францыі (1998).