ehu.lt

ehu.lt

Кіраўнічая рада ЕГУ, якая рэкамендавала прафесара Поліка Усеагульнаму сходу сузаснавальнікаў для прызначэння, наказала яму ўзначаліць універсітэцкую супольнасць і вырашыць наступные задачы: дасягненне адпаведнасці патрабаванням наступнай афіцыйнай акрэдытацыі ўніверсітэта на працягу двух гадоў, развіццё і рэалізацыя новага стратэгічнага плана для універсітэта і збалансаванне бюджэту ўніверсітэта. Гэтыя задачы больш падрабязна выкладзены ў дакуменце Кіраўнічай рады пад назвай «Тры галоўныя выклікі новаму Рэктару ЕГУ».

«Прафесар Полік мае значны вопыт у кіраўніцтве ўніверсітэтамі, як у Злучаных Штатах, так і ў іншых краінах. Ён будзе працаваць у цесным супрацоўніцтве з Кіраўнічай радай і ўсімі зацікаўленымі бакамі для распрацоўкі стратэгіі ЕГУ. Яго шырокі досвед у галіне стратэгічнага планавання і пераходнага кіравання ў розных адукацыйных і культурных кантэкстах, гэтаксама як звязаныя з гэтым навыкі, будуць надзвычай неабходныя для ЕГУ ў бліжэйшыя гады», — адзначае Даніэль Таршыс, старшыня Кіраўнічай рады ЕГУ.

Праф. Полік адзначае, што выклікі, з якімі сутыкнулася супольнасць ЕГУ ў дадзены момант, толькі падкрэсліваюць значнасць місіі Універсітэта як для грамадзян Беларусі, так і для ўсіх свабодных і адкрытых грамадстваў па ўсім свеце.

«Дзякуючы праніклівасці і мужнасці заснавальніка і Прэзідэнта ЕГУ праф. д-ра Анатоля Міхайлава, адданасці выкладчыкаў і студэнтаў Універсітэта, ЕГУ здолеў перажыць ціск і пагрозы, якія суправаджаюць усе вялікія праекты. Для мяне вялікі гонар быць запрошаным кіраваць Універсітэтам у такі крытычны момант яго гісторыі», - падкрэслівае Рэктар праф. Д. Полік.

У працэсе пошуку Рэктара ўдзельнічала 19 кандыдатаў з сямі краінаў. Многія з іх мелі высокую кваліфікацыю. Сямёра былі запрошаныя ў Вільню на суразмоўе з Пошукавым Камітэтам, выкладчыкамі і студэнтамі. Напрыканцы працэсу пошуку Кіроўная рада разглядала тры кандыдытуры: прафесара Дэвіда Поліка, доктара Аляксандра МІлінкевіча і прафесара Таццяны Шчытцовай.

«Пошук Рэктара быў шчыльна звязаны з працэсам карэктыроўкі місіі ўніверсітэта і забяспячэння яго стабільнай фінансавай будучыні. ЕГУ наканавана мець шырокі спектр ідэнтычнасцяў. Як гэта закладзена ў самой назве, ЕГУ заснаваны на еўрапейскіх каштоўнасцях і арыентаваны на гуманітарныя веды. Адначасова ён з’яўляецца літоўскім універсітэтам, які кіруецца нормамі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Гэтаксама ніхто на ставіць пад пытанне яго беларускія карані і пакліканне, бо абсалютная большасць студэнтаў і выкладчыкаў – беларусы. Галоўная яго задача — забеспячэнне якасці адукацыі і навуковых даследаванняў», – падкрэслівае Таршыс.

Прафесар Дэвід Полік выконвае абавязкі рэктара ЕГУ з кастрычніка 2014 г.

Да гэтага ён выконваў абавязкі першага прарэктара і быў кансультантам ва ўніверсітэце. Прафесар Полік быў прэзідэнтам і прафесарам філасофіі ў чатырох амерыканскіх вышэйшых навучальных установах: інстытуце Мастацтваў у Чыкага, каледжы ў Лебанон-Вэлі, Паўднёвым каледжы ў Бірмінгеме і Джяржаўным універсітэце Нью-Ёрка (Кортленд), дзе ён быў таксама провастам і віцэ-прэзідэнтам па акадэмічных пытаннях. Ён быў таксама дэканам Каледжа мастацтваў і навук ва ўніверсітэце Сіэтла ў Вашынгтоне, дырэктарам Міжнароднага каледжа і загадваў кафедрай філасофіі ва ўніверсітэце Сэнт- Джонс.

Прафесар Полік атрымаў ступень бакалаўра ў галіне філасофіі ва Універсітэце Сан-Дыега, ступень магістра філасофіі ва Універсітэце Атавы, Папскі ліцэнзіят у філасофіі (Ph.L.) ва Універсітэта Святога Паўла ў Атаве, ступень доктара філасофіі ва Універсітэце Атавы ў галіне фенаменалогіі герменеўтыкі, эстэтыкі і гісторыі мастацтваў.

Яго бабуля і дзядуля паходзяць з Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0