27 снежня 2014 першы прарэктар БДУ Міхаіл Жураўкоў стаў міністрам адукацыі. На партале Tut.by з'явілася першае інтэрв'ю з ім.

Пра выгляд

Міхаіл Жураўкоў кажа, што хадзіць у джынсах не прынята ў беларускай прафесуры і выкладчыкаў, і лічыць гэта не зусім правільным.

— Праца з моладдзю прадугледжвае больш свабодную вопратку. Я бачу, як апранаюцца мае калегі на Захадзе, таму ніколі не быў супраць, каб, напрыклад, прафесар чытаў лекцыю ў джынсах і стылёвым швэдры.

На некаторых сустрэчах у нефармальнай вопратцы, хутчэй за ўсё, можна будзе ўбачыць і новага міністра адукацыі.

— Я запланаваў сабе сустрэчы за кубкам чаю са студэнтамі, з маладымі настаўнікамі і выкладчыкамі. І калі рамкі гэтых мерапрыемстваў мне дазволяць, на іх я з'яўлюся дакладна не ў афіцыйным касцюме. Я хачу будаваць з моладдзю больш даверлівыя адносіны і лічу, што маладыя людзі павінны больш актыўна ўключацца ў кіраванне сферай адукацыі.

«Беларусь даўно гатовая да ўступлення ў Балонскі працэс»

— Студэнты хацелі б больш правоў ў справах кіравання універсітэтам, але ім яшчэ крыху не хапае вопыту.

Міхаіл Анатольевіч кажа, што Балонскі працэс у Беларусі больш патрэбны студэнтам, чым выкладчыкам. Пры гэтым ўступленне туды нашай краіны — адна з асноўных задач новага міністра на бліжэйшы год.

— Хаця многія краіны зараз неадназначна ўспрымаюць Балонскі працэс. Напрыклад, універсітэты Германіі заўсёды выпускалі выдатных інжынераў і рыхтавалі іх па пяць з паловай гадоў, і цяпер яны ніяк не могуць ўціснуць патрэбную базу ў чатыры гады, якія прадугледжвае Балонская сістэма. А вось Францыя і Італія вельмі лёгка перабудаваліся.

Беларусь жа, па словах Міхаіла Жураўкова, ужо даўно гатовая ўступіць у Балонскі працэс. Тым больш краіна нядаўна перайшла па большасці спецыяльнасцяў на 4-гадовую вышэйшую адукацыю.

— Я спадзяюся, мне ўдасца дамовіцца з усімі структурамі, каб мы нарэшце назвалі рэчы сваімі імёнамі. Каб пасля 4 гадоў вучобы студэнт атрымліваў ступень бакалаўра, пасля чаго мог ісці на 1—2 гады ў магістратуру. Гэтыя змены нам дыктуе само жыццё, бо ўжо зараз нашых выпускнікоў у Расіі прыраўноўваюць да бакалаўраў.

Адна з перашкод для ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс, кажа міністр, — недастатковая развітасць выкладання на англійскай, каб у нас па абмене мог вучыцца студэнт з любой краіны. Хоць ён прыводзіць і супрацьлеглы прыклад: навучанне па адной са спецыяльнасцяў у БДУІР з першага курса вядзецца выключна на англійскай.

— Я як міністр магу сказаць, што я не вельмі вітаю паўсюднае навучанне на англійскай з першага курса. У нас дзве дзяржаўныя мовы, а выключна на англійскай я вітаю, напрыклад, магістратуру. У той жа Скандынавіі да гэтага часу ўся адукацыя на родных мовах, хоць там выдатна ведаюць англійскую. Я буду старацца даказаць, што такі падыход — слушны.

Беларускамоўны ВНУ «сёння не трэба», «у нас жа ніхто не забараняе выкладаць на беларускай мове»

Увосень інтэлігенцыя прапанавала прэзідэнту стварыць беларускамоўны ВНУ. Гэтую ініцыятыву Міхаіл Жураўкоў не вітае.

— Сёння не трэба рабіць выключна беларускамоўны універсітэт. У нас жа ніхто не забараняе выкладаць на беларускай мове, і нават, напрыклад, на мехмаце БДУ дастаткова такіх выкладчыкаў. Шмат і студэнтаў, якія размаўляюць выключна па-беларуску, і з-за гэтага наогул не ўзнікае ніякіх праблем. Паміж усімі хлопцамі выдатныя адносіны.

Міністр лічыць, што з-за насаджэння студэнты не стануць лепш ведаць беларускую, бо гэта павінна ісці ад душы чалавека. Міхаіл Анатольевіч прыводзіць прыклад з Украіны:

— Мне распавядалі выкладчыкі з Кіева, што быў час, калі там хадзілі і правяралі, каб усе заняткі ішлі на ўкраінскай. Але яны зразумелі, што гэта не зусім правільна, і цяпер, напрыклад, ва універсітэце Шаўчэнкі большасць прыродазнаўча-навуковых дысцыплін чытаецца па-руску. Да таго ж яны пачалі цяпер ізноў перакладаць свае навуковыя тэхнічныя выдання на рускую, бо так іх прачытае вялікая аўдыторыя.

«Сістэма профільнай адукацыі ў школе пачне ўкараняцца ў 2015-м»

Новы міністр кажа, што актыўна зоймецца укараненнем профільнай адукацыі ў школах. Па гэтым пытанні ён правёў нараду ў першыя дні працы.

— Да 10 класа гэта будзе агульная для ўсіх праграма, а вось апошнія 2 гады будуць толькі профільнымі. Адна з прапаноў у тым, каб дзіця, якое трапіць у такі клас, не толькі здавала экзамены па профільных прадметах, але і мела пэўны бал атэстата. Такім чынам, адныя змогуць працягваць у школе паглыблена вывучаць некаторыя прадметы, а іншыя пойдуць у каледж ці ліцэй атрымліваць прафесію.

Новая сістэма, па словах суразмоўцы, будзе ўкаранёна ўжо сёлета, але гэта зусім не азначае, што ўсе цяперашнія дзевяцікласнікі абавязаны вызначыцца са сваім профілем. Міхаіл Жураўкоў кажа, што ён супраць рэвалюцыйных зменаў.

— Гэтая сістэма будзе ўкаранёная для школьнікаў, якія сёння вучацца ў чацвёртым класе. Дзіця мусіць разумець, што павінна вучыцца пэўным чынам, каб праз пяць гадоў трапіць у профільны клас.

Перагледзяць, па словах Міхаіла Анатольевіча, і колькасць гадзін па профільных прадметах у гэтых класах.

— Але гэта на першы погляд лёгка прыбраць нейкую адну гадзіну і дадаць іншую. Насамрэч, для гэтага трэба перагледзець стаўкі і нават перапісаць школьныя падручнікі, што патрабуе вялікіх сродкаў. Таму новая сістэма будзе ўводзіцца паступова і з як мага меншымі маральнымі стратамі для школьнікаў. Але канцэптуальнае рашэнне па гэтым пытанні ўжо прынятае.

Асабістае жыццё міністра

Адказаў міністр Жураўкоў на пытанні і пра асабістыя жыццё і пра свае густы. Паказаў сваю кватэру.

Міхаіл Анатолевіч жыве ва Уруччы, з 1998 года. Від з акна.

Міхаіл Анатолевіч жыве ва Уруччы, з 1998 года. Від з акна.

Гэта кухня, адрамантаваная гадоў пяць назад. «Стыль кухні мы вызначалі сумесна з жонкай, а гарнітур заказвалі ў нейкай фірме ў Ждановічах», — расказаў прафесар.

Гэта кухня, адрамантаваная гадоў пяць назад. «Стыль кухні мы вызначалі сумесна з жонкай, а гарнітур заказвалі ў нейкай фірме ў Ждановічах», — расказаў прафесар.

Гасцей прымаюць у гасцёўні-сталовай.

Гасцей прымаюць у гасцёўні-сталовай.

Аб сваёй жа прафесіі, прызнаецца Міхаіл Жураўкоў, ён не шкадуе ні кроплі. Як і не шкадуе пра тое, што не скарыстаўся рэальнай магчымасцю з'ехаць у пачатку 90-х займацца навукай у Канаду, а застаўся ў сваім любімым горадзе.

— Мінск — наш родны горад, і нават з дачы мы вяртаемся сюды з вялікім задавальненнем. Тут нам вельмі камфортна, у горадзе вельмі чыста і жывуць выдатныя людзі. У Мінску хочацца гуляць.

Інтэрв'ю цалкам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?