Беларускі бізнэсмэн Віталь Арбузаў пашырае супрацоўніцтва з японскімі інвестарамі. На гэты раз кампанія Fenox Venture Capital (FVC), саўладальнікам якой ён з'яўляецца, запусціла 20-мільённы венчурны фонд з японскай Infocom Group.

Новы праект атрымаў назву Fenox Infocom Venture Fund V і будзе кіравацца FVC, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні. Інвестыцыі фонду будуць накіраваныя ў перспектыўныя стартапы ў Паўночнай Амерыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі. Акцэнт будзе зроблены на нацельных тэхналогіях (wearable technologies), IoT, ахове здароўя і спажывецкім інтэрнэце. Стартапы, якія атрымалі фінансаванне ад новага фонду, будуць мець доступ да каналаў продажаў Infocom Group у Паўднёва-Усходняй Азіі.

Апошняе — немалаважны бонус, паколькі Infocom адзін з найбуйнейшых удзельнікаў японскага рынку IT. «З Fenox Infocom Venture Fund V мы зможам яшчэ больш паскорыць нашу інвестыцыйную дзейнасць у Паўночнай Амерыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі», — у сваю чаргу адзначыў прэзідэнт і выканаўчы дырэктар Нарыхіра Taхекара.

Infocom Group была заснавана ў 1983 годзе і з'яўляецца распрацоўшчыкам розных IT-рашэнняў для спажыўцоў у тэлекамунікацыйнай, медыцынскай галінах, у адукацыі і навукова-даследчай сферы. Кампанія стварае лічбавы кантэнт для спажыўцоў і займаецца кіраваннем інфармацыйна-камунікацыйнымі сістэмамі. У групе працуе звыш 1,2 тыс. чалавек.

У 2001 годзе кантрольны пакет Infocom Group выкупіла адна з найбуйнейшых інавацыйных карпарацый Teijin Limited. Яе галоўнымі напрамкамі з'яўляюецца, акрамя распрацоўкі і прасоўвання IT-рашэнняў, выпуск інавацыйных хімічных (араміднага, вугляродныя валокны, кампазіты) і медыцынскіх прадуктаў. У холдынг уваходзіць звыш 150 кампаній, чыя сукупная выручка ў 2013 годзе склала 7,64 млрд даляраў. На чале кампаніі, заснаванай ў 1918 годзе, стаіць Дзюн Судзукі.

Віталь Арбузаў ужо вядзе бізнес з іншай японскай кампаніяй. У 2013 годзе FVC разам з IMJ Corporation of Japan стварыла сумесны бізнэс у Сінгапуры — IMJ Fenox. Ён інвесціруе ў стартапы ў Малайзіі, Інданезіі, на Філіпінах і іншых краінах гэтага рэгіёну.

Таксама FVC сумесна з найбуйнейшай інданезійскай кампаніяй у сферы IT Telcom абвясцілі аб запуску новай глабальнай праграмы па падтрымцы стартап-праектаў пад назвай Indigo Fenox. Новая праграма пазіцыянуецца ў якасці палепшанага варыянту бізнэс-інкубатара Telcom, вядомага як Indigo Incubator. Па словах праграмнага дырэктара праекта Ніка Віджы, Indigo Fenox зможа інвеставаць у маладыя кампаніі 1,5 млн. даляраў штогод. Супрацоўнікі Indigo Fenox двойчы на год будуць старанна адбіраць па 20 самых шматспадзеўных стартапаў для ўдзелу ў 4-месячнай праграме.

У гэтым годзе дарадцам беларускага бізнэсу стаў былы старшыня групы электронікі японскай карпарацыі Sony Набуякі Ідэі. Чакаецца, што ўдзел былога топ-мэнэджара Sony у бізнэсе Арбузава забяспечыць павелічэнне інвестыцый у японскія стартапы.

FVC была створана Арбузавым і яго амерыканскім партнёрам Анісім Узаманом у 2011 годзе. Яе офіс знаходзіцца ў Сан-Хасэ. Мэтай праекта з'яўляецца інвеставанне на працягу пяці гадоў у 50 перспектыўных стартапаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?