У Байнэце з’явіліся чуткі пра скарачэнні на лідскім прадпрыемстве «Лакафарба». Высветлілася, што адно з падраздзяленняў сапраўды было ліквідавана.

Да таго ж прадпрыемства працуе толькі чатыры дні на тыдзень. Кіраўніцтва тлумачыць гэта наступным чынам.

«Наша прадпрыемства сезоннае, таму пакуль што мы перайшлі на чатырохдзённы графік працы. З сакавіка мы плануем павялічваць адгрузкі, і, можа быць, вернем пяцідзёнку. Гэтае пытанне разглядаецца штотыдзень, — паведаміла намесніца дырэктара па кадрам і ідэалагічнай працы Людміла Бірыч. — Мы экспартаарыентаванае прадпрыемства. Паўплывала сітуацыя на расійскім рынку. Зімой наша прадукцыя не надта запатрабаваная».

Таксама пад скарачэнні трапіла 25 чалавек – супрацоўнікі рамонтна-будаўнічага ўчастку.

«Аб’ёмаў працы для гэтых супрацоўнікаў практычна не было, таму гэтае падраздзяленне было скасавана. Яно няпрофільнае для нас, эканамічна мэтазгодна сёння заказваць такую працу ў прафесіяналаў, чым трымаць сваё падраздзяленне, — тлумачыць Бірыч. — Мы прапанавалі людзям перайсці працаваць у мясцовае будаўніча-мантажнае ўпраўленне, але яны не захацелі, палічылі за лепшае атрымаць кампенсацыі, якія складаюць трохмесячны заробак. Гэта іх справа. Грошы мы выплацілі, праблем няма».

Усяго на «Лакафарбе» працуе 1,5 тысячы чалавек. На колькі паменшыўся заробак у сувязі з чатырохдзёнкай Бірыч казаць адмовілася. Аднак, кажа яна, сітуацыя не такая страшная, як малююць некаторыя сайты.

«Людзі трымаюцца за сваю працу. Такога няма, каб яны беглі з прадпрыемства. Тым больш, мы плацім рэгулярна», — падкрэслівае Людміла Бірыч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?