Есьці, піць і нават глядзець сэрыялы Салдаты 13, Салдаты 14 і 15 расхацелася пасьля гучнай заявы аднаго палітыка пра тое, што царква, як мінімум праваслаўная, — галоўны дзяржаўны ідэоляг. Новы фэльетон з блогу Лёліка Ушкіна

Дылема тут наступная: калі існуючая дзяржаўная ідэалёгія запатрабаваная самім небам, ці значыць гэта, што вучань, які падчас лекцыі пра эканомію энэргіі гуляў на мабіле ў тэтрыс, робіць грахоўны ўчынак? Калі так, то значыць — ісьціна пра сакральны характар дэпартмэнту Праляскоўскага мусіла быць неяк дастаўленай на зямлю. Дзе? Як? Каму? А што калі трансакцыя мела месца падчас вядомай сцэны на гары Сінай.

Маісей: Гэта што — керамічная плітка?

Ён: Сам ты плітка. Гэта скрыжалі з прыказаньнямі — не забівай, не піянерь, не пажадай жонкі бліжняга свайго і г.д. Вось трымай. Пералічы і напішы распіску.

Маісей: Блін, цяжкія якія. Можа, хопіць пяці?

Ён: Паразмаўляй тут. А гэта бонус‑скрыжаль «Не прапускай лекцыі палітінфармацыі». Перадай яе беларусам.

Маісей: Нешта не разумею. .

Ён: Што тут не разумець. Зусім за час блуканьняў па пустэльнях мазгі паплылі. Тлумачу на прымітыўных прыкладах зь Бібліі. Ты Біблію ўвогуле чытаеш ці толькі старонкі мусоліш, дзе малюнкі з Эвай у ню?

Маісей: Ну ты даеш! Дзе мне знайсьці час яе чытаць, калі я яе і пішу?

Ён: Лады. Дык вось дапусцім, што дзяржава старажытных юдэяў пабудаваная за прынцыпамі беларускай. Быццам мы жывём на 15‑ым годзе будаваньня сацыяльна‑рынкавага катарсісу. Сытуацыя наступная: Бабілён павысіў цэны на пастаўкі фінікаў, купцы ў храме ня хочуць у статус ПУП пераходзіць, ільготны праезд на аслах для вэтэранаў паходу з эгіпецкага палону адменены. Адно, што душу грэе: каманда Ірада зноў узяла кубак на міжнародным турніры сярод аматарскіх камандаў па выразаньні немаўлят.

Маісей: Жэсьць .

Ён: Табе, можа, і жэсьць, а мне па прыколу. І каб захаваць стабільнасьць, я тут прыдумаў дэпартамэнт дзяржаўнае ідэалёгіі.

Маісей: А ў чым фішка?

Ён: Яго супрацоўнікі ходзяць і распавядаюць усякія неверагодныя прытчы. Напрыклад: і быў у аднаго рыбака сон, быццам ён кіраўнік адной дзяржавы, які турнуў на радзіму пасла ЗША. І пракінуўся рыбак і кінуў піць і ўсхваліў госпада, таму што зразумеў, што юдэйскай АЭС няма альтэрнатывы…

Маісей: А д’ябал можа спакушаць па дадзенай катэгорыі запаведзі?

Ён: Ну натуральна. Уяві сабе: загналі цябе ў храм на казань «Актуальнае геапалітычнае становішча першага царства». Толькі ты пачаў канспэктаваць фарысея, як табе на вуха нейкая салодкая мэлёдыя — «падымі мяне па‑над зямлёю». Гэта тыповая правакацыя сатаны. Або, напрыклад, у цябе ўсяляецца нячысты і ты зьнянацку пытаеш сам сябе: «Адкуль гэта ў жыроўках такая астранамічная лічба?» Тут галоўнае наведваць лекцыі палітінфармацыі. Для гэтага я табе гэтую скрыжаль і прытараніў. Сек?

Маісей: Быццам сек. Ну што? Пачабуршыў я.

Ён: Давай. Усім там прывітаньне…Ну што, Маісей пайшоў. Чым бы заняцца? Можа, замуціць патопчык? А гэта што? Адну скрыжаль не захапіў. Вось дзе халтуршчык! Што тут цікава за запаведзь? (чытае) «Стрыжыце траву».

Амінь

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0