Адзіночны пікет супраць вайны ва Украіне будзе адцягваць увагу кіроўцаў і папсуе зялёныя насаджэнні - такія прычыны былі ўказаныя ў адмове Мінгарвыканкама грамадскай актывістцы Таццяне Грачанікавай, паведамляе прэс-служба руху «За свабоду». 

«Пададзеная вамі заява не адпавядае арт. 9 Закона «Аб масавых мерапрыемствах»», - адзначана ў адмове на заяўку аб правядзенні пікета, падпісанай намеснікам старшыні Мінскага гарадского выканаўчага камітэту І.В. Карпенкам.

У прыватнасці, чыноўнікі лічаць, што правядзенне масавага мерапрыемства «не будзе спрыяць захаванню элементаў добраўпарадкавання і зялёных насаджэнняў, можа ствараць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху, адцягваць вадзіцелей транспартных сродкаў ад выканання ПДР».

Акрамя таго, дадалі яны, у заяўцы «не пазначаныя канкрэтныя меры па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры прывядзенні масавага мерапрыемства».

«Чыноўнікі праяўляюць фантазію для адмоваў, кажуць абсурдныя рэчы. Атрымліваецца, нельга ні стаяць, ні гуляць, калі нават адзіночны пікет стварае такія сур'ёзныя перашкоды», - адзначыў ініцыятар «Каруселі пікетаў» супраць вайны ва Украіне, сябра Рады Руху «За Свабоду» Арцём Лява.

Па ягоным меркаванні, у чыноўнікаў ёсць «устаноўка не дазваляць не толькі звязаныя з украінскімі падзеямі акцыі, але і любыя грамадзянскія ініцыятывы».

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0